Заўсёды пад першым нумарам, альбо Баскетбол любіць разумных. Баскетбольны Пігмаліён

 

Заўсёды пад першым нумарам, альбо Баскетбол любіць разумных. Баскетбольны Пігмаліён

Люди Сморгонщины
13.01.2024
1670
Трэнер па баскетболе Смаргонскай ДЮСШАР з 40-гадовым стажам. Суддзя нацыянальнай катэгорыі. “Пігмаліён”, які за сваю кар’еру зляпіў нямала чэмпіёнаў Беларусі і вобласці. Бацька спартыўнай “зоркі” Юліі Рыцікавай (Дурэйкі), члена нацыянальнай жаночай каманды Беларусі па баскетболе. Наш герой – Сяргей Дурэйка.

IMG_9662.JPG

Пачуццё локця ў спорце і ў жыцці

Сяргей Анатольевіч нарадзіўся ў Мацюлянах. Мой суразмоўца ўглядаецца ў далёкае дзяцінства, успаміны малююць не зусім звычайны вясковы дом. “Рос сярод кніг, бо ў доме, дзе мы жылі,  знаходзілася вясковая бібліятэка, мама была бібліятэкарам, - зазначае наш суразмоўца. - За стэлажамі стаялі ложкі. Кожны дзень, прачынаючыся, я бачыў прыгожыя рады кніг і марыў навучыцца чытаць. Напэўна, тады і зарадзілася ўва мне цікавасць да чытання. Пазней я палюбіў мемуары ваенных лётчыкаў. Дарэчы, мой дзядзька па татавай лініі быў лётчыкам, ваяваў у Афганістане”.

Сяргею было шэсць гадоў, калі сям’я перабралася ў Смаргонь, у “ДОСы”. Бацька пайшоў служыць звыштэрміновую службу – і Дурэйкі атрымалі пакой у трохпакаёўцы,  дзе кватэраваліся тры сям’і, па двое дзяцей у кожнай. У цеснаце ды не ў крыўдзе. З “пачуццём локця” людзі жылі не толькі на рабоце…

У дзевяць гадоў хлопчык пачаў наведваць заняткі па баскетболе. “Наша дзяцінства праходзіла на вуліцы. Баскетбольная пляцоўка і футбольнае поле ў “ДОСах” былі вытаптаны дзіцячымі нагамі. Таму нядзіўна, калі трэнер Дзмітрый Ганчароў прыйшоў у школу і запрасіў хлопчыкаў у секцыю па баскетболе, многія тут жа адгукнуліся. Два гады Дзмітрый Яўсеевіч нас трэніраваў, а потым перайшоў працаваць у іншае месца, - расказвае Сяргей Анатольевіч. - Я ўдзячны Ганчарову, бо ён ўзрасціў ува мне цікавасць  да баскетболу, а пуцёўку ў трэнерскае жыццё даў Іван Іванавіч Багдасар’ян. Разам з Валерыем Юрчанкам ён прыехаў у Смаргонь маладым спецыялістам. Трэніраваў нас да заканчэння агульнаадукацыйнай школы. Наша каманда пастаянна была ў прызёрах вобласці.

Валерыя Антонавіча я таксама магу назваць сваім трэнерам, хоць і ўскосна. Па-першае, каманда хлопчыкаў часта гуляла з дзявочай камандай, якую трэніраваў Юрчанка. Па-другое, Валерый Антонавіч часта прыходзіў да нас на трэніроўкі, каб пагуляць у камандзе. І мы з радасцю яго прымалі, стараліся капіраваць трэнерскі стыль гульні”.

Сяргей Дурэйка быў іграком каманды пад нумарам 1. Лічыцца, што “першы нумар” – дырыжор каманды, лепш за  іншых бачыць  гульнявую пляцоўку, таму павінен умець правільна ­ацэньваць гульнявую сітуацыю і арганізаваць работу каманды ў нападзенні і абароне. Успамінаючы ігракоў сваёй каманды, наш субяседнік сцвярджае, што ён не быў лепшым. Называе імёны іншых: Аляксандра Сяржантава (у будучым ён стаў паспяховым афіцэрам), і Віктара Пятрова, вядомага беларускага анколага.  Тым не менш, з каманды наш суразмоўца – адзіны, для каго спорт стаў прафесіяй.

“А мая мама марыла, каб я вывучыўся на інжынерам-механіка… На той час гэта было вельмі прэстыжна, - кажа Сяргей Анатольевіч. – У мяне ж не ляжала душа да гэтай справы. Каб зрабіць прыемнае маме, я паспрабаваў паступаць у сельскагаспадарчае ВНУ, але безвынікова.

Літаральна праз некалькі дзён пасля ўступных экзаменаў мой прафесійны лёс вызначыў трэнер. Іван Іванавіч, калі даведаўся, што я не паступіў у інстытут, патэлефанаваў мне і прапанаваў пайсці ў Гродзенскі тэхнікум фізкультуры (на аддзяленне “баскетбол”), які лічыўся адным з лепшых у Савецкім Саюзе. Я з радасцю згадзіўся. Дарэчы, пазней атрымаў і вышэйшую адукацыю – у Мінскім інстытуце фізвыхавання і спорту.

Адвучыўся год у тэхнікуме – і мяне прызвалі ў армію. Трохгадовую службу на Балтыйскім флоце называю школай жыцця, дзе я навучыўся жыць па раскладзе, правільна размяркоўваць свой час і адчуваць вялікую адказнасць перад “камандай”. Усё гэта мне вельмі спатрэбілася ў будучыні”.

Для трэнера спаборніцтвы – гэта тэст на прафпрыдатнасць

Пасля арміі – прадаўжэнне вучобы. Пасля заканчэння тэхнікума Сяргей Дурэйка разам з будучай жонкай размеркаваўся ў Смаргонь, дзе для яго было ўсё знаёма: людзі, спарткомплекс, трэнеры, якія сталі калегамі.

IMG_20240105_0004.jpg

IMG_20240105_0007.jpg

Праўда, малады спецыяліст ехаў на малую радзіму з думкай, што будзе працаваць з хлопцамі, а яму “ўручылі” групу дзяўчынак, з якімі, дарэчы, ён даволі хутка знайшоў агульную мову. З гэтай групы – дзве пайшлі ў прафесійны спорт. Вольга Савоська вось ужо трыццаць гадоў поруч з Сяргеем Анатольевічам працуе трэнерам у ДЮСШАР. Тамара Антонава, якая таксама была трэнерам, цяпер настаўнічае ў Смаргонскай пачатковай школе.

- За сорак гадоў трэнерства ў мяне былі толькі дзве групы дзяўчынак. З прыгожым полам лепш атрымліваецца працаваць Жанне Грэхавай, а мне прасцей з хлопчыкамі (смяецца). 

IMG_9699.JPG

- Без чаго немагчыма стаць добрым дзіцячым трэнерам?

- Без ведаў педагогікі і дзіцячай псіхалогіі. Гэта аснова работы. Калі знойдзеш падыход да выхаванца, калі ­будзеш ведаць яго слабыя і моцныя бакі, усё атрымаецца.

- Каб патрапіць да Вас у каманду, трэба прайсці жорсткі адбор?

- Па правілах школы, дзіця павінна прайсці конкурсны адбор па выбраным відзе спорту. Але мы на заняткі запрашаем усіх, у каго ёсць жаданне. Трэнеру важна сабраць каманду і зацікавіць. Тры гады пачатковай падрыхтоўкі ідзе на тое, каб згуртаваць дзяцей. Ніводнаму з выхаванцаў я не сказаў: “Ты нам не падыходзіш, больш не прыходзь”. Хто не хоча займацца, хто не вытрымлівае спартыўны лад жыцця, адыходзіць сам. Большасць застаецца, і мы працуем з імі да заканчэння школы. Але і пасля нашы хлопцы не губляюць сувязі са спортам.

- Раскажыце, калі ласка, пра гэта.

- Хтосьці з выхаванцаў прадаўжае спартыўную кар’еру ў якасці трэнера ці прафесійнага іграка, хтосьці на спартыўных спаборніцтвах абараняе гонар навучальнай установы, дзе атрымлівае прафесію. А некаторыя гуляюць у аматарскай баскетбольнай камандзе “Смаргонь”, якую мы стварылі па просьбе нашых былых вучняў яшчэ да каронавіруснай пандэміі на базе ФАК ”Юнацтва”. Я трэнірую гэту каманду.

Заўважу, што не ўсе ігракі каманды жывуць у Смаргоні. З іншых гарадоў яны ўмудраюцца прыязджаць на трэніроўкі. У 2019 годзе навічок - БК “Смаргонь” – стаў другім на абласным чэмпіянаце “Гарадзенская ліга”, прапусціў уперад толькі каманду “СВК “Дзеньшчыкова”, у складзе якой былі моцныя ігракі, былыя баскетбалісты каманды “Гродна-93”. А праз год нам удалося ўзяць “золата” чэмпіянату. Каронавірус унёс моцныя карэктывы ў далейшы лёс смаргонскай каманды, але яе склад цяпер узнавіўся, і хлопцы зноў трэніруюцца, рыхтуюцца да абласнога чэмпіянату.

2.jpg

3.jpg

- А што скажаце пра хлопчыкаў 2009 года нараджэння, якіх цяпер трэніруеце?

- Гэта каманда, якая ўдалася. Адна з лепшых у маёй кар’еры. Безумоўна, я цаню і іншыя – сваіх хлопцаў 1986 года нараджэння, 1982 – 1983, 1988, а таксама 2002. Гэта шчасце для трэнера невялікага райцэнтра – сабраць такіх спартсменаў і выступаць з імі на спаборніцтвах.

Дарэчы, наш выхаванец з каманды юнакоў 1988 года нараджэння Юрый Субач працуе трэнерам у Маскве. Часта прыязджае да нас на турніры са сваімі камандамі.

- Пачула такую думку, што ў баскетболе ход гульні (і адпаведна яе вынік) максімальна залежыць ад трэнера.

- Згодзен з гэтым сцвярджэннем. Як толькі мая каманда выходзіць на пляцоўку, я таксама – у гульні. Важна своечасова знайсці замену іграку. Зразумець, калі каго пасадзіць на лаву запасных, даць яму адпачыць, супакоіць, настроіць. Баскетбол – гульня імклівая, чатыры таймы па 10 хвілін. За кароткі час трэба паспець сарыентавацца.

IMG_20240105_0010.jpg

- Каб трымаць высокую планку, у любой прафесіі трэба ўвесь час удасканальвацца. Наколькі гэта важна для трэнера?

- Без гэтага ніяк! Баскетбол пастаянна мяняецца. Той камбінацыяй ці сістэмай абароны, якія выкарыстоўваліся ­дзесяць, дваццаць гадоў таму, цяпер не выйграеш. Калі ты цяпер прыдумваеш, як лепш нападаць, у суседняй зале іншыя ­думаюць, як трэба абараняцца. І гэта не гіпербала, гэта рэальнасць.

Таму мы ўвесь час ездзім на семінары па павышэнні кваліфікацыі, многае пераймаем адзін у аднаго падчас спаборніцтваў. У свой час я працаваў з абласнымі камандамі, рыхтаваў іх да рэспубліканскіх чэмпіянатаў. У Гродне ёсць заслужаны трэнер Рэспублікі Беларусь па баскетболе Генадзь Кец, які цяпер на заслужаным адпачынку. Ён заўсёды ахвотна дзяліўся з намі вопытам. Дзякуючы яго падказкам у некаторых сітуацыях мы змаглі перамагчы сталічныя каманды.

IMG_9675.JPG

- Смаргонскіх баскетбалістаў ведаюць у Беларусі?

- Ведаюць. Найперш па цудоўных выступленнях. А падчас гульняў каментатар Аляксей Пынцікаў, прафесіянальны баскетбаліст, які яшчэ дзіцем прыязджаў з Мінску ў Смаргонь трэніравацца, кожны раз скажа некалькі добрых слоў пра наш горад, адкуль выйшла многа цікавых ігракоў.

- Можна сказаць, што для трэнера спаборніцтвы – гэта тэст на прафпрыдатнасць?

-  Перакананы: калі ты не будзеш удзельнічаць у спаборніцтвах, то можаш гадамі працаваць, і нічога не будзе атрымлівацца. Спаборніцтвы – гэта прэзентацыя таго, чаму ты навучыў сваіх падапечных. Магчымасць убачыць свае памылкі і недапрацоўкі.

- Калі атрымліваеце найбольшае задавальненне ад работы?

- Падчас спаборніцтваў. Калі твае выхаванцы паказваюць цудоўную гульню. Нават калі не перамагаюць, але ты бачыш, што яны зрабілі ўсё, што маглі, выканалі ўсе твае пажаданні – у гэтым ёсць задавальненне. А пасля ідзе аналіз і робяцца вывады, дзе былі дапушчаны памылкі.

IMG_9635.JPG

- У чым, на Ваш погляд, заключаецца сіла трэнера? Каго найперш выхоўваеце – чэмпіёна, спартсмена?

- Безумоўна, хочацца, каб хтосьці з тваіх выхаванцаў дасягнуў вышынь. Дрэнны той салдат, які не марыць стаць генералам. Але нашмат важней для мяне – выгадваць не чэмпіёна, а добрага чалавека. Не ўсім дадзена стаць вялікімі, але кожнаму з нас важна быць камунікабельнымі, спагадлівымі людзьмі, умець падтрымаць, прыйсці на дапамогу іншым.

Часам, калі мы  фарміруем спартыўныя класы, многія бацькі адмоўна выказваюцца:  “Не хачу, каб мой сын пасля школы ішоў у спорт”. Няхай не ідзе. Затое ён вырасце выключным чалавекам. Баскетбол дае агульнае гарманічнае развіццё. У баскетбол гуляюць разумныя людзі, бо падчас гульні трэба думаць хутка, рэагаваць імгненна і ўмомант прымаць правільнае рашэнне, каб не падвесці каманду. Гэта ў шахматах ёсць час ­падумаць, а ў баскетболе яго няма.

IMG_20240105_0008.jpg

- Таму нядзіўна, што і Вашы дзеці – сын і дачка таксама займаліся гэтым відам спорту. Сын Аляксандр не стаў прафесійным спартсменам, але яго кар’ера, як чыгуначніка, складваецца паспяхова. А дачка Юлія – гонар не толькі Ваш і спартыўнай школы, але і ўсіх нас, бо яна – член нацыянальнай жаночай каманды Беларусі па баскетболе, удзельніца Алімпійскіх гульняў і вялікай колькасці сусветных і еўрапейскіх стартаў…

- А яшчэ жонка і маці дваіх сыноў. Прычым меншаму дзевяць месяцаў, а Юля ўжо ў поўным спартыўным узбраенні. І ў свае 37 гадоў пакуль не спяшаецца завяршыць гульнявую кар’еру.

Юля з трох гадоў прападала ў спартыўнай зале. А як інакш можа быць, калі бацька – трэнер, а маці – настаўніца фізкультуры? Дачка расла ў атмасферы баскетболу, іншыя віды спорту яе не цікавілі. У яе вельмі настойлівы характар, ня­гледзячы на цяжкасці, на атрыманыя траўмы, ніколі не здавалася.

- Фінальнае пытанне! Баскетбол асабіста для Вас – гэта што?

- Улічваючы, што я ў баскетболе больш за паўсотні гадоў, то гэта не хобі і не работа. Гэта лад жыцця!

Галіна АНТОНАВА.

Фота аўтара і з архіва Сяргея ДУРЭЙКІ.

Статьи по теме: