Глыток з крыніц народных, жыватворных

 

Глыток з крыніц народных, жыватворных

Культура
02.04.2020
2348
Унікальнае месца з асаблівай атмасферай. Пераступаеш парог раённага Дома рамёстваў, што ў Залессі, – і адразу трапляеш у свет, дзе ціха і спакойна. І гэта нядзіўна: музы не церпяць мітусні, прыгажосць не ствараецца з наскоку. Спачатку яна перажываецца ў душы, а пасля нараджаецца ў руках.

IMG_0230.JPG

Дарэчы, памяшканне Дома рамёстваў было пабудавана напачатку ХХ стагоддзя.  Да вайны ў ім жыў фармацэўт і аптэкар па прозвішчы Блусь. У савецкі час тут размяшчаўся дзіцячы садок, пасля бібліятэка. На працягу апошніх 15 гадоў – Дом рамёстваў. 

IMG_0241.JPG

Знешні выгляд памяшкання адразу прыцягвае ўвагу тых, хто ўпершыню ў Залессі. А калі трапляеш унутр – здаецца, час спыняецца…

IMG_0109.JPG

IMG_0117.JPG

Назад у мінулае

Загадчыца Дома рамёстваў Таццяна Зеновіч праводзіць невялікую экскурсію. На этнаграфічнай экспазіцыі “Адкуль нашы карані” - унікальныя старадаўнія рэчы, сабраныя не толькі па Смаргоншчыне, але і ў іншых кутках Беларусі. Вышываныя набожнікі, тканыя дываны, вышываныя ручнікі і абрусы, адзенне, ходнікі, разнастайныя прылады працы, якімі карысталіся нашы продкі… 

IMG_0122.JPG

IMG_0125.JPG

Побач – ткацкі станок, праўда, выглядае па-сучаснаму – не “ад бабуль”, стылізаваны, на якім майстрыхі Дома рамёстваў ткуць паясы і ручнікі. “Наш хлопец” – не, нават не з гумарам, а неяк ганарова называюць станок між сабой майстрыхі.

IMG_0163.JPG

Таццяна Зеновіч вядзе гурток “Вытокі” (па ткацтве паясоў), Ніна Кенько – гурток “Кросенцы”, які наведваюць нават хлопчыкі. Спачатку, пакуль не было кроснаў, тут ткалі паясы на рамках. У марах загадчыцы Дома рамёстваў – прыдбаць настольныя станочкі, мабільныя. Таццяна Вікенцьеўна кіруе таксама аматарскім аб’яднаннем “Спадчына”, ладзіць сустрэчы з творчымі людзьмі Смаргоншчыны, якія праводзяць майстар-класы па розных відах народнай творчасці.

Нашы рукі не для суму

Майстрыха Ніна Кенько – асвоіла не толькі бранае ткацтва. 

IMG_0192.JPG

За восем гадоў работы ў Доме рамёстваў чаго толькі не “натварыла”. Яна вяжа кручком вельмі цікавыя рэчы, напрыклад, дамскія штучкі: парасоны ад сонца, вееры, капялюшыкі. Аздабляе карункамі ручнікі і абрусы. Стварае розныя дзіцячыя цацкі. Я вельмі здзівілася, калі сярод іх багатай разнастайнасці знайшла бразготкі для малых. Вялікім попытам у турыстаў карыстаецца яе аўтарская работа “Смаргонскі мядзведзь” (з баранкамі на шыі, з бубнам ці дудачкай у руках). 

IMG_0218.JPG

Цяпер на абласны конкурс “Гарадзенскі сувенір” майстрыха рыхтуе свайго самага лепшага “Мішку”. Работы Ніны Кенько карыстаюцца попытам не толькі ў беларускіх модніц. Расія, Германія, ЗША, Ізраіль – і гэта далёка не ўвесь пералік краін, куды паехалі яе рукатворныя шэдэўры.

За плячыма ў Марыі Зенкевіч (майстра па вязанні) трыццаць гадоў работы з дзецьмі, была выхавацелем і настаўніцай. “Вязаць люблю неймаверна. “Абвязваю” ўсю сям’ю. На ніткі грошы ніколі не шкадую. Усё жыццё гэты занятак быў хобі, а цяпер ператварыўся ў работу. Раней на творчасць часу не хапала, а цяпер – атрымліваю задавальненне”, - усміхаецца Марыя Віктараўна. На гурток па вязанні да майстрыхі з задавальненнем ходзяць вучні Залесскай школы, пачынаючы ад другога класа.

Марыя Віктараўна займаецца і ярнбомбінгам (вязанае графіці – малады накірунак у вулічным мастацтве). Вакол дома рамёстваў аздобіла агароджу і дрэва, на чарзе – калодзеж.

IMG_0233.JPG

А яшчэ Марыя Зенкевіч… не, не гуляе ў лялькі, а стварае іх. Лялькі-мотанкі, з рознымі травянымі напаўняльнікамі, лялькі на заварнік, тэкстыльныя лялькі… “Дамавікі Кузькі, зробленыя на аснове мешкавіны і аздоблены саломкай, таксама прыцягваюць увагу пакупнікоў. “Калі рабіла, думала, людзі не надта браць будуць. Памылялася. Куплялі актыўна. Цяпер у мяне цэлая армія “дамавічкоў”, - зазначае “галоўнакамандуючая”. 

Візітоўка нашага краю

IMG_0105.JPG

IMG_0001.JPG

IMG_0014.JPG

Метадыст Дома рамёстваў Наталля Логач саломапляценню прысвяціла ледзь не палову свайго жыцця. Гэта адзін з самых старажытных відаў народнага мастацтва. З саломкі выраблялі рэчы, якія выкарыстоўваліся як у гаспадарчых мэтах, так і ў абрадава-рытуальных. З цягам часу на першы план выйшла дэкаратыўнае прызначэнне саломкі: у якасці аздаблення інтэр’ера ці як найлепшага сувеніра з беларускай зямлі.

IMG_0089.JPG

IMG_0051.JPG

IMG_0113.JPG

Сучасныя майстры па саломапляценні ствараюць высокамастацкія творы, дзякуючы якім “беларуская саломка” стала сапраўднай візітоўкай нашага краю. Наталля Віктараўна дэманструе свае работы: шкатулкі, лялькі, вяночак – а я не стрымліваю захаплення ад фантазіі і майстэрства жанчыны. Яе работы былі не раз адзначаны на конкурсах “Беларуская лялька”, “Беларускі сувенір” і іншых. На заняткі да Наталлі Логач прыязджаюць нават людзі з райцэнтра. Нікому не адмаўляе, усіх запрашае.

Не хацелася з’язджаць з Залесся. Хацелася затрымацца ў часе. Каб яшчэ больш падсілкавацца “народнай энергетыкай”, адчуць прыліў сіл і бадзёрасці. А хто яшчэ не быў у раённым Доме рамёстваў, раю туды з’ездзіць, пазнаёміцца з людзьмі, якія  беражліва захоўваюць народныя традыцыі і перадаюць іх наступным пакаленням.

Галіна АНТОНАВА.

Фота аўтара.

Статьи по теме: