Французскі падарунак для любімай настаўніцы

 

Французскі падарунак для любімай настаўніцы

Культура
07.02.2020
1610
Вера Іванаўна прывычна прысела да фартэпіяна, пальцы амаль што дакрануліся да халодных клавішаў, і тут жанчына ўспомніла, што на гэты раз яна забылася паставіць зверху на музычны інструмент свайго любімага дамавічка. Ён - талісман і адначасова натхняльнік. Іграючы, Вера Іванаўна неўпрыкмет кідае на яго позірк і ад рэалій цяперашняга часу пераносіцца ў чароўны свет музычнага мастацтва.

З музыкай Вера Шоць звязана з дзяцінства. Яе мама і родная цётка Вера любілі музыку. Спачатку розныя мелодыі выконвалі на раялі, потым яго замяніла фартэпіяна. Чатыры цётчыны дачкі разам з Верай таксама не адыходзілі ад гэтага музычнага інструмента. Ужо тады дзяўчынка ведала, што будзе вучыцца ў музычнай школе, якая на той час была ў Смаргоні.

Вера і тры стрыечныя сястры, бо чацвёртая захацела навучыцца іграць на скрыпцы, бралі ўрокі музыкі ў выкладчыка па класе фартэпіяна Нэлі Грэбеш. Вопытны педагог з задавальненнем дзялілася сваімі ведамі з дзецьмі, якія з вялікім жаданнем хацелі навучыцца таму, чаго пакуль не ўмелі рабіць. Невыпадкова, што ў далейшым Вера і яе сёстры звя- залі сваё жыццё з музыкай.

Пасля заканчэння музычнага вучылішча ў Маладзечне Вера Шоць 40 гадоў адпрацавала ў Смаргонскай музычнай школе, якая цяпер называецца дзіцячай школай мастацтваў імя М. К. Агінскага. Там працуюць выкладчыкамі музыкі былыя яе вучні. “Яны вопытныя педагогі, іх імёны на слыху, - адзначыла жанчына, - таму я ганаруся маімі вучаніцамі”.

Іншыя вучні Веры Іванаўны працуюць выкладчыкамі музыкі ў агульнаадукацыйных школах і дзіцячых садках. Любімая вучаніца Марына Тумкевіч – канцэртмайстар, жыве ў Мінску.

Некаторыя – у іншых гарадах, нават за мяжою. Выдатны кампазітар Георгій Сасноўскі таксама з’яўляецца выхаванцам Веры Шоць. І хаця працяглы час знаходзіцца ў Францыі, але не забывае былога выкладчыка музыкі. Нядаўна прыслаў ёй пісьмо і ноты свайго музычнага твора.

Падарунак з далёкай Францыі быў і на юбілей Веры Іванаўны. Тады музычны твор Георгія Сасноўскага выканаў аркестр скрыпачоў пад кіраўніцтвам Святланы Коваль, які створаны ў дзіцячай школе мастацтваў імя М. К. Агінскага.

IMG_6091.JPG

Цяпер Вера Шоць працуе ў Сольскай дзіцячай музычнай школе. Тут у Веры Іванаўны таксама ёсць здольная вучаніца. Яна ўдзельнічае ў розных музычных конкурсах. Сёлета будзе зроблена спроба выхаду на міжнародны ўзровень.

“Цяпер у мяне бурлівае жыццё, - прызналася Вера Шоць. - Такога не было раней, нават у маладосці. У Сольскай музычнай школе створаны камерны ансамбль “Унісон”, удзельнікі якога граюць на флейце, фартэпіяна, скрыпцы. Часта мы выступаем з канцэртамі ў музеі-сядзібе М. К. Агінскага ў Залессі. Там такі раяль, што калі дакранешся да яго клавішаў, то немагчыма адарвацца. Вельмі шыкоўны музычны інструмент”.

Калі надарыцца вольная хвіліна, Вера Іванаўна наведвае “Цёплы дом”, дзе праводзяцца разнастайныя мерапрыемствы для людзей шаноўнага ўзросту. А яшчэ ў яе ёсць хобі. Ужо гадоў 15 жанчына вырабляе з мешкавіны, саломкі, іншых матэрыялаў сімпатычных дамавічкоў. “Яны ў мяне розныя. Усё залежыць ад фантазіі. Пастаянна нешта прыдумляю. Ёсць вялікія і маленькія дамавічкі. Вырабляла нават Дзедаў Марозаў”, - удакладняе Вера Іванаўна.

Дзеці Веры Шоць таксама далучаны да музыкі. Дачка, як і маці, скончыла музычную школу па класе фартэпіяна, а сын асвоіў ігру на трубе. Але яны працуюць па іншых прафесіях. Адвучылася ў музычнай школе і ўнучка, аднак не звязала сваё далейшае жыццё з музыкай. “У мяне ёсць яшчэ дзве праўнучкі, - сказала Вера Іванаўна. - І я была б вельмі рада, каб яны пайшлі па маёй дарозе, сталі прафесійнымі музыкантамі”.

Юрый ЯНУШКЕВІЧ.

Фота аўтара.

Статьи по теме: