Планы на перспектыву

Экономика
24.03.2016 14:32
1261
Напярэдадні прафесійнага свята камунальнікаў карэспандэнты газеты сустрэліся з дырэктарам РУП “ЖКГ” Міхаілам НАЙДЗІЧАМ і пагутарылі з ім аб вытворчых справах.

– Прафесійнае свята наш калектыў сустракае з добрым настроем, бо прадпрыемства ў няпростых эканамічных умовах мінулага года выканала сваю галоўную задачу – насельніцтву і арганізацыям быў аказаны ўвесь комплекс камунальных паслуг,...
IMG_8572Напярэдадні прафесійнага свята камунальнікаў карэспандэнты газеты сустрэліся з дырэктарам РУП “ЖКГ” Міхаілам НАЙДЗІЧАМ і пагутарылі з ім аб вытворчых справах.

– Прафесійнае свята наш калектыў сустракае з добрым настроем, бо прадпрыемства ў няпростых эканамічных умовах мінулага года выканала сваю галоўную задачу – насельніцтву і арганізацыям быў аказаны ўвесь комплекс камунальных паслуг, выкананы ўсе паказчыкі, запланаваныя ў бізнес-плане, – сказаў Міхаіл Іванавіч. – Прадпрыемства спрацавала рэнтабельна. Выручка ад рэалізацыі прадукцыі, работ і паслуг склала 156 мільярдаў рублёў, альбо 119 працэнтаў ад запланаванай, чысты прыбытак – 2,5 мільярда рублёў, рэнтабельнасць – 6,2 працэнта. Гэта вельмі добрыя паказчыкі, камунальная гаспадарка знаходзіцца на трывалай пазіцыі. Вядома ж, ёсць пэўныя цяжкасці, але мы робім асноўны ўхіл на энергаэфектыўнасць. Рэалізацыя комплекснай праграмы па энергазберажэнні дазволіла зменшыць гадавое спажыванне прыроднага газу на 1234 тысячы кубаметраў, альбо на 4 працэнты, быў сэканомлены 1 мільярд рублёў. Зменшылася спажыванне электраэнергіі, што склала эканомію 1,9 мільярда рублёў. Больш шырока выкарыстоўваюцца мясцовыя віды паліва.

– І многа работ было выканана па энергазберажэнні?

– У горадзе на аб’ектах ЖКГ больш, у сельскай мясцовасці – менш. Там неабходна памяняць помпавае абсталяванне. На ім устаноўлены 5-6-кілаватныя электрарухавікі. Замест іх устанавім 1,3-1,5-кілаватнікі, частотныя пераўтваральнікі. На каналізацыйна-помпавых станцыях ужо замянілі электрарухавікі. На гарадской кацельні №2 памянялі помпы магутнасцю 160 кілават на 110-кілаватныя, а 10-мегаватны паравы кацёл перавялі ў рэжым вадагрэйнага на летні перыяд, будзе эканомія газу і электраэнергіі.
Летась у горадзе і сельскай мясцовасці замянілі 10,5 км цеплавых сетак. Прычым сваімі сіламі, не прыцягваючы да гэтай справы іншыя арганізацыі раёна. Сёлета плануем пракласці 7,2 км цеплатрасы. У ЖКГ ужо ёсць 3,5 км трубаў, астатнюю іх частку цэнтралізавана паставіць абласное ўпраўленне жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Цяпер мы распрацоўваем праектна-каштарысную дакументацыю.

– Што новага ў вытворчай сферы РУП “ЖКГ”?

Нядаўна адкрылі свой цэх па вырабе жалезабетону. Да гэтага пад-штурхнула прадпісанне абласнога цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, згодна з якім усе свідравіны ў горадзе і сельскай мясцовасці павінны быць абнесены суцэльнай агароджай. Палічылі, што на яе набыццё пойдзе нямала грошай, танней будзе купіць неабходныя формы і наладзіць самім вытворчасць бетоннай агароджы. Ёю пачалі агароджваць кацельню №2, што ў Заходнім мікрараёне, фасадную частку водазабора. Акрамя гэтага вырабляем кветніцы як для патрэб камунальнай гаспадаркі, так і на продаж.

Добра працуе наш цэх па вырабе пластыкавых вокнаў, канкурыруе нават з прыватнікамі, якія займаюцца гэтай жа справай. Вокнамі, іншымі будаўнічымі матэрыяламі ЖКГ разлічылася з арганізацыямі за пракладку цеплавых сетак у 2014 годзе. Цяпер мы выконваем работы ў цэнтральнай раённай бальніцы, рамантуем правае крыло тэрапеўтычнага аддзялення. Мяняем вокны, шпаклюем, тынкуем.

– Як арганізавана кадравая, спартыўна-культурная работа?

– Пастаянна надаём увагу рабоце з кадрамі. Укараняюцца новыя тэхналогіі, таму не абысціся без павышэння кваліфікацыі. Я сам езджу на курсы, мае намеснікі, спецыялісты. У РУП “ЖКГ” навучаем работнікаў. Абавязкова – тых з іх, хто выконвае работы, звязаныя з павышанай небяспекай. Маладым дапамагаюць асвоіць прафесію больш вопытныя калегі. Зарплата ў нас стабільная, работнікі забяспечаны спецадзеннем і спецабуткам, сродкамі індывідуальнай аховы. Нават качагарам, якіх працаўладкоўваем на сезон, выдаём спецадзенне. Пасля заканчэння ацяпляльнага сезона яго забіраем, мыем, дэзынфіцыруем абутак.

Але не адной працай жыве чалавек. Мы пастаянна ўдзельнічаем у розных спаборніцтвах, займаем прызавыя месцы. Аб гэтым сведчаць граматы і кубкі, для якіх адведзена спецыяльнае месца ў адміністрацыйным будынку. Заключаны дагавор са спарткомплексам, па вечарах нашы работнікі ходзяць на трэніроўкі па міні-футболу, валейболу, іншых відах спорту. Удзельнікаў спаборніцтваў абавязкова заахвочваем фінансава. Па традыцыі, узнагароджваем іх на Дзень работнікаў камунальнай гаспадаркі.

Мы ходзім на ўсе канцэрты, якія праходзяць у нашым горадзе. Летась арганізавалі паездку ў Санкт-Пецярбург. Работнікі засталіся задаволенымі. Сёлета плануем паездку ў цырк. У нас актыўны старшыня прафкама – Вольга Глямбоцкая. Нядаўна была ўзнагароджана нагрудным знакам “Ганаровы работнік прафсаюза”. Акрамя гэтага, Вольга Леанідаўна з’яўляецца інструктарам па спорце, камандзірам добраахвотнай дружыны. І тут зарэкамедавала сябе добра.

– Якія планы ў адміністрацыі РУП “ЖКГ” на бліжэйшую перспектыву?

– У планах – палепшыць работу водаканала, ацяпляльных кацельняў, транспарту, укараніць новыя тэхналогіі. Вядома ж, напачатку прыйдзецца ўкласці ў гэту справу многа грошай, затое потым будзе эканомія паліва, электраэнергіі, паменшыцца колькасць абслуговага персаналу. Мяркуем аўтаматызаваць водазабор, ачышчальныя збудаванні, каналізацыйна-помпавую станцыю. Каб там знаходзіўся толькі дыспетчар і па маніторы назіраў за вытворчым працэсам, мог з дапамогай пульта ўнесці неабходныя карэктывы. У Брэсце, Гродне і Мінску ўжо ёсць аўтаматызаваныя прадпрыемствы. У Навагрудку некалькі кацельняў працуюць у аўтаматычным рэжыме, адна – у Мастах. Нам таксама неабходна пераходзіць да аўтаматызацыі кацельняў. І не толькі ў горадзе, але і ў сельскай мясцовасці, дзе гэта магчыма.

Бухгалтар Галіна             ТАМАШЭВІЧ, 30 гадоў яе працоўны стаж у ЖКГ. Бухгалтар Галіна ТАМАШЭВІЧ, 30 гадоў яе працоўны стаж у ЖКГ.


Гутарыў Юрый ЯНУШКЕВІЧ.
Фота Міхаіла РАЗУМНІКА.

Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений