21.02.2020
Смаргонскі землеўпарадкавальны атрад УП “Праектны інстытут “Гроднагіпразем” з’яўляецца адным з лепшых структурных падраздзяленняў Гродзенскай вобласці, аб чым сведчаць Ганаровыя граматы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, падзякі за працу ад галіновых ведамстваў.

Гэта падраздзяленне выконвае работы ў Смаргонскім і Астравецкім раёнах. Яны заключаюцца ў адабранні і прадастаўленні зямельных участкаў, папярэднім узгадненні месца размяшчэння, распрацоўцы праекта адводу, устанаўленні межаў на мясцовасці, падрыхтоўцы матэрыялаў дзяржаўнай рэгістрацыі зямельных участкаў, тапаграфічнай выканаўчай здымцы, ацэнцы нерухомай маёмасці і г. д.

Як адзначыла кіраўнік Наталля Сакалова, у арганізацыі працуюць высакакласныя спецыялісты. Усе маюць вышэйшую інжынерную адукацыю. Вельмі многа моладзі. Яна пераважае ў працоўным калектыве. Толькі тры работнікі са стажам больш за 30 гадоў.

IMG_7638.JPG

Начальнік землеўпарадкавальнага атрада Наталля САКАЛОВА 


Цесна супрацоўнічае землеўпарадкавальны атрад з упраўленнем і аддзелам землеўпарадкавання Смаргонскага і Астравецкага раёнаў, з сельвыканкамамі.

Асноўнымі заказчыкамі работ з’яўляюцца “Гроднааблгаз” і “Гроднаэнерга”. Што датычыць апошняй арганізацыі, то летась былі здадзены ў эксплуатацыю пускавыя комплексы, якія звязаны з будуемай АЭС. Цяпер выконваецца маштабная работа па рэканструкцыі высакавольтных ліній.

А вось заказчыкаў з ліку грамадзян становіцца ўсё менш, бо землеўпарадкавальнікамі была праведзена маштабная работа ў 2008 і 2010 гадах, таму каля 70% людзей у раёне маюць адпаведныя дакументы на аб’екты, якія будуюцца, і жылыя дамы. У садаводчых таварыствах лічба яшчэ большая.

Землеўпарадкавальны атрад аказвае грамадзянам паслугі па дзяржаўнай рэгістрацыі зямельных участкаў. Трэба толькі прыйсці ў райвыканкам ці сельвыканкам і напісаць заяву, а потым забраць пасведчанне на нерухомасць.

У рабоце спецыялістам добраўпарадкавальнай службы дапамагаюць новае сучаснае абсталяванне і праграмнае забеспячэнне, якое пастаянна ўдасканальваецца. Моладзь хутка асвойвае камп’ютарныя праграмы. Адным словам, умовы для працы добрыя. Ветэраны ўзгадваюць, што раней такіх не было, чарцілі праекты ўручную, а цяпер уся гэта работа выконваецца на камп’ютары.

Добра і тое, што ад гродзенскай галаўной арганізацыі ў Смаргоні працуе вядучы інжынерсектара тэхнічнага кантролю якасці Наталля Лысенка. Таму цяпер аб’екты, на якія афармляюцца дакументы, праходзяць кантроль на месцы. Раней гэтай справай займаліся калегі з абласнога цэнтра.

Наталля Мікалаеўна адзначыла, што спецыялістам землеўпарадкавальнага атрада прыходзіцца выконваць работы на тэрміновых аб’ектах. Гэта інвестыцыйныя праекты. Аб’ём задач па іх рэалізацыі вялікі, а час абмежаваны, таму інжынеры-землеўпарадкавальнікі іншым разам застаюцца пасля заканчэння працоўнага дня, каб папрацаваць з дакументамі.

Начальнік землеўпарадкавальнага атрада Наталля Сакалова цёпла выказалася пра маладых работнікаў Андрэя Кляпацкага і Вераніку Гулевіч. У іх працоўнай дзейнасці бачны істотны прагрэс, любую задачу заўсёды варашаюць паспяхова. Высакакласны спецыяліст Алеся Саковіч. Разам з Веранікай Гулевіч яны працуюць над аб’ектамі, рашэнне па якіх прымае кіраўнік нашай краіны.

IMG_7625.JPG

Вадзіцель аўтамабіля Сяргей ГРАДАБОЕЎ, інжынеры-землеўпарадкавальнікі Жанна ПРАХАРОВІЧ, Ганна САКОВІЧ і Віктар ГАЛІЦКІ з тэхнічным абсталяваннем


Цёплымі словамі ўзгадваюць у працоўным калектыве ветэранаў Веру Васільеўну Дуднік, якая была кіраўніком землеўпарадкавальнага атрада, былых работніц Ніну Уладзіміраўну Дурэйку і Зою Мікалаеўну Рудую, якія дзяліліся сваім багатым жыццёвым і прафесійным вопытам з маладымі спецыялістамі.

Начальнік землеўпарадкавальнага атрада Наталля Сакалова ў дзень прафесійнага свята зычыць ветэранам і работнікам гэтай арганізацыі творчых поспехаў, дабрабыту, здароўя, усяго самага найлепшага ў іх жыцці.

Юрый ЯНУШКЕВІЧ.

Фота аўтара.

Поделиться:

Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений