Тавараабарот вымушае задумацца

Экономика
22.05.2015 08:43
1357
На мінулым тыдні ў Смаргоні прайшла абласная выязная калегія па гандлі. У ёй прынялі ўдзел намеснік старшыні аблвыканкама Алена Агей, старшыня райвыканкама Генадзь Харужык, кіраўнікі абласных і раённых службаў, якія адказваюць за гандлёвую сферу.

Намеснік старшыні аблвыканкама Алена АГЕЙ размаўляе з дырэктарам філіяла аблспажыўтаварыства Юрыем ДРАМЛЮКОМ.

Спачатку прадстаўнічая дэлегацыя наведала “Cinema...
На мінулым тыдні ў Смаргоні прайшла абласная выязная калегія па гандлі. У ёй прынялі ўдзел намеснік старшыні аблвыканкама Алена Агей, старшыня райвыканкама Генадзь Харужык, кіраўнікі абласных і раённых службаў, якія адказваюць за гандлёвую сферу.

Намеснік старшыні аблвыканкама Алена АГЕЙ размаўляе з дырэктарам філіяла аблспажыўтаварыства Юрыем ДРАМЛЮКОМ. Намеснік старшыні аблвыканкама Алена АГЕЙ размаўляе з дырэктарам філіяла аблспажыўтаварыства Юрыем ДРАМЛЮКОМ.


Спачатку прадстаўнічая дэлегацыя наведала “Cinema club” – былы кінатэатр “Космас”. Кіраўнік прыватнага гандлёвага прадпрыемства “Шах” Уладзімір Бацько расказаў аб тым, што летась будынак, які пуставаў два з паловай гады, быў узяты ў арэнду. На яго капітальны рамонт пайшло нямала фінансавых сродкаў, але затое непазнавальна змяніўся інтэр’ер. Цяпер тут у выхадныя дні адпачывае моладзь, працуе бар. Найбольш наведвальнікаў у суботу. Практыкуецца таксама правядзенне школьных вечароў.
Госці даведаліся, што гэтаму прыватнаму гандлёваму прадпрыемству належаць кафэ “Страўня”, дзе ёсць верхняя зала – піцэрыя, рэстаран “Вілія”. Змяніўшы ўласніка, ён таксама, як і былы кінатэатр “Космас”, быў абноўлены ўнутры і знешне. Для арганізацыі летняга гандлю каля “Страўні” плануецца ў кароткія тэрміны ўстанавіць з металічных канструкцый павільён.
У нядаўна адчыненым дыскаўнтары мясцовага філіяла аблспажыўтаварыства, які месціцца ў двары ГУМа, прадстаўнікі гандлёвай сферы з цікавасцю разглядалі інтэр’ер, сучаснае тэхналагічнае абсталяванне, выкладку ў вітрыне харчовых прадуктаў, іх разнастайнасць.
Алена Агей пацікавілася ў кіраўніцтва спажывецкай кааперацыі, чаму ў дыскаўнтары ёсць брэсцкі “Савушкін прадукт”, але няма прадукцыі “Малочнага свету” з Гродна, звярнула ўвагу на запакаваныя ў цэлафан сала і каўбасу, а ў хлебным аддзеле папрасіла адрэзаць ёй паўбуханкі хлеба і ўважліва сачыла за дзеяннямі прадаўца.

Дырэктар прыватнага гандлёвага прадпрыемства “Шах” Уладзімір БАЦЬКО (справа) расказвае аб сваёй фірме. Дырэктар прыватнага гандлёвага прадпрыемства “Шах” Уладзімір БАЦЬКО (справа) расказвае аб сваёй фірме.


Начальнік аддзела прамысловасці смаргонскага філіяла аблспажыўтаварыства Антаніна СТРАХ частуе калег блінамі. Начальнік аддзела прамысловасці смаргонскага філіяла аблспажыўтаварыства Антаніна СТРАХ частуе калег блінамі.


Аб рабоце камбіната кааператыўнай прамысловасці філіяла аблспажыўтаварыства расказала начальнік аддзела прамысловасці Антаніна Страх. Яна адзначыла, што акрамя мясной прадукцыі тут выпускаюць чыпсы, блінную муку. Яе пастаўляюць гандлёвым прадпрыемствам спажыўкааперацыі Гродзенскай вобласці, а таксама на Магілёўшчыну і Віцебшчыну. Ёсць швейная вытворчасць, дзе шыюць рабочае спецадзенне і пасцельныя камплекты. Узніклі пытанні па рэкламаванні прадукцыі. Не толькі філіяла аблспажыўтаварыства, але і ашмянскага мясакамбіната, прадстаўнік якога таксама праінфармаваў прысутных аб тым, што выпускае гэта прадпрыемства.
У Заходнім пасёлку ўдзельнікі гандлёвай калегіі наведалі вялізны магазін філіяла аблспажыўтаварыства, які знаходзіцца насупраць “Маяка”. Старшыня праўлення абласной спажывецкай кааперацыі Генадзь Несцер паведаміў, што работы на гэтым аб’екце блізяцца да завяршэння. Будаўніча-мантажныя амаль што скончаны, выконваецца мантаж гандлёва-тэхналагічнага і халадзільнага абсталявання. Праз два тыдні паступіць тэхналагічнае абсталяванне для цэхаў – мяснога, гародніннага, кандытарскага, рыбнага.

Удзельнікі абласной гандлёвай калегіі дзеляцца ўражаннямі пасля наведвання “Мясной лаўкі”. Удзельнікі абласной гандлёвай калегіі дзеляцца ўражаннямі пасля наведвання “Мясной лаўкі”.


Праектны кошт гэтага гандлёвага аб’екта – 30 мільярдаў рублёў. Яшчэ на 3 мільярды рублёў будзе закуплена тэхналагічнае абсталяванне. Магазін плануецца адкрыць напрыканцы чэрвеня гэтага года. Тое, што прадукцыя цэхаў будзе карыстацца попытам у пакупнікоў, старшыня праўлення аблспажыўтаварыства Генадзь Несцер не сумняваецца. Такі ж магазін спажыўкааперацыі працуе ўжо ў Лідзе ў прыкладна такім жа па памерах мікрараёне. Там рэалізоўваецца 50 працэнтаў харчовай прадукцыі цэхаў ад агульнага тавараабароту магазіна.
Пасля наведвання яшчэ двух гандлёвых аб’ектаў абласная выязная калегія па гандлі прадоўжыла сваю работу ў зале пасяджэнняў райвыканкама. Размова была жорсткай і канкрэтнай, бо гандлёвая сфера некаторых раёнаў вобласці ў першым квартале гэтага года зменшыла тавараабарот у параўнанні з адпаведным перыядам мінулага года. Калі справы не палепшацца за паўгоддзе, адзначыла намеснік старшыні аблвыканкама Алена Агей, то кіраўнікам некаторых гандлёвых прадпрыемстваў трэба зрабіць пэўныя высновы.

Юрый ЯНУШКЕВІЧ.
Фота Міхаіла РАЗУМНІКА.


Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений