Калі палюбіш жыццё – палюбіш працу

 

Калі палюбіш жыццё – палюбіш працу

Татьяна ЛЫСКОВА
16.09.2023
596
17 верасня знакавая дата для жыхара вёскі Стрыпуны Станіслава Жабінскага (на фота). Яму спаўняецца 90 гадоў. Станіслаў Іванавіч пражыў нялёгкае жыццё, але не згубіў аптымізму і веру ў лепшае.

IMG_9408.JPG

Больш за 60 гадоў жыцця Станіслава Жабінскага звязана са Стрыпунамі. Вуліца, на якой стаіць яго дом, і сёння называецца Школьнай. Калісьці непадалёку тут знахо­дзілася вясковая школа. У ёй усё сваё жыццё адпрацавала настаўніцай пачатковых класаў жонка Станіслава Іванавіча - Соф’я Васільеўна. У гэтай вёсцы яны пазнаёміліся і тут - пасля вяселля сталі будаваць хату. Раней Стрыпуны былі вялікай вёскай. Людзі пераязджалі і надоўга асядалі тут. Шкада, што цяпер па стрыпунскіх вуліцах не гайсае столькі басаногай дзетвары. Большасць з тых, хто гадаваўся тут, пераехала ў гарады. Сёння ў Стрыпунах пражывае пераважна пажылое насельніцтва. Такія людзі, як Станіслаў Іванавіч, адчуваюць моцную сувязь і з роднай хатай, і з зямлёй, на якой жывуць.

- Я нарадзіўся ў вёсцы Ябравічы ў 1933 годзе, - расказвае пра сваё дзяцінства Станіслаў Іванавіч. – У маіх бацькоў было пяцёра дзяцей. У 1939 маці памерла ад запалення лёгкіх. Бацька адзін нас гадаваў. Вайна, голад, холад… Праз два гады ад запалення лёгкіх памерла і малодшая сястрычка. Было ёй усяго тры гады.

У ліпені 1944 года Ябравічы трапілі пад фашысцкую бамбёжку. Былі знішчаны 22 хаты. Без жылля засталася і сям’я Жабінскіх. Бацька і дзеці пасяліліся ў гумне, і толькі праз пэўны час зрабілі да яго невялікую прыбудову для жылля. У 1945 годзе гаспадара забралі на работы на Урал. Больш чым год ён не быў дома. Чацвёра дзяцей гадаваліся адны.

- Не ведаю, як мы выжылі, - успамінае Станіслаў Іванавіч. - Есці не было чаго. Летам варылі шчаўе і збіралі ягады. А зімой і таго не было. Трымалі кароўку, але малака яна давала мала, бо карміць не было чым. У 12 гадоў сенаваць мне прыходзілася аднаму, - расказвае суразмоўца.

У першы клас Станіслаў Жабінскі пайшоў ажно ў лістападзе 1945 года. Дзеці ў яго класе вучыліся ўжо трэці месяц, а Станіслаў пайсці ў верасні не змог – трэба было ўзворваць зямлю і збожжа сеяць. А толькі калі палявыя работы скончыліся, можна было падумаць пра адукацыю.

- Буквара і сшытка я не меў. Пісаў на кавалках паперы, - успамінае Станіслаў Жабінскі. – У школу хадзіў толькі 5 месяцаў. А ў красавіку зноў перастаў наведваць заняткі – пачыналася праца ў полі.

У 1946 годзе бацька вярнуўся да дзяцей у Ябравічы. Вайна, голад і холад засталіся ў мінулым. Жыццё пачало наладжвацца. Паступова паставілі зруб хаты, усталявалі вокны, падбілі столь, паклалі падлогу. “Мой бацька быў вельмі добрым майстрам, браўся за любую працу. Працаваў дзень і ноч,” – расказвае Станіслаў Іванавіч.

У 1958 годзе Станіслаў Жабінскі ажаніўся і адразу ж пачаў будаваць хату ў Стрыпунах. Праз год маладая сям’я ўжо мела сваё жыллё. Талент майстра мужчына пераняў ад бацькі, ад яго ж дасталася і працавітасць. Станіслаў Іванавіч адпрацаваў усё жыццё ў калгасе шафёрам. Уласны аўтамабіль мужчына вадзіў нават у свае 80 гадоў.

З жонкай Станіслаў Іванавіч пражыў 64 гады. Разам выгадавалі двух дзяцей. На жаль, Соф’я Васільеўна не дажыла да 90-годдзя мужа. Сёння ў стрыпунскай хаце толькі адзін гаспадар. Мужчына расказвае, што кожныя выхадныя да яго наведваецца дачка, якая жыве ў Смаргоні. Сын прыязджае радзей, бо жыве ў Хабараўскім краі Расіі, але з татам ён заўсёды на сувязі.

- А ці ёсць у нашым раёне стогадовыя жыхары? – пытаецца падчас нашай гутаркі Станіслаў Жабінскі.

- Ёсць! – падбадзёрваю я суразмоўцу і бачу, як на яго твары з’яўляецца ўсмешка. На развітанне жадаю юбіляру дасягнуць запаветнага рубяжу і праз 10 год зноў стаць героем нашай публікацыі.

Таццяна ЛЫСКОВА.

Фота аўтара.



Интересные и актуальные новости Сморгонского района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!

 #Новости_Светлы_Шлях  #Люди_Сморгонщины

Статьи по теме: