У кожнага мястэчка – свае Коласы і Купалы

 

У кожнага мястэчка – свае Коласы і Купалы

Люди Сморгонщины
05.08.2023
437
Людзі здаўна хочуць разгадаць сакрэт даўгалецця. Медыкі вызначылі трыяду, якая лягла ў аснову формулы: здаровы лад жыцця, аптымістычны светапогляд і псіхалагічна камфортная сістэма ўзаемаадносін. Гледзячы на майго героя – 88-гадовага Мар’яна Дзевятня з Войстама, - яго сакрэт даўгалецця я б вызначыла адным словам – зацікаўленасць. Да акаляючага асяроддзя, да людзей, да роднай мовы…

IMG_5743.JPG

Практычна ўсё жыццё Мар’яна Антонавіча звязана з аграгарадком Войстам. Тут ён знайшоў другую палавінку, тут разам з любай жонкай гадаваў дваіх дзетак. У сорак восем гадоў стаў удаўцом: жанчына загінула пад коламі аўтобуса. На руках у мужчыны засталася малодшая сямігадовая дачушка, старэйшая вучылася на другім курсе ВНУ. Успамінаючы гісторыю саракагадовай даўніны, мой суразмоўца і цяпер не стрымлівае слёзы...

Маё ўяўленне малюе, як няпроста было тады Мар’яну Антонавічу прымяраць на сябе ролі хатняй гаспадыні і маці. “Косы малой заплятаў, каўнерыкі і манжэты на школьнай форме перашываў, урокі рабіць дапамагаў”, - пералічвае мой суразмоўца справы, якія жыццё навучыла выконваць яго, моцнага мужчыну.

Работа ў мясцовай гаспадарцы забірала шмат часу, у механіка – кожная хвіліна на рахунку. Напэўна, усе гэтыя справы прыглушалі боль і не пакідалі часу для літаратурнай творчасці. Толькі калі Мар’ян Антонавіч пайшоў на пенсію, узяўся пісаць вершы і прозу. “Сачыненні ў школе мяне не палохалі. Але памятаю, як раздаў настаўнік сшыткі, а там невялікая прыпіска: “Сачыненне заслугоўвае выдатнай адзнакі, за граматнасць – “два”.  Быў у мяне недахоп ведаў па граматыцы”, - прызнаецца мой суразмоўца.

Але калі голас сэрца не хоча шаптаць, то не варта ­стрымліваць парывы. Тым больш мой герой не прэтэндаваў і не прэтэндуе на высокае званне пісьменніка. Але тое, што ён стварыў за апошнія гадоў пятнаццаць, мае пэўную гістарычную і літаратурную значнасць. 

Мар’ян Антонавіч паказвае мне дзве кнігі: вершаў – “Роднымі сцежкамі” і прозы – “Памяць сэрца”. Свой творчы шлях у літаратуру пачаў з вялікай формы – з паэмы “Сказ пра родны калгас”, дзе праўдзівыя падзеі (не прыцішаная праўда) і героі - рэальныя людзі, нават прозвішчы не мяняў. Атрымаўся цікавы летапіс гаспадаркі.

Увогуле, кніга вершаў мае чатыры раздзелы: “Лірыка” (дзе аўтар выказвае замілаванне беларускай прыродай), “Віншаванні” (родным, суседзям, знаёмым), “Аб мове” (разважанні пра родную мову)  і “Успаміны”. Сярод вершаў – прысвячэнне жонцы, напісанае праз шмат гадоў пасля яе смерці. Пры жыцці вершаў для любімай жанчыны ён не пісаў…

Мар’ян Антонавіч прызнаецца, што ў кнізе прозы шмат рэальных фактаў, але і аўтарская фантазія прысутнічае. Раней па рабоце ён шмат ездзіў у камандзіроўкі, у грамадскім транспарце не спаў, а назіраў за пасажырамі, прыслухоўваўся да іх гаворкі. Убачанае і падслуханае лягло ў аснову празаічных твораў. Плюс багаты мясцовы матэрыял. ­Большасць людзей ідзе да аўталаўкі за каўбасой і хлебам, а мой суразмоўца – яшчэ і каб паслухаць, пра што бабкі гавораць. Не проста, каб даведац­ца пра апошнія навіны, а каб потым штосьці яшчэ напісаць.

Кніг Мар’яна Дзевятня вы не знойдзеце ў кніжных крамах. Гэта штучны (ручны!) тавар. Калі назапасілася багата вершаў і апавяданняў, аўтар вырашыў надрукаваць кнігі. Асваенне камп’ютара яму, чалавеку з інжынернай жылкай, не выклікала цяжкасцей. Сам тэксты набраў, сам раздрукаваў, сам зрабіў вокладку і сшыў старонкі (прыпомніў бацькаў вопыт, калі ён рамантаваў для вясковых бабуль касцельныя “ксёнжкі”). Цяпер гэтыя кнігі – сямейная рэліквія, якая не мае цаны.

Мой суразмоўца бярэ ў рукі планшэт і пачынае чытаць новыя вершы. У яго планах – ­напісаць яшчэ адну кнігу. Праўда, камп’ютар выйшаў са строю. Але неўзабаве абяцалі ­адрамантаваць. А значыць, яшчэ адна кніга абавязкова з’явіцца.

Галіна АНТОНАВА.

Фота аўтара. 

Статьи по теме: