Сёлета яго двухсотыя ўгодкі святкуе ўвесь музычны свет – і прафесіяналы, і аматары добрай музыкі. 1 лістапада ў сядзібе Міхала Клеафаса Агінскага прайшло ўрачыстае адкрыццё выставы “Станіслаў Манюшка. Падарожжа ў XIX стагоддзе”.
У Залессе выстава перакачавала з Дзяржаўнага музея гісторыі тэатральнай і музычнай культуры Рэспублікі Беларусь – філіяла Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь.
Яе прэзентавала загадчык музея Зінаіда Кучар. На экспазіцыі прадстаўлены партрэты Станіслава Манюшкі, копіі малюнкаў, якія стварыў бацька кампазітара Чэслаў Манюшка, а таксама партрэты родных, афішы і фотаздымкі з пастановак па творах кампазітара на сцэнах сучасных тэатраў. Арганічна дапоўнілі выставу творы сучасных беларускіх мастакоў. Экспанаты былі створаны спецыяльна да юбілею кампазітара.
Зінаіда Кучар уручыла дырэктару музея-сядзібы Міхала Клеафаса Агінскага Людміле Градзіцкай кнігу “М.К. Агінскі. Шэсць паланэзаў у транскрыпцыі для фартэпіяна Станіслава Манюшкі”.
Прыгожым музычным афармленнем прэзентацыі стала выступленне выкладчыкаў Залескай школы мастацтваў Веранікі Дранковіч і Веры Міхайлавай.
Загадчык Дзяржаўнага музея гісторыі тэатральнай і музычнай культуры Рэспублікі Беларусь Зінаіда КУЧАР
Партрэт Станіслава МАНЮШКІ
Выстава будзе працаваць да 30 лістапада.
Галіна АНТОНАВА.
Фота аўтара.