Ганчарнае кола часу: як ажывае старажытнае рамяство пад крэўскім небам
Тут, на фестывалі-кірмашы «Кераміка Крэва», сабраліся захавальнікі аднаго з самых старажытных рамёстваў Беларусі. 22 майстры з розных куткоў Беларусі прывезлі сюды не проста тавар, а часцінку сваёй душы, вылепленую і абпаленую ва ўнікальных творах.
Толькі раз у год тут адчыняюцца дзверы ў Каралеўства керамікі. Фестываль пачаўся з шэсця і ўрачыстага адкрыцця, дзе з удзелам майстроў былі праведены асаблівыя абрады на паспяховую працу.
Віталі ўдзельнікаў свята начальнік аддзела культуры райвыканкама Таццяна Ражэва і загадчык аддзела традыцыйнай мастацкай культуры абласнога метадычнага цэнтра Андрэй Пятрук.
На прэзентацыйных сталах керамістаў раскінулася пярэстая мазаіка з сотняў вырабаў. Ад традыцыйных крынак, місак і збаноў, чые формы стагоддзямі адточваліся ў беларускіх вёсках, да смелых аўтарскіх скульптур, ваз і дэкаратыўных пано. Кожны кераміст – новае адкрыццё.
Унікальнасць «Керамікі Крэва» – у яго жывым, працэсуальным характары. Гэта не проста кропка продажу. Гэта адкрытая майстэрня, дзе ў цэнтры – ганчарны круг. Майстар з Івянца Уладзімір Сасноўскі, сканцэнтраваны і спакойны, на вачах у публікі бясформенны камяк ператварае ў прыгожы выраб.
А непадалёк майстар з НаваельніАнатоль Кардаш у чатыры рукіз дзяўчынай на ганчарным крузе стварае вазу. Новы твор перадае вучаніцы і падрабязна расказвае, што зрабіць дома, каб ваза надоўга захавалася.
А далей ідзе вучоба асновам ручной лепкі без круга: «Вось так рабілі нашы продкі. Гліна – яна жывая, яе адчуваць трэба».
Размовы з майстрамі - асаблівая частка фестывалю. Яны кажуць не столькі пра кошт, колькі пра сваю філасофію, пошукі, любоў да матэрыялу.
«Такія фестывалі – гэта кісларод для нас. Тут мы абменьваемся досведам, зараджаемся энергіяй, бачым, што наша справа патрэбная людзям», - кажа Юрый Хрышчановіч са Смаргоні, які штогод удзельнічае ў фестываль-кірмашы.
«Крэва - асаблівае месца», - амаль хорам кажуць многія. – Сцены замка… Яны нібы падсілкоўваюць энергіяй. Ляпіць тут - як размаўляць з продкамі».
Падчас мерапрыемства майстры-керамісты мелі магчымасць паўдзельнічаць у фестывальных конкурсах: "Хатняе заданне" (выраб з гліны на вольную тэматыку) і на лепшы выраб з гліны, які створаны на месцы правядзення свята. Вынікі будуць падведзены напрыканцы фестывалю.
Каля муроў замка працавалі разнастайныя інтэрактыўныя і забаўляльныя пляцоўкі для ўсёй сям’і. Можна было пакаштаваць духмяныя традыцыйныя прысмакі, узвары, паслухаць жывыя спевы і музыку. На галоўнай сцэне выступілі фальклорны гурт «Лад» з Брэста, ваўкавыскія «Уладары»,іўеўская «Вечарынка» і смаргонскі «Хутарок».Лідскі "Талер" запрасіў на майстар-клас па побытавых танцах усіх жадаючых.
Для аматараў гісторыі былі арганізаваны экскурсіі па Крэўскаму замку і ў народны музей Крэўскай школы.
Удзельнікі народнага тэатра "СМОЛТ"праводзілі квэст-гульню "Шэпт крэўскіх камянёў".
…Да вечара сумкі гасцей сталі цяжкімі ад пакупак. Хтосьці набыў практычныя кубкі і талеркі, хтосьці – вытанчаныя інтэр’ерныя рэчы. Вязуць яны дадому не проста гліняныя вырабы, а часцінку цяпла, укладзеную рукамі майстра, адчуванне дачынення да старажытнага рамяства, памяць пра ганчарныя кругі на фоне сівых сцен Крэўскага замка.
Фестываль «Кераміка Крэва» - гэта своеасаблівае свята беларускай ідэнтычнасці, выражанай праз гліну і агонь. Гэта дыялог часоў, дзе старажытныя сцены натхняюць сучасных творцаў, а іх творы, у сваю чаргу, напаўняюць гістарычнае месца новай, жывой энергіяй. Гэта ўпэўненасць: пакуль рукі майстра датыкаюцца да гліны, а агонь запякае ў ёй прыгажосць і душу, прадаўжае жыць і непаўторная культура гэтай зямлі.