Суцькаўская мураваная царква: скрозь прызму гісторыі

Суцькаўская мураваная царква: скрозь прызму гісторыі

Общество
01.11.2025
292

У кінастужцы Андрэя Таркоўскага адзін з герояў прамовіў: «Страшна, калі ў храме ідзе снег». Гэтымі словамі вядомы рэжысёр выказаў думку, што ў разбураным храме, без даху над галавой, адсутнічае духоўнае жыццё і пануе холад забыцця. Але нашмат жахлівым было б, калі такую знявечаную святыню ў далейшым зруйнавалі дашчэнту самі вернікі, расцягнуўшы цаглінкі будынка на свае гаспадарчыя патрэбы і тым самым сцёрлі ўсе сляды яе існавання ў мінулым.

Сёння руіны былой Суцькаўскай мураванай царквы з’яўляюцца не толькі сумным напамінам пра трагічныя вынікі Першай сусветнай вайны, але ўнікальным матэрыяльным помнікам нашай спадчыны.

Час пабудовы святыні дакладна не адзначаны ў пісьмовых крыніцах. Вядома, што ў 1731 годзе ашмянскі мастаўнічы Уладзіслаў Маркоўскі са сваёю жонкай Канстанцыяй з Княжэвічаў, будучы бяздзетнымі, ахвяравалі свой маёнтак Суцькаў з вёскамі, якія да яго належалі, на заснаванне і ўтрыманне базыліянскага манастыра пры ўжо існуючай Суцькаўскай царкве. З фундушовага запісу вынікала, што пяць манахаў, якія сюды прыехалі, кожны тыдзень здзяйсняць па дзве імшы за заснавальнікаў манастыра, дзве імшы – за іх родных і адну – за нявінна пакрыўджаных людзей.

храм.jpg

Асвячэнне новазбудаванай царквы ў Суцькаве адбылося 6 жніўня 1808 года. З гэтай нагоды айцец Бенедыкт Ленартовіч, тагачасны настаўнік тэалогіі ў Барунскім і Суцькаўскім манастырах, прамовіў казанне, якое было ў 1810 годзе выдадзена ў Вільні асобным творам. Пра жыццё прыходу ў тыя часы даюць уяўленне наступныя звесткі за 1814 год: колькасць вернікаў складала 255 чалавек, было ахрышчана – 19, памерла – 8, пабраліся шлюбам 2 пары.

Падзеі паўстання 1831 года пакінулі трагічны адбітак на пабудовах тутэйшага манастыра. У пачатку красавіка суцькаўскія базыліяне сустракалі тут паўстанцаў, якія потым рушылі праз Крэва на Вішнева. Перад іх адыходам, сюды прыбылі на падтрымку паўстання больш за дваццаць віленскіх студэнтаў з поўным узбраеннем. А ўжо ў лістападзе таго ж года грэка-ўніяцкая духоўная калегія даносіла, што ўсе пабудовы Суцькаўскага манастыра, акрамя царквы, згарэлі, а манахі былі пераведзены ў іншыя абіцелі базыліянаў. З гэтай нагоды было закрыта мясцовае парафіяльная вучылішча, а фундуш Суцькаўскага манастыра злучаны з Барунскім манастыром – для заснавання там павятовага духоўнага вучылішча з утрыманнем 20 выхаванцаў.

Пасля скасавання ўніяцтва ў 1839 годзе, царква базыліянаў перайшла ў праваслаўнае ведамства, і ў яе сценах размясцілася ­Спаса-Праабражэнская царква. У гэтым жа годзе да прыходу ў Суцькаве быў далучаны прыход былой уніяцкай царквы ў Мысе. З 1858 па 1863 гады царква капітальна рамантуецца на сродкі Віленскай палаты дзяржаўнай маёмасці. Другі капітальны рамонт храма праводзіўся ў 1905 годзе і 14 верасня адбылося асвячэнне святыні Ашмянскім благачынным І. Калінскім з удзелам некалькіх святароў благачыння і пры вялікім сходзе веруючых.

З 1876 па 1893 гады святаром Суцькаўскай Праабражэнскай царквы быў Іоан Іванавіч Канцэвіч. Затым да 1915 года набажэнства ў царкве праводзіў сын ранейшага святара, выпускнік Літоўскай духоўнай семінарыі ў другім разрадзе, Іоан Іоанавіч Канцэвіч. З 1912 года ён з’яўляўся памочнікам ашмянскага благачыннага. Гэтыя паважаныя і аўтарытэтныя рэлігійныя дзеячы за старанную службу неаднаразова атрымоўвалі падзякі, узнагароды і грашовыя прэміі ад епархіяльнага начальства.

храм 2.jpg

Майстэрства таленавітых дойлідаў мінулага ў поўнай ступені раскрылася ў архітэктуры Праабражэнскай царквы. Узведзена яна была на схіле гары ў маляўнічым месцы, пры старадаўняй паштовай дарозе. Мела выгляд трохнефавай базілікі з бязвежавым фасадам. Напярэдадні Першай сусветнай вайны на гонтавым даху, бліжэй да фасада, узвышаўся купал з шасціканцовым крыжам. У будынку налічвалася 24 акны і 9 дзвярэй. Цэнтральны вялікі алтар размяшчаўся на ўсходняй тарцовай сцяне, процілеглай галоўнаму ўваходу. Паміж шасці калон алтарнага порціка ўзвышалася прыгожае барокавае распяцце Божага Пераўтварэння. Шанаванае аднолькава католікамі і праваслаўнымі распяцце лічылася цудатворным. Апошнім яго цудам стала нараджэнне сына ў бацькоў, якія на працягу 16 гадоў не мелі дзяцей, за гэта яны ахвяравалі заслону для распяцця.

Паміж разарваным франтонам другога яруса алтара, знаходзілася авальнае вакно з сакавітым ляпным раслінным арнаментам вакол яго. На левым баку цэнтральнага нефа царквы ўзвышалася кафедра для казанняў з шатамі і статуяй анёла, які трымаў у руцэ світак. У алтары левага нефа знаходзіўся цудатворны абраз Богамаці. З ім звязана паданне, што яго нябесная заступніца спыніла халеру ў той мясцовасці і пакарала французаў, якія спрабавалі зняць з абраза ўпрыгожванні.

Падлога пры ўваходзе, пад хорамі, у былых закрысціях была выкладзена з цэглы, а каля алтара і пасярэдзіне нефаў была драўлянай. Пад падлогай знаходзілася мураваная крыпта. Царкоўны цвінтар у час апошняга, перадваеннага рамонту, быў абнесены мурам з бутавага каменю. Ва ўваходнай браме царкоўнай агароджы была ўладкавана званіца на двух каменных слупах. На ёй прымацаваны тры званы. Пераліты яны былі ў гэтым годзе на ­памяць пра 25-годдзе служэння святара Іоана Канцэвіча ў іерэйскім сане. У далейшым іх чакаў сумны лёс: летам 1915 года званы былі зняты і іх след губляецца ў час эвакуацыі. У вайну быў перанесены ў недалёкі ад Суцькава храм-бліндаж  белы драўляны іканастас, далейшы лёс якога таксама застаецца не высветленым.

З надыходам ваенных дзеянняў на Смаргоншчыну напрыканцы верасня 1915 года, Суцькаўскі храм апынуўся на перадавой. Па ўспамінах старажыла І. Бурко «у сутарэннях царквы быў размешчаны перадавы перавязачны пункт, з якога ноччу параненых і загінуўшых вывозілі ў Кеўлы». Сцены царквы сталі выдатным арыенцірам для варожай артылерыі і па ім быў засяроджаны агонь праціўніка. У вайну храм атрымаў сур’ёзныя пашкоджанні: яго фасад быў цалкам знішчаны, драўляная частка даху згарэла, а цагляныя перакрыцці абваліліся, апала частка тынкоўкі, выбоіны ад аскепкаў снарадаў і куль на сценах бачны і сёння.

На працягу некалькіх пасляваенных гадоў непакрыты будынак яшчэ больш ператвараецца ў руіны. Вярнуўшыся з бежанства мясцовыя жыхары адраджаюць не толькі свае гаспадаркі, цяжкай працай загойваюць шнары былога ліхалецця, але вырашаюць аднавіць дзейнасць царквы. З гэтай мэтай у 1928 годзе святар Платон Сліж звяртаецца за матэрыяльнай дапамогай да суайчыннікаў і праваслаўных вернікаў у Амерыку. У наступным ­годзе ў Суцькаве самадзейны драматычны гурток з Шутавіч ладзіць вечарыну з пастаноўкай спектакля «Мікітаў лапаць», увесь даход ад якой накіроўваецца на адбудову святыні. Праводзяцца і іншыя акцыі, але сабраных грошай відавочна не хапіла для рамонту і ўзнаўлення мураванай царквы. Таму побач узводзіцца драўляная царква з двума купаламі, а былую Спаса-Праабражэнскую царкву пачынаюць незаконна разбіраць: ашмянскі стараста даў цішком дазвол на знос мураванай святыні ў Суцькаве. Матывуючы гэта тым, што будынак усё адно развальваецца, а цэглу можна выкарыстаць пад сельскагаспадарчую школу ў Антанове, што пад Барунамі. 

храм 1.jpg

Па рэкамендацыі кансерватара разбіраць Суцькаўскую царкву не сталі. Яе руіны вымераны і зроблены фатаграфічныя здымкі. Сёння гэтыя фота захоўваюцца ў Дзяржаўным гістарычным архіве Літвы. Мне пашчасціла пазнаёміцца з гэтымі каштоўнымі дакументамі тагачаснага стану культавага помніка. Здымкі выканаў вядомы віленскі фатограф Ян Булгак і датуюцца яны 1928 і 1929 гадамі. Калі на ранейшых па часе фота стан царквы амаль нічым не адрозніваецца ад яе выгляду ў ваенны перыяд, то на пазнейшых фота можна заўважыць шмат змен. Часткова разабраны скляпенні і верхні пас муроўкі, таксама даволі значна разабраныя бакавыя нефы. Каля царквы захоўваюцца ­складзеная ў кубы цэгла з разбору. Параўноўваючы гэтыя фотаздымкі з сучасным станам помніка, трэба адзначыць, што ў наш час муроўка бакавых нефаў адсутнічае поўнасцю. Усё адбілася ў трагічным лёсе помніка, як у люстэрку: войны, пажары, палітычная нестабільнасць, атэістычная ваяўнічасць… Але ён выстаяў і сёння з’яўляецца часткай мураванага летапісу нашай гісторыі.

Уладзімір ПРЫХАЧ

Теги: общество

Статьи по теме: