Студатрад - іспыт на сталасць
Віталь ІВАШКА (справа) са стрыечным братам.
Старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Віталь Івашка ў складзе студэнцкага будатрада ездзіў працаваць тройчы. Ён пагадзіўся расказаць, як цікава і яскрава праводзіў летнія месяцы ў маладосці. Віталь Іванавіч паказаў свой студэнцкі фотаальбом, дзе захаваліся здымкі маладых стройных хлопцаў і дзяўчат падчас працы і адпачынку. А некаторым жартоўным фотаздымкам мог бы пазайздросціць сучасны блогер, шмат лайкаў можна было б атрымаць.
Жартоўны фотаздымак.
У 1981 годзе Віталь вучыўся на 1 курсе Віцебскага ветэрынарнага інстытута. Патрапіў разам з 25 аднакурснікамі ў склад будатрада “Усход”. Гэта было прэстыжна, адбіралі з улікам асобасных якасцяў, але галоўным было – жаданне працаваць. Паехалі на будоўлю ў гаспадарку “Падбярэззе”.
Падчас працы.
Там стаялі дамы ў два і тры паверхі, а для іх былі прызначаны тры адрыны. Гэтыя гаспадарчыя будынкі разбурыліся. На працягу двух месяцаў хлопцы разабралі адрыны па цаглінцы, знялі шыфер, потым зрабілі падмурак з блокаў. І з гэтых жа будаўнічых матэрыялаў зноў сабралі гаспадарчыя будынкі. Толькі пару машын цэглы прыйшлося дакупіць. Праца была цяжкая, а вынік складаўся з намаганняў кожнага. Таму на фотаздымку добра бачна радасць студэнтаў, якія трымаюць на кельнях апошнюю цагліну.
Апошняя цагліна.
“Будаўніцтва трох аб’ектаў амаль скончана, засталося ўсталяваць дах у апошняй адрыне, - расказвае Віталь Іванавіч, вочы яго свецяцца запалам, - я быў камісарам атрада, потым за працу мяне ўзнагародзіў граматай намеснік рэктара па вучэбнай рабоце”.
Узнагарода граматай.
Любы атрад, апроч асноўнай працы, вёў яшчэ і актыўную грамадскую дзейнасць. Студэнты размаўлялі з падбярэзскімі ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны, запісвалі іх ўспаміны ў летапіс, гэты момант таксама ёсць на фотаздымку. Вячарамі былым удзельнікам вайны калолі дровы, нават аднаму абклалі хату цэглай. Студэнты самі пабудавалі флагшток, набылі сцяг.
Віталь ІВАШКА запісвае ў летапіс ўспаміны ветэрана вайны.
Спецвопратку байцам студатрадаў выдавалі. Моладзь заўсёды хоча быць моднай. Студэнты сталі размалёўваць курткі. З дапамогай акрылавых фарб и клею ПВА малявалі мапу Беларусі, герб Віцебскай вобласці, Падбярэззе і шмат чаго іншага, усё, што дазваляла фантазія.
Студатрадаўскае адзенне.
Сіл на працу сыходзіла шмат, але харчаваліся смачна. За два месяцы з'елі 7 быкоў. Мыцца хадзілі ў лазню.
Падчас адпачынку.
Для адпачынку часам ладзілі дыскатэкі, ездзілі ў Віцебск у кінатэатр, гулялі ў валейбол. Дарэчы, мячы і сеткі для валейбола купілі за свае грошы. Хлопцы не скнарнічалі і ў канцы будаўніцтва зладзілі свята і дыскатэку. Накрылі стол і запрасілі дырэктара гаспадаркі. Кожны зарабіў па 740 рублёў, стыпендыя тады была каля 40 рублёў, таму пасля палучкі раз'язджаліся на таксі. Маглі сабе дазволіць праехацца ў “Волзе”.
Пасля зарплаты.
Акрамя добрага заробку студэнты набылі будаўнічую спецыяльнасць і сяброў на ўсё жыццё. У наступныя гады працавалі практычна тым жа складам. У камандзе былі тыя, хто добрасумленна ставіўся да працы і быў адказным. Сумеснае жыццё і праца сталі выдатнай магчымасцю пазнаць людзей з розных бакоў, зразумець, хто чаго варты. Студатрад - своеасаблівы іспыт на сталасць і сапраўдная школа жыцця.
У 1982 годзе будатрад “Усход” працаваў на Віцебскай бройлернай птушкафабрыцы. Ангары-клюшачнікі збіралі як канструктары. Студэнты з бетону рабілі сцяжку, укладвалі шкловату на дах, клалі шыфер. Ежу рыхтавалі толькі з курэй. Хаця і па-рознаму: смажылі, тушылі, варылі, але гэта надакучыла байцам. Вырашылі паехаць ў суседні калгас, прапанаваць выканаць любую працу, каб зарабіць ялавічыны. Дырэктар загадаў вынесці гной, 5 чалавек шуфлямі ўсё вычысцілі, так зарабілі быка. Радаваліся катлетам, плову і гарніру з падлівай. У гэтым годзе зарплата была 450 рублёў.
У 1983 годзе Віталь Івашка стаў камісарам занальнага штаба Сененскага і Віцебскага раёнаў. Няўзброеным вокам былі прыкметны яго здольнасці як кіраўніка і арганізатара. Вырашаць даводзілася мноства пытанняў, а рашэнні часта прымаць трэба было хутка. У занальным штабе працавалі камандзір, тэхнічны інжынер з тэхналагічнага інстытута і медыцынскі работнік з абласной бальніцы. Быў свой транспарт - УАЗік. Віталь разам з камандзірам планавалі працу. То трэба паклікаць з УКСА інжынера, то дамовіцца, каб падагналі кран, то прывезці геадэзіста праверыць глебу, знайсці машыну прывезці раствор і шмат іншага. Спецыялісты занальнага штабу глядзелі за парадкам, выязджалі на праверкі санітарнага стану побыту і адсочвалі захаванне рэжыму працы і адпачынку студэнцкіх атрадаў. Віталь працаваў непасрэдна з камандзірамі і палітрукамі такіх атрадаў.
На семінары ў Стайках.
У гэтым годзе ён удзельнічаў у Рэспубліканскім семінары кіраўнікоў абласных занальных штабоў студэнцкіх атрадаў у Стайках. Яркае асаблівае ўражанне зрабіла паездка на Усесаюзны злёт камісараў штабоў. Камісары з усіх рэспублік прыехалі ў Маскву, пасяліліся ў спартыўным комплексе “Алімпіец”.
У спартыўным комплексе.
Была прадумана цікавая праграма. Акрамя лекцый, якія чыталі дакладчыкі з Палютбюро і ЦК камсамола, наведалі Чырвоную плошчу, Маўзалей, усклалі кветкі да Магілы невядомага салдата. Былі ў інстытуце Вышалескага, каталіся на конях. Цікава было паразмаўляць з юнакамі і дзяўчатамі, патанчыць.
На Усезаюзным злёце.
Віталь Івашка На Чырвонай плошчы.
“Добрая задума – студатрады. І медыкі, і педагогі, усе могуць навучыцца класці цэглу, нічога складанага няма. Мы працавалі, і была радасць, што шмат стварылі сваімі рукамі, прынеслі карысць людзям і краіне. Яшчэ і атрымалі добрую ўзнагароду”, - робіць выснову Віталь Іванавіч.
Жыццё паказала, што многія кіраўнікі выявілі сябе менавіта ў студэнцкім будатрадаўскім асяроддзі. Гэта праца развівала ўменне знаходзіць выйсце з няпростых сітуацый, здольнасць мабілізавацца ў патрэбны момант, навучыла зносінам з людзьмі. З будатрадаўскім рухам заўсёды звязаны больш яркія ўспаміны, чым непасрэдна з вучобай. Добра, што ў сучаснай Беларусі студатрадаўскі рух з’яўляецца адным з вядучых напрамкаў дзейнасці моладзевых арганізацый.
Ларыса ТАТАРЫНАВА.
Фота аўтара і з архіву Віталя ІВАШКІ.
Интересные и актуальные новости Сморгонского района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!
#Новости_Светлы_Шлях #Люди_Сморгонщины