Жыццё па спіралі: ад палёў да паэзіі і хлебнага водару

Жыццё па спіралі: ад палёў да паэзіі і хлебнага водару

Общество
15.11.2025
213

Як сумясціць у адным лёсе любоў да зямлі і літаратуры, адказную працу інжынера і творчасць паэта? Адказ на гэта пытанне – жыццёвы шлях Ірыны ІВАШКЕВІЧ, чалавека, чыя біяграфія чытаецца як займальны раман. Аграном, бібліятэкар, інжынер па ахове працы, паэтка,  хлебапёк… Усе гэтыя ролі гарманічна перапляліся ў нашай гераіні, стварыўшы ўнікальную карціну цэласнага і насычанага жыцця.

Гісторыя Ірына Эдвардаўны – сведчанне таго, што вытокі сапраўднай мудрасці і ўнутранай гармоніі крыюцца ў павазе да сваіх каранёў, любові да роднага слова і ва ўменні знаходзіць шчасце ў простых рэчах.

IMG_0522.JPG

«Любоў да сельскай гаспадаркі – у мяне ў крыві»

Ірына Эдвардаўна, Ваш прафесійны шлях надзвычай унікальны: медрэгістратар, аграном, бібліятэкар, інжынер па ахове працы… Напэўна, гэта не проста радкі ў працоўнай кніжцы, а заканамерныя віткі Вашай жыццёвай спіралі. Раскажыце, дзе яе пачатак?

– Усе мае карані – у нашай зямлі. Нарадзілася я на хутары паблізу вёскі Дыбунькі. Пазней наша сям’я пераехала ў Пагарэльшчыну. Мае бацькі ўсё жыццё шчыравалі на зямлі: мама – паляводам, бацька – трактарыстам. З татам я «апрацавала» ўсе калгасныя палі, для мяне паездкі на трактары былі любімым «атракцыёнам» з малых гадоў.

Я вучылася ў Лакачоўскай школе. У нас былі цудоўныя настаўнікі, патрабавальныя, улюбёныя ў дзяцей і ў свой прадмет. Настаўніца беларускай мовы і літаратуры Ганна Вацлаваўна Янцэвіч прывіла мне  любоў да роднай мовы, цікавасць да твораў класікаў беларускай літаратуры. Расціслаў Сцяпанавіч Шчасны (пазней ён атрымаў званне «Заслужаны настаўнік Беларусі») выкладаў у нас гісторыю, геаграфію і працу, ладзіў цудоўныя краязнаўчыя мерапрыемствы, вадзіў у паходы.  

Наогул, у нас было шмат працатэрапіі. Мы капалі калгасную бульбу, падымалі лён, палолі буракі. Каля школы быў сад, агарод і вялікі кветнік, там мы таксама шчыравалі разам з Расціславам Сцяпанавічам. А дома чакала хатняя гаспадарка: у нас заўсёды былі каровы, конь, свінні. Улетку мы з сяброўкай Валяй зараблялі свае першыя грошы на зернесушыльным комплексе. Жніво для мяне было асаблівай парой. У гэты час мяне перапаўнялі ўзвышаныя пачуцці, бо я была сведкай, як збіраецца ўраджай для будучага хлеба.

– Таму выбар прафесіі быў заканамерны – Вы паступілі ў Гродзенскі сельскагаспадарчы інстытут, каб атрымаць спецыяльнасць агранома...

– Мне здаецца, любоў да сельскай гаспадаркі – у мяне ў крыві: для бацькоў калгас быў другім домам. У 1992 годзе я скончыла школу і паступіла ў інстытут на завочнае аддзяленне. Але не адразу прыйшла ў сельскую гаспадарку. Пачынала сваю працоўную дзейнасць медрэгістратарам у Войстамскай бальніцы. І толькі пасля заканчэння ВНУ – аграномам у калгас «Савецкая Беларусія», потым стала інжынерам па ахове працы. Крыху папрацавала ў Войстамскім сельвыканкаме. Неўзабаве яго далучылі да Вішнеўскага – і мне прапанавалі пасаду бібліятэкара ў Войстамскай бібліятэцы. 

«У нас у сям’і быў культ кнігі»

5.jpg

– І Вы не пабаяліся кардынальна змяніць поле дзейнасці?

– Не. Бо для мяне кніга з малых гадоў была бясцэнным скарбам. Нягледзячы на тое, што мае бацькі былі звычайнымі калгаснікамі, менавіта яны ўзрасцілі ўва мне зярняткі любові да чытання. У нас у сям’і быў культ кнігі. Дзе мяне можна было заспець у вольны час? За чытаннем. Што аб’ядноўвала нашу сям’ю  зімовымі вечарамі? Кніга. Памятаю, як я ляжу на печы, маці шые, а бацька ўслых чытае. Для нас новае выданне было глытком свежага паветра. Тата быў настолькі апантаны чытаннем, што да апошняга ўздыху не выпускаў кнігу з рук.

– Бібліятэка стала для Вас не проста месцам работы?

– На мой погляд, бібліятэка – гэта прастора, дзе культура і літаратура становяцца часткай паўсядзённага жыцця людзей. Я з задавальненнем ладзіла літаратурныя вечарыны, сустрэчы ў клубе «Гаспадыня», дапамагала дзецям і дарослым адкрываць для сябе новых аўтараў, знаходзіць адказы на свае пытанні ў кнігах. Мы здымалі відэа пад рубрыкай «Ці ведаеце вы што…» – расказвалі пра чэкіста Аляксандра Іванова, які загінуў пасля вайны ад рук бандытаў пад Войстамам, пра беларускага пісьменніка Уладзіміра Караткевіча і іншых вядомых людзей. Рабілі відэаагляды. Героем відэарубрыкі «Апошнія сведкі вайны» стаў мой бацька, які перажыў ваеннае ліхалецце.

3.jpg

– Відаць, працуючы бібліятэкарам, Вы чэрпалі натхненне і на стварэнне сваіх твораў.

– Безумоўна, творчасць іншых аўтараў дапамагае спасцігаць таямніцу стварэння паэзіі. Свой першы вершаваны твор пра Чырвоную Шапачку я напісала, калі вучылася ў другім класе. Натхніўшыся творчасцю Якуба Коласа, Янкі Купалы, Максіма Багдановіча, стала пісаць вершы пра родную мову, пра малую радзіму. На першым часе настаўнікі не верылі, што гэта мае творы. У 1990–х гадах газета «Светлы шлях» упершыню надрукавала нізку маіх вершаў на «Літаратурнай старонцы». Час, калі я працавала ў бібліятэцы, быў найбольш плённы для напісання вершаў. За дзесяць гадоў у мяне назапасіўся даволі багаты творчы багаж.

«Галоўнае – ва ўсім знаходзіць гармонію»

11.jpg

– У 2023 годзе адбылося Ваша вяртанне ў сферу АПК. І на тую ж пасаду, з якой пакінулі сельгаспрадпрыемства…

– Я вярнулася да аграрнай тэмы, але ўжо з іншым багажом. Мая цяперашняя работа ў КСУП «Саўбел 2016» – гэта вялікая адказнасць. Калі размова ідзе пра здароўе і жыццё людзей, то гэта патрабуе сабранасці, ведаў, умення дамаўляцца. І той вопыт зносін, які атрымала ў бібліятэцы і сельсавеце, тут аказаўся бясцэнным.

10.jpg

– Раскажыце пра сваю сям’ю.

– Мая сям’я – гэта мужчыны, якія мяне акружаюць: муж і два сыны. Дзеці – наш гонар. Старэйшы Яўген працуе аператарам станка на вілейскім прадпрыемстве «Зеніт». Меншы Яраслаў вучыцца ў Ашмянскім аграрна-эканамічным каледжы на тэхніка-праграміста. Неймаверны ўлюбёны ў неба і зоркі. У вольны час тэлескоп не выпускае з рук. Яраслаў здымае відэа для Цік-Тока, у якіх расказвае пра сваё захапленне астраноміяй. 

4.jpg

– Гэта неверагодна! А яшчэ нам вядома, што ў Вашай хаце ў Абрамаўшчыне пануе адмысловы, хлебны дух...

– Так, выпечка хатняга хлеба – маё захапленне. Рэцэптамі і закваскай у свой час падзялілася знаёмая з Вішнева Валянціна Жлаба. Я купіла спецыяльныя формачкі, эксперыментую з цельназерневай мукой, рознымі дабаўкамі: пажытнікам і цыбуляй,  кменам і кумінам. Самы шчаслівы момант – калі толькі што спечаны хлеб вымаеш з духоўкі (гэта адбываецца традыцыйна кожную суботу). Хата напаўняецца ні з чым не параўнальным водарам. Для мяне гэта і ёсць самы галоўны сімвал утульнасці, дабрабыту і простага чалавечага шчасця.

21.jpg

9.jpg

– Напрыканцы размовы падзяліцеся сакрэтам як паспяхова сумяшчаць такія розныя ролі: адказнага інжынера, паэта, гаспадыні?..

– Напэўна, ніякага сакрэту няма. Мне здаецца, я засвоіла адну простую ісціну: жыццё, як добрая кніга, павінна быць шматгранным і насычаным. Любоў да чытання і да роднай зямлі, якую выхавалі  бацькі і настаўнікі, дае грунтоўнасць. Творчасць і кнігі напаўняюць душу, а праца на зямлі  фізічна аднаўляе. Родныя даюць сэнс і сілы. Галоўнае – ва ўсім знаходзіць гармонію і шанаваць самыя маленькія, але такія важныя моманты, з якіх і складаецца наша жыццё.

Галіна АНТОНАВА

Фота аўтара і з архіва Ірыны ІВАШКЕВІЧ

Статьи по теме: