Маладзільныя яблыкі Вацлава Гражуля

Общество
06.03.2015
1694
Калі Вацлаву Браніслававічу Гражулю споўнілася восемдзясят гадоў, адна знаёмая сказала: “Ты столькі пражыў, бо табе ўсё жыццё шмат людзей дзякавалі і дзякуюць”.
Няма ў жывых ужо той знаёмай. А Вацлаву Браніслававічу сёння дзевяноста. І ён з аптымізмам глядзіць у будучыню: “Сто гадоў пражыць рэальна!”

2Дык што гэта за маладзільныя яблыкі такія есць наш герой? Гэта плады яго працы. За што ўсё жыццё яму дзякуюць людзі? За яго залатыя рукі. Па ўсёй акрузе з маладосці Вацлава Гражуля ведалі як цудоўнага сталяра і цесляра. 

“Зрабіць вокны, дзверы, падлогу – калі ласка. Абшыць вагонкай – без праблем. А колькі трунаў перарабіў – і не падлічыць. Раней іх было не купіць, - удакладняе суразмоўца. – Таму людзі ішлі і ішлі да мяне, адмовіць не мог. Працаваў дапазна, бо цэлы ж дзень у калгасе, таксама сталярнічаў”.

На свае дзевяноста юбіляр выглядае выдатна. Без ботакса, дарагіх крэмаў для скуры і пластычных аперацый яго твар захаваўся, як у сямідзясяцігадовага. Дый і ўвогуле на здароўе Вацлаў Браніслававіч асабліва не скардзіцца: “Ногі крыху пабольваюць. Памяць часам падводзіць, прыглох, а ў цэлым добра сябе адчуваю”.

У сям’і, дзе выхоўваўся Вацлаў Гражуль, былі два сыны і тры дачкі. Усе яны цяпер сталага веку. “І ўсе жывыя! Мужоў, жонак пахавалі, а самі во жывём”, - усміхаецца юбіляр.

Ён аптыміст, хаця цяжкасцяў на сваім вяку зведаў. Сына маладога пахаваў. Пяць гадоў, як удавец. Трохі не дажыла жонка да брыльянтавага вяселля. Вацлаў Браніслававіч пералічвае жончыны якасці: “Добрая яна была, мая Марыя Адольфаўна. Гаспадарлівая, разумела мяне, падтрымлівала”. Гэтым якасцям вучыла дачок. Цяпер яны – бацькава падтрымка. Не забываюць пра дзядулю і ўнукі, іх у Вацлава Браніслававіча пяцёра і восем праўнукаў.

Не забываюць пра Вацлава Браніслававіча і ў сельсавеце, і ў школе, і старшыня ветэранскай арганізацыі філіяла “Жодзішкі” Зінаіда Ігнатовіч. Яго запрашаюць на ўрачыстасці, прысвечаныя Дню Перамогі і Дню вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны. У васямнаццаць гадоў, следам за бацькам, пайшоў на фронт. Было гэта ў сорак трэцім. Ваяваў на тэрыторыі Латвіі. А пасля, у 1945 годзе, яго разам з іншымі ваеннаслужачымі пасадзілі ў цягнік і больш за два тыдні везлі ў невядомым кірунку. Як аказалася пазней, у Таджыкістан. Там ён праслужыў да 1948 года. Савецкая-японская вайна так надоўга затрымала.

Вацлаў Браніслававіч прызнаецца, што вайна назаўсёды пасялілася ў яго сэрцы. Глядзець пра яе (пра тыя ж падзеі ва Украіне) па тэлевізары нават не можа. Вельмі балюча.

Не забываюць жодзішкаўскага майстра і вяскоўцы. Сякеру ці нажніцы патачыць, рамкі для вулляў зрабіць, ці іншую якую дробязь – мужчына з радасцю згаджаецца і накіроўваецца ў сваю майстэрню. Паказаў і нам яе. Па ўсім відаць, часта тут майстар бывае. Падзяку людскую тут здабывае. Значыць, жыць будзе яшчэ доўга.

Аляксандра ЦЫБОЎСКАЯ.
Фота аўтара.