"Кранаспан" адчыніў дзверы

Экономика
26.11.2015 17:11
1703
На Дзень адкрытых дзвярэй, які ў гэты панядзелак праводзіў “Кранаспан”, чамусьці было нямнога жадаючых паглядзець вытворчасць і пагутарыць з адміністрацыяй прад-прыемства. Паблізу кантрольна-прапускнога пункта стаялі чалавек восем і чакалі, калі іх прапусцяць на тэрыторыю. Ім прапанавалі сесці ў чырвоны мікрааўтобус “Фальксваген”, які пасля таго, як работнік КПП з некім нешта...
На Дзень адкрытых дзвярэй, які ў гэты панядзелак праводзіў “Кранаспан”, чамусьці было нямнога жадаючых паглядзець вытворчасць і пагутарыць з адміністрацыяй прад-прыемства. Паблізу кантрольна-прапускнога пункта стаялі чалавек восем і чакалі, калі іх прапусцяць на тэрыторыю. Ім прапанавалі сесці ў чырвоны мікрааўтобус “Фальксваген”, які пасля таго, як работнік КПП з некім нешта ўзгадніў па мабільніку і выпісаў пропуск, накіраваўся да заводскіх карпусоў і прыпыніўся каля адміністрацыйнага будынка. 

Удзельнікі Дня адкрытых дзвярэй абмяркоўваюць злабадзённыя пытанні. Удзельнікі Дня адкрытых дзвярэй абмяркоўваюць злабадзённыя пытанні.


Накінуўшы на плечы зялёныя камізэлькі, госці разам з камерцыйным дырэктарам “Кранаспана” Людмілай Сырнікавай пайшлі аглядаць вытворчасць. Пачалі з месца складзіравання бярвенняў, апілак, падышлі да грукатлівай драбілкі, што ўстаноўлена ў будынку, з якога праз праёмы ў сценах на двор вытыркаюць асобныя яе элементы. Але варта было зачыніць створкі варот, як шум зменшыўся. Затое калі наблізіліся да другой, на выгляд больш магутнай драбілкі, якая працуе пад адкрытым небам, то нібыта трапілі на аэрадромнае поле. Не быў абыдзены ўвагаю белавата-шэры дым, які валіць з заводскіх трубаў. Заводскія спецыялісты патлумачылі, што гэта ў асноўным пара, а для ўлаўлівання шкодных рэчываў у трубах устаноўлены фільтры.
Пасля наведвання цэха ДСП, дзе ўдзельнікі Дня адкрытых дзвярэй ўбачылі, як вырабляецца драўняна-стружкавая пліта, усе накіраваліся ў адміністрацыйны будынак, дзе прадоўжылася размова аб дзейнасці “Кранаспана”.
“Як бачыце, мы нічога ад вас не хавалі”, – сказала камерцыйны дырэктар “Кранаспана” Людміла Сырнікава, звяртаючыся да ўдзельнікаў Дня адкрытых дзвярэй. І тут мужчына, які калісьці быў штурманам дальняга плавання, а цяпер жыве ў вёсцы паблізу Віліі, прапанаваў разам абмеркаваць усе крыніцы шкоднага ўздзеяння, якія ёсць на заводзе, каб мінімізаваць іх негатыўны ўплыў на арганізм чалавека і навакольнага асяроддзя. А то можа стацца так, што цяперашнія зялёныя сосны з цягам часу стануць рыжымі – засохнуць. Ды і лесу праз некалькі гадоў не стане ў сувязі з дзейнасцю “Кранаспана”.
Да размовы падключыўся намеснік дырэктара мясцовага лясгаса Андрэй Пятроўскі. Ён адзначыў, што пасля ўводу ў эксплуатацыю гэтага буйнога дрэваапрацоўчага прадпрыемства не сталі высякаць лесу ў Беларусі больш, чым раней, паколькі драўніну ў якасці сыравіны для вытворчасці адпраўлялі на іншыя еўрапейскія заводы. У сувязі з газіфікацыяй буйных населеных пунктаў незапатрабаваны дровы ў пэўнай часткі насельніцтва. Дровамі можна назваць сыравіну, якую выкарыстоўвае ў сваёй вытворчай дзейнасці “Кранаспан”, бо добрая драўніна каштуе ў тры разы даражэй. Што датычыць засыхання лесу ў ваколіцах завода, то пакуль што дрэвы гінуць ад розных жучкоў-караедаў. А паколькі апошнія добра сябе адчуваюць, то можна гаварыць аб тым, што няма празмерных выкідаў у навакольнае асяроддзе з “кранаспанаўскай” трубы.
Загадчыца раённай паліклінікі і дэпутат райсавета Ганна Пешкур паведаміла аб тым, што на асаблівым кантролі знаходзіцца за-хворваемасць жыхароў навакольных вёсак. Інфармацыя пастаянна аналізуецца. Ёсць магчымасць праверыць чалавека на наяўнасць у яго арганізме алергенаў. Для гэтага бярэцца кроў і адпраўляецца ў абласную бальніцу, дзе і робіцца заключэнне. Аднак пакуль што ў паліклініку не звярнуўся ніхто з работнікаў суседняга з “Кранаспанам” агрэгатнага завода і жыхароў вёсак, якія знаходзяцца на невялікай адлегласці ад буйнога дрэваапрацоўчага прадпрыемства. Ганна Пешкур адзначыла, што прафесійныя захворванні работнікаў на прадпрыемствах таксама адсочваюцца і аналізуюцца як у райвыканкаме, так і аблвыканкаме. І потым робяцца адпаведныя высновы.
Грамадскія актывісты папрасілі ўстанавіць над драбілкай ангар з гукапаглынальнікам. Кіраўнік “Кранаспана” адказала, што ўжо распрацоўваецца праект на ўстаноўку каля драбілкі шумапаглынальнай сцяны вышынёю шэсць метраў. Такія ўстаноўлены каля дарогі на ўездзе ў Мінск. Размова ішла і аб шкодных выкідах у атмасферу, іх адсочванні. На дзве заводскія трубы – адна цэха ДСП, другая МДФ – будзе ўстаноўлена абсталяванне для аўтаматычнага кантролю. Цяпер замеры робяць спецыялісты з дапамогай адпаведных прыбораў.

Юрый ЯНУШКЕВІЧ.


Фота аўтара.


Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений