Дзе шукаць загадкавую пані Незнаёмку? У суботу, апоўдні, адказ быў відавочны: яна паўсюль. У задуменным поглядзе партрэта, у бардаўскай песні і ў цені тэатральнага персанажа. Адшукаць яе спрабаваў кожны госць маштабнага арт-фестывалю, які на дзень ператварыў памяшканне езуіцкага калегіума ХVIII стагоддзя і тэрыторыю вакол яго ў эпіцэнтр беларускай культуры, містыкі і рамесніцкай магіі. Галоўным ключом да разгадкі стала выстава, якая аб'яднала больш за 200 работ сучасных беларускіх мастакоў.
13.09.2025








Выставу арганізавалі па прапанове грамадскага аб’яднання культуры і мастацтва "Вечеря".
Гэта быў не проста вернісаж, а сапраўдны дыялог гледача з мастацтвам. На палотнах ажылі пейзажы, знаёмыя да болю, і фантасмагарычныя вобразы, народжаныя ў майстэрнях творцаў. «Пані Незнаёмка» ў кожнага была свая: для кагосьці - гэта вобраз з карціны, для кагосьці – сімвал усёй беларускай культуры, загадкавай і шматаблічнай. Тут не было пасіўных назіральнікаў. Мастакі, чые работы ўпрыгожвалі сцены, выйшлі са сваіх майстэрняў і сталі праваднікамі для гасцей у свет мастацтва.



Сапраўдным магнітам для дзяцей і дарослых стала сталічная батлейка «Дом з марамі». Загадкавы і такі родны свет беларускіх казак закруціў гледачоў у віры лялечнага паказу. Рыпанне дрэва, голас лялькавода і нават фокусы ад артыстаў прымусілі паверыць у цуд.



Прывабіла ўвагу гледачоў і дэфіле мадэляў адзення, у аздабленні якіх былі выкарыстаны прынты ад беларускіх мастакоў.






Мясцовы краязнаўца і бард Алег Мізула цікава распавядаў пра багатую гісторыю Жодзішак і спяваў песні.

Заключным акордам імпрэзы стала выступленне артыстаў Мінскага абласнога драматычнага тэатра. Артысты прадставілі спектакль "Сем трафеяў радавога Шапкіна". Жывое слова, непадкупныя эмоцыі – гэта быў яшчэ адзін, сцэнічны, адказ на пытанне «Хто вы?».


Ніводны сапраўдны фестываль не абыходзіцца без магчымасці панесці з сабой часцінку яго атмасферы. Кірмаш рамёстваў вабіў водарам свежага лёну, цяплом воўны і бляскам ручной працы. Майстры прапаноўвалі гасцям унікальныя сувеніры.
Фестываль «Хто вы, пані Незнаёмка?» даказаў, што культура – гэта жывы арганізм, у якім пераплятаюцца мінулае і сучаснасць, высокае мастацтва і народнае рамяство, тэатр і жывапіс. Ён даў кожнаму госцю магчымасць знайсці сваю ўласную Незнаёмку. Тую, што хаваецца ў мелодыях бардаўскай песні, у складках сцэнічнай заслоны ці ў вачах чалавека на партрэце. І гэты пошук, без сумневу, будзе працягвацца.
Галіна АНТОНАВА
Фота аўтара
Поделиться:
Статьи по теме:
Оставить комментарий
Войти через соцсети