Пераступаеш парог выставачнай залы гісторыка-краязнаўчага музея – і адразу трапляеш у свет прыроды, які ўбачыла мудрымі і ўлюбёнымі вачыма самабытная смаргонская мастачка Лілія ТРОХАЛЕВА. Тут няма пафасу – толькі шчырая, глыбокая любоў да сваёй малой радзімы, яе сціплых, але бясконца дарагіх сэрцу краявідаў.
«Краю роднага прыгажосць». У гісторыка-краязнаўчым музеі адкрылася выстава работ Ліліі Трохалевай
Фарбы Трохалевай – сакавітыя і жыццярадасныя, але без пафасу. Яе зеляніна травы дыхае вільгаццю, сінь неба – бяздонная, а золата восені сагравае душу. Углядаешся ў работы – і, здаецца, сама Лілія Уладзіміраўна стаіць ззаду і шэпча: «Глядзі, які цудоўны наш край!».
Выстава «Краю роднага прыгажосць» прымеркавана да 100-годдзя з дня нараджэння мастачкі, адкрылася ў музеі 15 жніўня. Менавіта ў гэты дзень 1925 года нарадзілася мастачка. Бацькі маленькай Ліліі былі настаўнікамі, жылі ў Дзяржынскім раёне. Мастацкі талент у дзяўчынкі праявіўся рана: маляваць яна пачала ў чатырохгадовым узросце. У 1941 годзе закончыла 7 класаў, планавала далей паступаць у мастацкую вучэльню. Ажыццявіць мару – стаць прафесійнай мастачкай – не дазволіла вайна.
Працоўную дзейнасць пачынала школьнай піянерважатай, потым была загадчыцай бібліятэкай і сакратаром камсамольскай арганізацыі. З 1948 года да пачатку 1950-х гадоў жыла на Сахаліне. У 1953 годзе пераехала з сям’ёй у Смаргонь. Працавала сакратар-машыністкай у першай гарадской школе, кіравала школьным драматычным гуртком, выхоўвала траіх дзяцей.
Калі дзеці падраслі, у мамы з’явілася больш вольнага часу, які яна пачала прысвячаць любімай справе – маляванню. У сярэдзіне 1960-х жывапісныя палотны мастачкі актыўна экспанаваліся не толькі на тэрыторыі тагачаснай БССР, але і далёка за яе межамі, у тым ліку ў Чэхаславакіі, Польшчы, ГДР, ФРГ, Вялікабрытаніі. За сваю творчую дзейнасць Лілія Уладзіміраўна атрымала шматлікія узнагароды, сярод якіх дыплом лаўрэата І ступені Усесаюзнай выставы «Самадзейныя мастакі – Радзіме», ганаровая грамата Беларускага Рэспубліканскага савета прафсаюзаў за вялікія творчыя дасягненні. У 1985 годзе яе імя было занесена ў раённую Кнігу Працоўнай Славы. У 1993 годзе Ліліі Трохалевай прысвоена званне «Ганаровы грамадзянін Смаргонскага раёна» – за вялікі ўклад у развіццё і адраджэнне нацыянальнай культуры.
«Мастачка ведала сакрэты і атрымлівала асаблівую асалоду ад працэсу стварэння пейзажных карцін, якія адлюстроўваюць прыгажосць і гармонію прыроды. Сярод работ ёсць і глыбока-філасофскія, якія не пакідаюць абыякавымі людзей, прымушаюць задумацца над сваім жыццём, пераасэнсаваць яго, магчыма, нешта змяніць. Пісала мастачка і партрэты, прысвечаныя людзям высакароднай прафесіі – настаўнікам. Хвалявала Лілію Трохалеву і гістарычная тэма, у работах адлюстраваны ваеннае ліхалецце Смаргоншчыны, а таксама помнікі архітэктуры Гродзеншчыны», – адзначыла вядучая імпрэзы Вольга Самаркіна і прапанавала выступіць тым, хто асабіста ведаў мастачку.
Пра Лілію Трохалеву гаварылі былая настаўніца СШ №1 Валянціна Богуш, настаўніца СШ №3 Ларыса Багдасар’ян, метадыст цэнтральнай раённай бібліятэкі Анжаліка Шчасная і былая загадчыца цэнтральнай раённай аптэкі Вера Чапёлкіна. Яны ўспаміналі Лілію Уладзіміраўну як чалавека вельмі сціплага, працавітага і апантанага. Падчас імпрэзы вядучая звязалася па тэлефоне з дачкой мастачкі, якая жыве ў Ветрына Полацкага раёна, жанчына таксама вельмі цёпла выказалася пра маці.
У 2021 годзе пабачыла свет кніга-альбом «Лілія Трохалева», складальнікамі якой сталі заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі, скульптар Уладзімір Церабун, мастак Смаргонскага гісторыка-краязнаўчага музея Дзмітрый Ярмак, сябра Саюза пісьменнікаў Беларусі і карэспандэнт газеты «Светлы шлях» Галіна Антонава. Пад адну вокладку яны сабралі рэпрадукцыі работ мастачкі, кніга была дапоўнена нарысам пра жыццёвы і творчы шлях творцы. Галіна Францішкаўна нагадала прысутным, як з’явілася ідэя стварыць выданне і што найбольш уразіла падчас яго падрыхтоўкі.
Напрыканцы імпрэзы дырэктар музея Дзіна Валодзька пазнаёміла з цікавымі экспанатамі выставы. Сярод іх – 14 пейзажаў, 11 эскізаў, партрэт і эцюд, малюнкі. Дапаўняюць выставу фотаздымкі і ўзнагароды мастачкі, а таксама свежы падарунак музею, які перадала дачка Валянціна – два альбомы з эцюдамі.
Выстава «Краю роднага прыгажосць» – не проста рэтраспектыва да юбілею. Гэта цёплая сустрэча з мастачкай, чыё сэрца назаўжды засталося ў палях, лясах і пералесках. Гэта напамін пра тое, што сапраўдная прыгажосць – побач, у сціплым зачараванні роднай зямлі, якую ўбачыла творца. «Мастацтва, якое лечыць душу», – так лаканічна ахарактарызавалі творчасць Ліліі Уладзіміраўны тыя, хто прысутнічаў на выставе.
Працаваць выстава будзе да 14 верасня.
Аляксандра ЦЫБОЎСКАЯ
Фота аўтара