Калі рыфма лечыць душу. Як смаргонец Віталь Чыжэўскі ў вершах захоўвае памяць пра дзядулю

Калі рыфма лечыць душу. Як смаргонец Віталь Чыжэўскі ў вершах захоўвае памяць пра дзядулю

Общество
15.08.2025
534

Віктар ГЛІНСКІ быў дужым вясковым мужыком, жыў у Вялікай Мысе, шмат гадоў адпрацаваў у мясцовай гаспадарцы механізатарам. Яго рукі, вузлаватыя, як карані старой грушы, ведалі мову зямлі. А сэрца змяшчала цішыню палёў і мудрасць, пра якую не пішуць у падручніках. Калі нарадзіўся першы ўнук Віталь, дзядуля не пабег у магазін за дарагой цацкай.  Ён узяў рыдлёўку, выйшаў у сад і пасадзіў яблыню.

Чижевский.jpg

Хлапчук часта прыязджаў у вёску. Ён рос побач з дрэвам. Спачатку гэта была яблыня, якая мела патрэбу ў апоры, як і сам малы, які трымаўся за дзядулевы пальцы.  Потым – моцны парастак, што цягнецца да сонца. І нарэшце, – маладое  дрэва, якое налілося сілай і падарыла першыя плады. Віталь да таго часу ўжо ўпэўнена стаў на ногі.

«З дзяцінства я палюбіў Вялікую Мысу. Гэтая вёска сапраўды была вялікай. Шмат дзяцей і моладзі, асабліва ўлетку. Мы любілі збірацца ў клубе: глядзець кіно, танцаваць.  Сумаваць не даводзілася: днём было шмат працы, а ўвечары – забаў», – успамінае 41-гадовы Віталь Чыжэўскі. – Дзед навучыў мяне не баяцца вясковай працы. Бывала, садзіў у трактар, і мы ехалі працаваць у поле.

Сыноў у дзядулі не было, з бабуляй яны выгадавалі дзвюх дачок, напэўна, яму было цікава перадаваць свой мужчынскі досвед мне… Дзядулі не стала ў 2019 годзе.  Ён памёр ва ўзросце 86 гадоў. Але мая памяць захоўвае шмат успамінаў, аднойчы я сеў і напісаў з гэтай нагоды верш».

…Віталь жыве ў горадзе, у яго свая справа. «У Вялікай Мысе бываю даволі часта, хаця ў доме дзядулі і бабулі ніхто не жыве. Бабуля перабралася да дзяцей у горад, ёй складана адной у вёсцы знаходзіцца, – удакладняе суразмоўца. – За хатай імкнёмся прыглядаць, абкошваць тэрыторыю каля яе. Гэта не проста дом і ўчастак, не проста вёска, якіх у раёне – сотні, – гэта важны для мяне адрэзак жыцця».

                          Дзядулева яблынька

Калі я нарадзіўся, маленькі быў зусім,

Дзядуля ў гонар даты мне дрэўца пасадзіў.

Ды дрэўца незвычайнае, а яблынькі расток,

З гадамі дрэва вырасла – відаць яно здалёк

 

Дзядулі любага няма даўным-даўно,

А яблыня прыгожая – мне памяць ад яго.

Па восені я яблыкі ля яе збіраю,

Кожны раз дзяцінства сваё ўспамінаю.

 

Я помню, як аралі і помню, як касілі,

Я помню, як капалі і помню, як сушылі.

Я помню – у поле гналі, я помню скваркі смак,

Я помню ўсё, да дробязей! І ўспамінам рад!

 

І я дакладна ведаю, што зверху ты глядзіш,

Ты мне дапамагаеш, за яблыняй сачыш.

Табе моцна ўдзячны, за тое, што ты быў,

За ласку, дабрыню тваю, якой ты навучыў.

 

Калі я нарадзіўся, маленькі быў зусім,

Са мной гуляў ты з радасцю, і час знаходзіў усім.

Ты ўмеў людзей паслухаць, параіць нешта мог,

Цябе я назаўсёды ў памяці збярог.

Галіна АНТОНАВА

Фота за архіва Віталя ЧЫЖЭЎСКАГА

 

 

 

Статьи по теме: