Формула даўгалецця. Сто гадоў адзначае Ядвіга Мацаль


Все новости


Формула даўгалецця. Сто гадоў адзначае Ядвіга Мацаль

IMG_7957.JPG

IMG_7963.JPG

IMG_7978.JPG

Толькі мазалём і потам

“Па дакументах у мамы дзень нараджэння 6 снежня. А яна ўсё жыццё адзначае яго на Пакроў Святой Багародзіцы. Сцвярджае, што нарадзілася менавіта 14 кастрычніка, а запісалі пазней амаль на два месяцы”, - кажа  Леакадзія Іванаўна, дачка 100-гадовай юбіляркі.

Апошнія тры месяцы Ядвіга Феліксаўна жыве ў кватэры ў мікрараёне Усходні. А дагэтуль жыла ў сваёй роднай вёсцы Дуды, што на Валожыншчыне.

У восем гадоў яна засталася сіратой. Маці адна гадавала дзяўчынку. Сям’я мела  добры кавалак зямлі, а мужчынскіх рук не ставала. Ядвізе і шаснаццаці гадоў не споўнілася, як да яе пасватаўся хлопец (старэйшы на дванаццаць гадоў). І яна пайшла замуж. У доме, нарэшце, з’явіўся сапраўдны гаспадар. З мужам Ядвіга Феліксаўна пражыла паўстагоддзя.

“Ісці ў жыццё спрадвечным шляхам можна толькі з мазалём і потам”, - гэту ісціну Ядвіга засвоіла з ранніх гадоў, а пасля перадала ў спадчыну сваім дзецям і ўнукам.

IMG_8005.JPG

“Маці працавала ў калгасе спачатку звеннявой, яна нават удзельнічала ў Выставе дасягненняў народнай гаспадаркі, дзе атрымала медаль ВДНГ. А на пенсію пайшла, адпрацаваўшы працяглы час на ферме, - зазначае дачка юбіляркі. - Дома бацькі трымалі вялікую гаспадарку. І мы, усе тры дочкі (са Смаргоні, Маладзечна і Мінска), сем’ямі, кожныя выхадныя ездзілі ў Дуды дапамагаць па гаспадарцы”. Але не толькі праца аб’ядноўвала сем’і. І адпачынак таксама. Пасля працоўнага дня за сталом збіралася вялікая, дружная кампанія.

Багаты духоўны набытак

І жыхары вёскі паміж сабой былі вельмі дружнымі. На вяселле, акрамя “сваіх” гасцей, таксама запрашаліся ўсе “дудаўцы”. Леакадзія Іванаўна прыпомніла сваё вяселле. Калі маладыя пасля роспісу разам с часткай гасцей вярнуліся дадому, то за стол іх адразу не пасадзілі: чакалі пакуль вяскоўцы пакормяць-падояць жывёлу і прыйдуць віншаваць жаніха і нявесту.

Дуды – невялікія, усяго 23 хаты. І ўсе “дудаўцы” разам адзначалі Вялікдзень, Першамай, іншыя святы. Збіраліся звычайна ў кагосьці ў садзе, прыносілі прысмакі, рассцілалі посцілкі, елі, танцавалі, спявалі. Вельмі галасістая была вёска.

 “І бацькі мае добра спявалі. Мама і цяпер час ад часу зацягвае песню, усміхаецца - дачка Ядвігі Феліксаўны. – А яшчэ яна была цудоўнай рукадзельніцай. Вязала прыгожыя кофты і шкарпэткі, вышывала крыжыкам. Дома шмат рэчаў вышытых засталося, сярод іх ручнікі і нават абраз. Увесь мамін набытак у вёсцы захоўваецца. Для нас ён – вялікая каштоўнасць”.

IMG_7967.JPG

Выпрабаванні на трываласць

Безумоўна, нам вельмі хацелася выведаць формулу даўгалецця нашай гераіні. Ядвіга Феліксаўна адказала: “Жыві і працуй – і, калі Бог дасць, дажывеш да ста гадоў”. Сапраўды ніякіх асаблівых сакрэтаў ні ў харчаванні, ні ў ладзе жыцця юбіляркі мы не даведаліся. Акрамя аднаго: нарадзі дзіця ў сорак гадоў – і будзе вечна маладым. Менавіта ў такім узросце  Ядвіга Феліксаўна стала мамай у трэці раз.

Жыццё Ядвігі Мацаль – пастаянныя выпрабаванні на трываласць. Адправіла мужа на вайну, а сама ледзь выжыла пасля таго, як немцы сталі бамбіць іх вёску. “Я бегла праз поле, а з нямецкага самалёта па мне страляў немец, я скіравалася ў бок лесу, і там, пад хвоямі, схавалася”, - дзеліцца Ядвіга Феліксаўна горкімі ўспамінамі пра ваеннае ліхалецце, якія пранесла праз гады. 

А зусім нядаўна жанчыну спасцігла “чума ХХІ стагоддзя” – каранавірус. Трапіла ў Валожынскую бальніцу разам з другой дачкой. Ляжалі ў адной палаце. Вытрымала хваробу, а на папраўку пайшла яшчэ раней за дачку.

IMG_7984.JPG

Відаць, даўжыню чалавечага шляху на гэтай зямлі вызначае толькі Усявышні. І не варта шукаць іншых сакрэтаў. А той, каму Бог дае доўгае жыццё, і ёсць чалавек, які вельмі патрэбны ў гэтым свеце. З юбілеем, Ядвіга Феліксаўна!

Галіна АНТОНАВА.

Фота аўтара.

06.12.2021

Возврат к списку