Разнастайны “Свет графікі”

 

Разнастайны “Свет графікі”

Культура
18.11.2020
1049

У Смаргонскім гісторыка-краязнаўчым музеі адкрылася выстава “Свет графікі”. На ёй прадстаўлены графічныя работы, якія захоўваліся ў фондах музея.

IMG_9184.JPG

Сярод аўтараў работ - Павел Сергіенка, які ў ліпені 1944 года ўдзельнічаў у вызваленні Смаргоні. Яго малюнкі былі створаны ў 1944 - 1945 гадах. На іх адлюстраваны ваенны побыт і баявыя дзеянні.

IMG_9186.JPG

IMG_9187.JPG

IMG_9189.JPG

IMG_9190.JPG

Лілія Трохалева прыехала ў Смаргонь у 1953 годзе. Актыўна маляваць пачала напачатку 60-х гадоў мінулага стагоддзя. Яе работы (у асноўным гэта пейзажы) ацанілі і палюбілі не толькі мясцовыя жыхары. Яна стала, бадай, самай вядомай самабытнай мастачкай БССР. На выставе прадстаўлены 14 замалёвак алоўкам (цяжка назваць іх эскізамі, бо яны выкананы на высокім мастацкім узроўні). Свае карціны Лілія Уладзіміраўна малявала з натуры, робячы папярэднія замалёўкі алоўкам на паперы, таму яе работы заўсёды атрымліваліся вельмі пераканаўчымі і па-майстэрску закампанаванымі.

IMG_9178.JPG

Юрый Церабун нарадзіўся на Беласточчыне, яго дзяцінства прайшло ў Смаргоні. Вядомы беларускі цымбаліст захапляўся маляваннем, ствараў у тым ліку і графічныя работы.

Сяргей Варонін праходзіў тэрміновую службу ў Смаргоні, у ракетна-зенітным войску у 1985 - 1987 гадах. Графічныя работы, прадстаўленыя на выставе, стварыў у гэты перыяд. На экспазіцыі – пейзажы Смаргоншчыны, касцёлы ў Смаргоні і Нястанішках.

Алесь Лось – вядомы беларускі мастак, этнограф, музыка, рэстаўратар, майстар музычных інструментаў. Скончыў мастацкі каледж імя Глебава і акадэмію мастацтваў (аддзяленне графікі). Пасля акадэміі разам з жонкай жыў у Зарудзічах. На выставе экспануюцца гравюры Алеся Лася і яго жонкі Яўгеніі Ліс, якія яны стварылі, калі жылі на Смаргоншчыне: мядзведжая акадэмія, персанажы народнага тэатра лялек “Батлейка”, нашы землякі Францішак Багушэвіч і  Алесь Салагуб.

IMG_9182.JPG

IMG_9183.JPG

Усе работы на выставе надзвычай цікавыя і выклікаюць захапленне. Які багаты “Свет графікі”!

Галіна АНТОНАВА.

Фота аўтара.

Статьи по теме: