Фотавыстава Сяргея Плыткевіча адкрылася ў Смаргонскім гісторыка-краязнаўчым музеі

 

Фотавыстава Сяргея Плыткевіча адкрылася ў Смаргонскім гісторыка-краязнаўчым музеі

Культура
05.05.2021
2510
Яго называюць мэтрам беларускай фатаграфіі, жывым класікам фотаанімалістыкі і адным з самых аўтарытэтных спецыялістаў у вобласці турызму. З Сяргеем Плыткевічам і яго творчасцю я пазнаёмілася яшчэ ў 2009 годзе, маэстра фатаграфіі быў у нас вядучым на курсах па фотажурналістыцы. Таму я вельмі ўзрадавалася, калі даведалася, што ў Смаргонскім гісторыка-краязнаўчым музеі адкрываецца фотавыстава Сяргея Плыткевіча “Планета Беларусь”.

IMG_8216.JPG

Сяргей Плыткевіч – дырэктар краязнаўчага выдавецтва “Рыфтур” і рэспубліканскага фонду развіцця турызму і падтрымкі дзікай прыроды “Планета без межаў”, аўтар здымкаў да даведнікаў, шматлікіх альбомаў пра Беларусь, паштовак, заснавальнік інфармацыйнага партала planetabelarus.by.

На ўрачыстым адкрыцці выставы ў Смаргоні Сяргей адзначыў: “Я імкнуся паказаць усё самае лепшае, што ёсць у нас. Я хачу, каб пагартаўшы альбом, чалавеку, які не жыве ў Беларусі, захацелася сюды прыехаць, а таму, які жыве, - не хацелася адсюль з’язджаць. Большасць з нас не разумеюць, чым мы валодаем, якія ў нас прыродныя каштоўнасці!

Маё прызванне па жыцці – зрабіць Беларусь блізкай і роднай для беларусаў, адкрыць яе для замежных гасцей”.     

IMG_8237.JPG

IMG_8268.JPG

Сяргей – фанат фатаграфіі. “Гэта захапленне з’явілася, калі я быў сямікласнікам. На трынаццатую зарплату мама купіла мне фотаапарат.  Каштаваў ён даволі дорага, таму, лічу, што мама здзейсніла вялікі ўчынак. Гэта пакупка вырашыла мой лёс”, - зазначыў выступоўца.

І пайшло-паехала... Дакладней, пайшоў і паехаў Сяргей фатаграфаваць тое, што бачыў менавіта ён і не заўважалі іншыя.  

Пасля школы паступіў у лясны тэхнікум. Там сабралася група зацікаўленых людзей, якія разам займаліся фатаграфіяй. Найбольш здымалі ў лесе, спрабавалі заняцца фотапаляваннем. Скончыўшы тэхнікум з чырвоным дыпломам, выбіраў паміж факультэтам журналістыкі БДУ і тэхналагічным універсітэтам. Спыніўся на першым варыянце. Пасля заканчэння пэўны час працаваў у палітычнай журналістыцы. Але з гадамі зразумеў, што яго больш прыцягвае… прырода.

З любімых месцаў для здымак ён называе сваю малую радзіму – Петрыкаўшчыну і, увогуле, Палессе, а таксама Рэспубліканскі ландшафтны заказнік “Чырвоны бор”. І яшчэ многія іншыя месцы, дзе ступала нага фотамастака Плыткевіча ці лётаў яго квадракоптар. Дарэчы, фотамастак прыпомніў, што першыя панарамныя фотаздымкі ён рабіў менавіта з самалёта.

IMG_8264.JPG

IMG_8267.JPG

IMG_8270.JPG

У фотамайстра –  сваё бачанне Беларусі. Вось як ён разважае пра Палессе: “Два з паловай тысячагоддзі таму старажытнагрэцкі гісторык Герадот засведчыў: у даліне ракі Прыпяць на тэрыторыі Палесся было велізарнае мора. Тэктанічныя зрухі прыпаднялі сушу.  Зараз пра летапіснае Герадотава мора нагадваюць тысячы палескіх азёр, балот, рэк і рачулак. А яшчэ нярэдкія ў палескіх краях паводкі. Нібы жывая птушка фенікс, яно вяртаецца ў сваім першародным выглядзе... На фотаздымках, якія зроблены з дэльтаплана, добра відаць, што спрытная Прыпяць захавала дагістарычны круты нораў да нашых дзён. Яе разлівы трымаюцца часам да сярэдзіны лета, людзі вымушаны перасоўвацца ад хаты да хаты на лодках. Чым не Венецыя?”

Межы легендарнага мора Герадота былі нашмат шырэйшыя за тэрыторыю Прыпяцкага Палесся. “Аскепкі” гэтага вялізнага воднага люстэрка - і знакамітыя Альманскія балоты, і багна Бярэзінскага запаведніка, і жамчужыны прыроды Віцебшчыны-заказніка “Ельня”.

На работах, прадстаўленых на выставе, можна ўбачыць прыгажосць “мора Герадота”. А яшчэ многа іншых вядомых месцаў Беларусі. Хочаце пабачыць нашу Смаргонь з вышыні птушынага палёту? Ці вядомыя гістарычныя аб’екты, але ў нязвыклым выглядзе? Ці зуброў, якія бягуць? Ці мядзведзяў-свавольнікаў?  Тады ідзіце ў музей. Пажадана ўсёй сям’ёй. “Каб любіць Беларусь нашу мілую, трэба ў розных краях пабываць” і абавязкова – на выставе Сяргея Плыткевіча. У Смаргоні яна будзе працаваць да 1 чэрвеня.

IMG_8271.JPG

IMG_8263.JPG

IMG_8244.JPG

IMG_8245.JPG

Сваё захапленне работамі сталічнага госця не хавала начальнік аддзела культуры райвыканкама Таццяна Ражэва, прызналася, што яна – даўні прыхільнік фотамастака. А ў якасці падарунка паднесла кнігу-фотаальбом Уладзіміра Ліхадзеева “Смаргонь і ваколіцы. Падарожжа ў часе”. У кнізе сабраны фотаздымкі старой Смаргоні – гістарычнае багацце. Без сумненняў, фотаздымкі Плыткевіча з гадамі будуць набываць яшчэ большую каштоўнасць.

IMG_8239.JPG

IMG_8272.JPG

На працягу не аднаго дзясятка гадоў Сяргей Міхайлавіч адкрывае і вывучае пераважна адну планету, імя якой Беларусь. І шчодра дзеліцца сваімі адкрыццямі. На здымках - імгненні жыцця гэтай планеты.  У розныя поры года, у розны час сутак, з розных ракурсаў. Робіць гэта дзеля таго, каб мы навучыліся паважаць сваю гісторыю, сваіх продкаў, каб нам было што расказаць нашчадкам пра зямлю пад белымі крыламі.

Галіна АНТОНАВА.

Фота аўтара.

Статьи по теме: