Мост змяніў сваё аблічча
Вяскоўцы задалі кіраўніку дэпутацкага корпуса раёна нямала пытанняў і папрасілі пасадзейнічаць у рамонце моста праз рачулку паміж вёскамі Мілэйкава і Баярск. На той час гэты мост знаходзіўся ў аварыйным стане. Мясцовыя жыхары яго рамантавалі, як маглі, прыбівалі ў якасці насцілу жэрдкі замест тых, што згнілі і ўяўлялі небяспеку для людзей, якія хадзілі па гэтым мосце з вёскі ў вёску. У абход жа трэба было рабіць вялікі паўкруг – каля 5 кіламетраў.
Паколькі гэты мост не знаходзіцца ні на чыім балансе, то не было ў каго спытаць за яго нездавальняючы стан, запатрабаваць адрамантаваць небяспечнае збудаванне над рэчкай.
Старшыня раённага Савета дэпутатаў Сяргей Кудзеньчук узяўся дапамагчы вяскоўцам, даведаўся, колькі і якога піламатэрыялу патрэбна для рамонту моста, не толькі дошак для насцілу, але і брусу, каб зрабіць парэнчы, бо іх не было ўвогуле. Пасля сустрэчы з людзьмі на мехстане вытворчага ўчастка “Ардашы” старшыня раённага Савета дэпутатаў Сяргей Кудзеньчук разам са старшынёй Крэўскага сельвыканкама Віктарам Дзятчыкам паехалі да моста.
На месцы было прынята канчатковае рашэнне: мост неабходна прывесці ў належны стан. З таго часу мінула паўтара месяца. Якраз перад Новым годам рамонт моста быў закончаны з’явіўся дашчаны насціл, па баках гэтага збудавання ўзвысіліся парэнчы. Жыхары Мілэйкава і Баярска атрымалі своеасаблівы навагодні падарунак. Яны цяпербудуць смела хадзіць па адрамантаваным, абноўленым мосце.
Фота аўтара.