Памяць дзіцяці вайны

Памяць дзіцяці вайны

Общество
26.07.2025
130

Пра нашу Перамогу трэба расказваць не толькі 9 Мая, але пастаянна, каб нішто не было забыта і ніхто не апынуўся ў непамяці. Зямля загаіла раны, але боль у сэрцах людзей застаўся. Мне давялося пагутарыць з жанчынай, якая жыве ў Смаргоні на вуліцы Чапаева, – Францішкай Барташэвіч. Цяпер ёй 91 год, але яна памятае пачатак і канец вайны да драбніц.

Нарадзілася жанчына ў 1934 годзе ў вёсцы Волькавічы Ашмянскага павета. Як расказвала Францішка Францаўна, яна рыхтавалася ісці ў першы клас: збірала сшыткі, кніжкі, пропісі – і раптам з рэпрадуктарaў грымнула страшнае слова «вайна». Яе мама гучна заплакала – у сям’і было трое дзяцей. Бацьку забралі на фронт у першыя дні. Не прайшло і тыдня, як немцы выгналі іх з хаты, бо дом быў прасторны і светлы, і зрабілі там камендатуру.

Маці з трыма дзецьмі хавалася ў канавах каля ракі, ночы праводзілі ў бульбяной яме, узяўшы з сабой толькі коўдру. Самае страшнае было бачыць, як нямецкія самалёты лёталі так нізка, што здавалася краналі крыламі саламяныя стрэхі. У яме сядзелі іх сваякі. Днём прыходзілася стаяць, а ноччу, калі ворагаў не было відаць, можна было загарнуцца ў коўдру і заснуць. Дзеці не плакалі – яны разумелі, што такое вайна.

Каб не памерці з голаду, лавілі ў рацэ плотку рукамі, пяклі яе на вогнішчы, збіралі каласы, асот, шчаўе, ягады. У сям’і былі карова, конь і куры – так і выжывалі. Баі ішлі жорсткія, і доўгі час ні ад бацькі, ні ад іншых мужчын з вёскі не было ніякіх звестак. Усе думалі, што бацька прапаў без вестак. Але Франц Барташэвіч дайшоў да Берліна.

І вось прыйшоў май 1945 года. Усё лікавала: і людзі, і прырода. Перамога!

Франі ўжо было каля 11 гадоў – амаль дарослая, але ў школу яна трапіла з вялікім спазненнем. Вучыцца вельмі хацелася, дзяўчынка дапамагала маці па гаспадарцы. З фронту пачалі вяртацца мужчыны. Але сям’я Барташэвічаў усё яшчэ нічога не ведала пра свайго бацьку.

І вось аднойчы дзяўчынка ўбачыла, як да вёскі хуткім крокам ідзе салдат. У гэты момант Франя перавязвала каня на лепшую траву. Сэрца моцна закалацілася, твар абліўся жарам – і яна кінулася насустрач незнаёмаму ваяру. Унутраны голас шаптаў: «Гэта мой тата!» – і дзіцячы крык вырваўся з грудзей. Салдат падхапіў дзяўчынку на рукі і панёс дадому. Маці і малодшыя дзеці абамлелі ад шчасця. Гэтую сустрэчу Францішка Францаўна памятае, як быццам гэта было ўчора. І ўсю вайну яна памятае – ад першага да апошняга дня. Пра вайну яна кажа так: «Пра зверствы, што тварылі гэтыя нелюдзі, забыцца нельга. Так было, ёсць і будзе да самага канца. Гэта нельга забыць».

Сёння жанчыне ўжо за 90, але яна застаецца актыўнай і жыццярадаснай: садзіць кветкі, апрацоўвае агарод на дачы ў Шчопанах, рыхтуе склеп да ўраджаю. Яна выдатная гаспадыня: гатуе смачныя стравы, пячэ хлеб, займаецца кансервацыяй. Выгадавала двух годных сыноў – Валерыя і Віктара. Валерый быў афіцэрам Узброеных Сіл, а Віктар прайшоў Афгансую вайну, цяпер працуе ў Ахове дзяржаўнай маёмасці. На жаль, старэйшы сын ужо пакінуў гэты свет – ён сумленна служыў, абараняў родныя рубяжы і даслужыўся да звання палкоўніка. Францішка Барташэвіч ганарыцца сваімі сынамі.

Францішка Францаўна двойчы трапляла на Дошку гонару за працоўныя дасягненні – як майстар малаказавода (адзін раз ў Ашмянах, другі – у Смаргоні). І нават у сталым узросце яна не збіраецца здаваць пазіцый: «У сто гадоў адпачываць буду!» – жартуе жанчына.

впвп.jpg

Алена СТРАХ, в. Баярск

Теги: общество

Статьи по теме: