Калі жанчына - усяму галава

 

Калі жанчына - усяму галава

Старожилы района
02.12.2019
2850
З’яўленне сівых валасоў напрамую звязана са зніжэннем ці поўным спыненнем выпрацоўкі фермента ціразіназы. Калі пачнецца гэты працэс, залежыць ад генетыкі. У біялагічным сэнсе сівізна лічыцца прыкметай і прамым следствам старэння арганізма.

А мая 85-гадовая гераіня – зусім не сівая. Я падумала: фарбуе валасы. Аказалася, не. “Ніколі я не займалася гэтай справай – ні валасы, ні вочы ніколі не размалёўвала”, - смяецца Галіна Вяршковіч. Не толькі валасы, але і душа выдае маладосць Галіны Уладзіміраўны.

IMG_5075.JPG

Яна жыццярадасная, любіць пажартаваць і на хваробы не скардзіцца. У шматдзетнай сям’і (бацькі гадавалі двух сыноў і дзвюх дачок) сярод дзяцей Галя была старэйшай. Дзяўчынцы і дзесяці гадоў не споўнілася, як тату забралі на вайну. Яна стала першай мамінай помочніцай. Пасля вайны пайшла ў школу, але скончыла толькі два класы, больш не атрымалася: трэба было каля хаты працаваць, а не вучыцца.

- А калі калгасы стварылі, у паляводчую брыгаду пайшла, - расказвае мая суразмоўца. - Работа за працадні. Ведаеце, што гэта такое? За “галачку”, за палачку. Лічы, бясплатна. У канцы года трохі нешта давалі за гэтыя “галачкі”... Уявіце сабе: дзень на полі працуем, а ўвечары лён абіваем. Прыйдзе брыгадзір правяраць работу. Не дай Бог, калі якую галоўку на сцяблінцы заўважыць. Працадзень не паставіць. Вось ужо строгі быў. Дваццаць гадоў у паляводстве адпрацавала. А як сталі ад насельніцтва малако збіраць, пайшла ў малаказборшчыкі. Працоўны стаж – 38 гадоў, 8 месяцаў і 20 дзён. Ветэран працы. Уладальніца медаля “За доблесную працу”.

- Мама лічылася ў раёне адной з першых малаказборшчыц. Раней такой прафессі не было, - робіць важнае ўдакладненне старэйшая дачка Ларыса. - У 1970 годзе меншую Наташу нарадзіла – праз пару месяцаў малако збіраць пачала. Дэкрэтных не давалі тады. Амаль дваццаць гадоў адпрацавала. Цяжка маме было: штодзень устаць у чатыры гадзіны раніцы. Каня запрэгчы. І на драўляных колах па гразі везці цэлы воз флягаў з малаком.

- Вясной па 8-10 флягаў згружала на каня, кожная - па 40 літраў і сама фляга 8 кілаграмаў, - зазначае Галіна Уладзіміраўна. – За дзень двойчы трэба было так загрузіцца. Да 25 флягаў малака ў дзень людзі здавалі. А мая зарплата ад колькасці прынятага малака залежыла: 2 капейкі за літр атрымлівала.

- З канём цяжка было ўпраўляцца?

- Не! Ой, як мяне мой конік любіў. У любым месцы пастаўлю, нікуды не збяжыць. Не трэба было і прывязваць, ён мяне “чуў”.

- Мы, як падраслі, дапамагалі маме малако збіраць, асабліва, калі тата загінуў…, - робіць яшчэ адно ўдакладненне дачка.

- Разбіўся на матацыкле ў 1974 годзе. 40 гадоў толькі меў, а я – 38, засталася ўдавой з трыма дзецьмі, - працягвае аповед Галіна Уладзіміраўна.

– Цяжка было і мне, і дзецям. У мяне, бывала, пыталіся, як я адна, без мужчыны, з гаспадаркай упраўляюся. Пра якога мужчыну магла ісці гаворка, калі адно жаданне было: прылегчы ды паспаць крыху. А дзяцей трое…Хіба нармальны мужчына пойдзе на чужое? А прыблуда – навошта ён патрэбен?

Дзеці былі і застаюцца сэнсам жыцця Галіны Уладзіміраўны. А яна – галоўны ўнутраны стрыжань роду і гаючая сіла. Калі дзеці падраслі, адышлі ад маці. Алене пакінулі. Ніводных выхадных Галіна Уладзіміраўна не пражыла адна. Кожную суботу ў Сяльцы – сямейны рытуал: лазня, аладкі, клёцкі і шчырыя размовы за сталом. На Каляды і Вялікдзень за вялікім сталом збіраюцца дзеці, сямёра ўнукаў, 10 праўнукаў.

І святкавала 85-годдзе жанчына ў такой жа кампаніі. Галіна Уладзіміраўна – усяму галава.

Галіна АНТОНАВА.

Фота аўтара.