У Крэўскай сярэдняй школе прайшла кранальная і значная акцыя «Сад надзеі», у якой дружна прынялі ўдзел не толькі вучні, але і іх бацькі, і настаўнікі.
«Сад надзеі» Крэўскай школы: добрыя традыцыі, якія пладаносяць
«Пасадка яблынь – наша добрая традыцыя, якая ўкаранілася, – зазначыла дырэктар Крэўскай сярэдняй школы Таццяна Капыш. – Цяперашнія выпускнікі – гэта ўжо чацвёрты клас, які пакідае пасля сябе не проста памяць, а сімвал, які жыве, развіваецца, пладаносіць. Для нас гэта вельмі важна».
Акцыя ладзіцца ў асаблівы перыяд – Тыдзень бацькоўскай любові, што надае мерапрыемству глыбокі сямейны сэнс. Сумесная праца на карысць роднай школы аб’ядноўвае пакаленні і ўмацоўвае сувязь паміж сям’ёй і школай.
Яблыня ў гэтай традыцыі абрана не выпадкова. Яна з’яўляецца шматгранным сімвалам: гэтак жа як дрэва пускае карані, расце і квітнее, так і школа працягвае развівацца, даваць веды і прыносіць плён – выпускаць у дарослае жыццё таленавітых вучняў.
І гэта метафара ўжо атрымала практычнае пацвярджэнне. Першыя яблыні падарылі школе свой ураджай. Цікава, што сабраныя яблыкі сталі не толькі прадметам гонару, але і пачастункам для гасцей. Падчас семінара для намеснікаў дырэктараў па выхаваўчай рабоце ўдзельнікам мерапрыемства прапанавалі пакаштаваць плады са школьнага сада.
«Сад надзеі» – больш, чым азеляненне тэрыторыі. Гэта жывы летапіс, у якім кожны выпуск пакідае сваю зялёную старонку. Гэта інвестыцыя ў будучыню, якая з кожным годам будзе квітнець усё пышней, нагадваючы новым пакаленням вучняў пра тых, хто беражліва высадзіў дрэвы з верай у светлае заўтра.

Галіна АНТОНАВА
Фота з архіва Крэўскай СШ

