Маліся да Бога ўранні і ўвечары

 

Маліся да Бога ўранні і ўвечары

Татьяна ЛЫСКОВА
25.02.2023
559

Была нядзеля. Увесь дзень стаяла сонечнае надвор’е, а ўвечары на неба набеглі вялікія дажджавыя хмары. Анісія Мікалаеўна не спяшаючыся хадзіла па падворку і пазірала ўбок сенажаці.

- Мама, трэба сена хутчэй прыбраць! – да жанчыны знянацку падбегла расхваляваная дачка Аліна.

- Нельга, дачушка, нядзеля сёння.

- Што ты, мама! Хмары ідуць, дождж зараз будзе, усё сена вымакне, - не супакойвалася дачушка.

- Той, хто яго намочыць, той пасля і высушыць! – лагодна адказала жанчына, перажагналася, падняла вочы на неба, а затым спакойнай хадою пайшла ў хату.

IMG_5637.jpg

Гэта ўсяго адзін дробязны ўрывак з жыцця Анісіі Смаленскай, жанчыны, якая старалася жыць згодна з божымі наказамі, усю сваю паўсядзённасць давяраць Хрысту: і справы, і клопаты, і само жыццё. Міласэрны Бог не паскупіўся на ўзнагароды: ён адарыў жанчыну здароўем і доўгажыхарствам. 22 лютага Анісія Смаленская адзначыла 100-годдзе.

Яе жыццёвы шлях пачаўся на Вілейшчыне. Там прайшлі дзіцячыя гады, ­юнацтва, маладосць і сталасць. Анісія Смаленская добра памятае ваенныя нястачы, партызанскі рух і жорсткасць немцаў. У Вілейскім раёне актыўна дзейнічалі партызаны. У бацькоўскай хаце Анісіі Мікалаеўны нярэдка бываў камандзір іхняга атрада. Сама Анісія нямала дапамагала партызанам: шыла, рамантавала і мыла іх ­адзенне, а таксама выконвала функцыі сувязной. Падчас вайны малодшая сястра Анісіі вучылася ў Вілейскай школе. Наша гераіня запрагала каня і вазіла ёй прадукты харчавання. Ведаючы, што Анісія едзе ў Вілейку, партызаны прасілі яе перадаваць па указаных адрасах запіскі. Дзяўчыну, якая рухалася ў горад на кані, у любы час маглі спыніць немцы і абшукаць. Невялікія папяровыя скруткі Анісія хавала ў абутак пад вусцілкі, зашывала ў адзенне. На шчасце, немцы ні разу не знайшлі ў яе сакрэтных запісак.

Анісіі рана прыйшлося пасталець і ­ўзяць на сябе абавязкі дарослага чалавека. Яе сям’я засталася без гаспадара: бацька трагічна загінуў. Анісіі, як самай старэйшай дачцэ, прыйшлося больш за ўсіх дапамагаць маці. У сям’і гадаваліся толькі дзяўчаты. На кволыя жаночыя плечы лягла ўся праца: і апрацоўка глебы, і сенакашэнне, і нарыхтоўка кармоў. Анісія Мікалаеўна і сёння сцвярджае, што вельмі добра ўмела касіць і любіла гэту працу. Калі надыходзіла пара касавіцы, на выдзеленых калгасам сенажацях яна махала касой не горш, чым мужчыны. Спраўнай і працавітай зрабіла яе жыццё.

У 1945 годзе Анісія выйшла замуж у суседнюю вёску, праз год нарадзілася дачушка. Здавалася б, усё добра: вайна скончылася, асабістае жыццё наладзілася… Але не доўгім было шчасце гэтай жанчыны. З каханым давялося пражыць усяго чатыры гады. У 1949 годзе муж памёр ад запалення лёгкіх. Анісіі ізноў прыйшлося ўзваліць усе складанасці жыцця на свае адзінокія, нікім не абагрэтыя плечы. Жыла, працавала, гадавала дачушку, шчыра малілася. Ніхто, акрамя Усявышняга, не ведаў яе думак. За каго адгаворвала “Ойча наш”? Аб чым прасіла? За што дзякавала? Якімі б не былі яе малітвы, просьбы і падзякі, яны не згубіліся паміж небам і зямлёй. Жанчына ведала: Бог чуе і прымае звароты пакорнай сэрцам удавы.                                                          У 1953 годзе Анісія Мікалаеўна зноў выйшла замуж. Так склалася, што на яе ­жыццёвым шляху трапіўся ўдавец з двума сынамі. Асірацелым хлопчыкам Анісія Мікалаеўна замяніла маці. З другім мужам жанчына пражыла больш за 30 гадоў. У 1986 годзе яна зноў аўдавела. У той час усе дзеці ўжо пакінулі бацькоўскі дом і жылі асобна. Застаўшыся адна, Анісія Смаленская не паддалася роспачы, не стала скардзіцца на жыццё. Яна разумела, што ўсё працягваецца, што зямля не спыніла свайго руху, што сёння пахмурна, а заўтра ранішняе сонейка зноў узыдзе, што жаўтавокая козачка будзе ­чакаць у хляве, пакуль яе выведуць на пашу, а кот-мурлыка апетытна хлябтаць свежае малачко на ганку. Жанчына працягвала жыць і радавацца кожнаму дню. Яна нават не заўважыла, як мінула яшчэ адно дзесяцігоддзе.

- У 1999 годзе мы вырашылі ­забраць маму да сябе ў Смаргонь, - расказвае дачка Анісіі Мікалаеўны Аліна Міхайлаўна. – У той час жылі ў горадзе і будавалі дачу ў “Сонечным беразе”. Маці сказала, што ў горад жыць не паедзе - толькі на дачу, і толькі пры ўмове, што мы з мужам прымем не толькі яе, але і ўсю гаспадарку.

Аліна Міхайлаўна вымушана была зга­дзіцца. Разам з яе мамай на Смаргоншчыну прыехала козачка і двое парсючкоў.

- Мама заўсёды была вельмі працавітай і рухавай, - расказвае Аліна Міхайлаўна. – Усю работу яна выконвала хутка і якасна. Была вельмі добрай швачкай. За машынкай магла сядзець начамі. Абшывала ўсю вёску.

Цяжка ўявіць, што ў свае 100 год жанчына цікавіцца навінамі, слухае радыё, ­любіць глядзець фотаздымкі. Яна добра памятае сваё жыццё, не блытае падзеі, можа расказаць верш. У такіх людзей, як Анісія Смаленская, заўсёды хочацца запытацца пра сакрэт здароўя і даўгалецця. У гэтай жанчыны адказ такі: быць добрым для людзей, прабачаць кожнага, не наракаць на жыццё, быць пакорным, умець давяраць Богу і дзякаваць яму.

У дзень нараджэння Анісію Смаленскую наведалі начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Зоя Крачкоўская, старшыня раённай ветэранскай арганізацыі Ірына Галдыцкая і намеснік дырэктара УТЦСАН “Цёплы дом” Людміла Алехна. Жанчыне госці выказалі шчырыя віншаванні і ўручылі падарункі.

Таццяна ЛЫСКОВА.

Фота аўтара.


Статьи по теме: