Памятнымі сцежкамі малой радзімы прайшлі вучні Залескай СШ


Все новости


Памятнымі сцежкамі малой радзімы прайшлі вучні Залескай СШ

Падчас адной вандроўкі па родным аграгарадку мы адзначылі, што наша Залессе расцвітае і прыгажэе. Радуюць вока абноўленыя фасады шматкватэрных дамоў, чакае новых жыхароў будынак былога прафілакторыя, рамантуюцца і засяляюцца пустыя дамы, ля сядзібы Агінскага з’явілася сучасная аўтастаянка. На ёй амаль не бывае пуста. Прыязджаюць турысты з усіх куточкаў Беларусі, іншых краін.

Падарожнічаючы па Залессі, нельга не звярнуць увагу на помнікі. Колькі іх тут? Аб чым яны могуць расказаць? Каб адказаць на гэтыя пытанні, мы адправіліся ў Залескі сельвыканкам. Там нам расказалі аб тым, што на тэрыторыі нашага сельсавета ўсяго 23 помнікі і пахаванні. За кожным з іх замацавана пэўная арганізацыя, якая займаецца добраўпарадкаваннем. На тэрыторыі Залесся знаходзяцца 4 памятныя знакі і пахаванні часоў Вялікай Айчыннай вайны.

Мы вырашылі сабраць інфармацыю аб помніках і скласці маршрут для новага падарожжа. У пошуках звестак мы пабывалі ў школьнай і сельскай бібліятэках, наведалі Смаргонскі гісторыка-краязнаўчы музей, школьны музей, сустракаліся з мясцовымі жыхарамі, што памятаюць  ваенныя гады. Ад іх дазналіся, як фашысты здзекваліся над нашымі землякамі, выкарыстоўвалі іх як жывы шчыт для размініравання дарог, як расстрэльвалі яўрэяў паблізу чыгункі, як мясцовыя жыхары насілі ежу для знясіленых цяжкай працай і голадам савецкіх салдат, што знаходзіліся ў залескім лагеры ваеннапалонных.

А яшчэ нашы аднавяскоўцы шануюць памяць ваеннага доктара П. Д. Ласкутова. Яго магіла знаходзіцца ў лясочку непадалёку ад Залесся. Нам расказвалі, што гэта быў вельмі ўважлівы, чулы і добры чалавек. Знаходзячыся ў няволі, ён лячыў мясцовых жыхароў, што падыходзілі да калючай агароджы за парадай.

Аб гераічнай смерці юных партызан Толі Кавязы і Васі Козела мы даведаліся з кнігі “Памяць”. Падабрацца да чыгункі і падарваць фашысцкі эшалон – такая задача стаяла перад сямнаццацігадовымі партызанамі. Ля самай чыгункі іх напаткала смерць. Хлопцы падарваліся на міне. Памятны знак на месцы гібелі адважных партызан, што паблізу філіяла №7 “Смаргоньсілікатабетон”, – першы прыпынак нашага паходу.

На другім прыпынку “Памятны знак на месцы масавага расстрэлу яўрэяў” мы расказалі гісторыю мясцовага жыхара Яўгена Іванавіча Рубана, якому ў той час было 14 гадоў. Яўген Іванаваіч падрабязна распавёў нам аб самім моманце расстрэлу яўрэяў. “Іх прывялі і паставілі на краі вялікай ямы. Людзі ўзяліся за рукі і пачалі маліцца на сваёй мове. Потым прагучалі выстралы, і яўрэі, як снапочкі, пачалі падаць у яму… Іх закапалі.  На наступны дзень на тым месцы яшчэ рухалася зямля …”

Трэці прыпынак – “Будынак, дзе ў гады Вялікай Айчыннай вайны размяшчаўся лагер ваеннапалонных”. Ён і цяпер быццам застыў у часе і выглядае сурова, нібы служыць напамінам аб тым, што трэба шанаваць мір і памятаць аб загінуўшых. Нам стала вядома, у якіх умовах жылі тут савецкія салдаты. Яны цяжка і па шмат гадзін працавалі на пракладцы чыгункі. Іх амаль не кармілі. Яўген Іванавіч Рубан сам неаднаразова прыносіў ежу ваеннапалонным.

Чацвёрты прыпынак – “Воінскае пахаванне Ласкутова П. Д.”. Тут пад спеў птушак і шум сосен і бяроз спіць ваенны доктар, чулы чалавек Павел Данілавіч Ласкутоў. Фашысты расстралялі яго ў 1944 годзе ў Залессі. Мясцовыя жыхары пахавалі доктара і да гэтай пары даглядаюць яго магілу.

Пяты прыпынак падарожжа – “Памятны знак землякам, загінуўшым у гады Вялікай Айчыннай вайны”. Ён знаходзіцца ў самым цэнтры Залесся ля мясцовага клуба. Абеліск з 65 прозвішчамі нашых землякоў, што загінулі ці прапалі без вестак далёка ад малой радзімы. На шыльдзе помніка выдзяляецца адно прозвішча: Гаварэнь В. В. Мы даведаліся,  што некалькі год таму, калі помнік рамантавалі, прозвішча знікла. Пляменнік героя, Гаварэнь Анатоль Іванавіч з вёскі Вётхава, расказаў нам аб тым, як звярнуўся ў архіў і вярнуў прозвішча роднага дзядзькі на абеліск.

Наша чарговае падарожжа па родным краі скончылася. Страшныя падзеі ваенных гадоў, аб якіх мы даведаліся, прымусілі задумацца аб тым, што мы можам і павінны захоўваць памяць аб загінуўшых людзях, тых, каму абавязаны жыццём. Яны думалі аб нас, сваіх нашчадках. Мы павінны помніць іх, захаваць памяць пакаленняў, каб не дапускаць паўтарэння трагічных падзей Вялікай Айчыннай вайны.

20240502_180729.jpg

20240502_180743.jpg

20240502_180807.jpg

1711368021084.jpg

IMG_4658.jpg

IMG_4700.jpg

IMG_20231004_132515.jpg

Таццяна Грышкевіч,

настаўнік пачатковых класаў дзяржаўнай установы адукацыі

“Залеская сярэдняя школа Смаргонскага раёна”
03.05.2024

Возврат к списку