Памяць у граніце

 

Памяць у граніце

80 годоў вызвалення Беларусі
19.03.2024
127
Кожны пражыты дзень набліжае нас да значнай падзеі ў жыцці нашай краіны – 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Дастойна адзначыць гэтую дату рыхтуюцца і навучальныя ўстановы, у тым ліку Вішнеўская сярэдняя школа. Навучэнцы прымаюць удзел у абласным конкурсе “Памяць у граніце”, мэтай якога з’яўляецца вывучэнне гісторыі збудаванняў па увекавечванню памяці абаронцаў Айчыны і ахвяр Вялікай Айчыннай вайны. Сёння ў нашай краіне ўстаноўлена каля 9 тысяч помнікаў і пахаванняў Вялікай Айчыннай вайны. Яны з'яўляюцца святым месцам ушанавання загінулых, вечным напамінам нашчадкам аб тым, які бясцэнны мір на зямлі...

 Практычна ў кожным населеным пункце Смаргонскага раёна ёсць маўклівыя сведкі вайны –  помнікі, абеліскі, брацкія магілы, мемарыялы… . У вёсцы Бібкі Вішнеўскага сельсавета ўстаноўлены помнік на магіле невядомага лётчыка, стралка-радыста, загінуўшага ў паветраным баі паблізу вёскі Свінка (цяпер вёска Малінавая) ў першыя дні вайны. Жыхарка вёскі Малінавая, удава ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Тумаша І.М., Тумаш Ірэна Іосіфаўна ўспамінала: “Савецкі самалёт, падбіты немцамі, упаў ля самай вёскі. Людзі збегліся да месца трагедыі. Двое лётчыкаў уцалелі. Яны папрасілі вяскоўцаў пахаваць іх таварыша, стралка-радыста. Лётчыкі называлі прозвішча загінуўшага, але я яго, на жаль, забылася. Людзі завярнулі цела загінуўшага ў парашутнае палатно і пахавалі на могілках ля вёскі Бібкі. З металічных рэшткаў самалёта вясковыя ўмельцы налаўчыліся вырабляць грэбні, а з   рэшткаў парашутнага палатна жанчыны шылі кашулі і сукенкі”.

Спачатку на магіле лётчыка стаяў драўляны крыж, затым яго змянілі на помнік з дрэва. У 80-х гадах паставілі абеліск з металу. Помнік некалькі разоў перафарбоўвалі: у сярэбраны, блакітны колеры. Цяпер помнік цёмна-чырвонага колеру. Аб добраўпарадкаванні месца пахавання лётчыка сумесна з работнікамі Вішнеўскага сельскага савета клапоцяцца навучэнцы і педагогі Вішнеўскай сярэдняй школы: прыбіраюць тэрыторыю, ускладаюць вянкі і кветкі да помніка.  Рэгулярна наладжваюцца экскурсіі з мэтай прыцягнення навучэнцаў да пошукава-даследчай дзейнасці, звязанай з вывучэннем ваеннай гісторыі сваёй малой радзімы.

Памяць пра тых, хто аддаў жыццё ў барацьбе з ворагам, вечна жыве ў сэрцах. Эстафета гэтай памяці перадаецца з пакалення ў пакаленне.

1.jpg

На здымку: навучэнцы Вішнеўскай сярэдняй школы, удзельнікі гуртка “Юныя экскурсаводы” ля помніка невядомаму лётчыку.

Нэлі ТУМАШ,

настаўнік гісторыі, кіраўнік гуртка “Юныя экскурсаводы”.

Интересные и актуальные новости Сморгонского района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!

 #Новости_Светлы_Шлях

 


Статьи по теме: