Крэўскі замак працягвае прыносіць сюрпрызы

Крэўскі замак працягвае прыносіць сюрпрызы

Общество
20.06.2025
191

Археалагічны сезон у гэтым годзе пачаўся на Крэўскім замку вельмі рана – экспедыцыя Інстытута гісторыі НАН Беларусі на чале з вядучым навуковым супрацоўнікам Алегам Дзярновічам  распачала там свае даследаванні яшчэ ў лютым. Гэта было выклікана актывізацыяй рэстаўрацыйных прац на замку і неабходнасцю іх навуковага забеспячэння.

За гэтыя месяцы было зроблена некалькі важных адкрыццяў.

Ужо можна сцвярджаць, што канчаткова пацверджана наяўнасць ва ўсходнім куце Трэцяй вежы Крэўскага замка, аб гэтым паведамляе тэлеграм-канал Інстытута гісторыі НАН Беларусі.  Найноўшыя даследаванні паказваюць, што гэта вежа была сіметрычнай і мела тыя ж параметры, што і так званая Малая вежа ў паўднёвым куце замка. Вежа мае памеры 8,5 м на 8,5 м. У ёй былі мураваныя скляпенні, пра што сведчыць насычаны нэрвюрнай цэглай пласт завалу ўнутры вежы. У паўднёва-заходняй сцяне вежы выяўлены ўваходны праём шырынёй каля 90 см. Гэты праём быў аздоблены каменным парталам, элементы якога выяўлены падчас раскопак.

Фото (1).jpg

Фото (2).jpg

Апроч таго, побач з Трэцяй вежай быў выяўлены праём сцяны, закладзены ў пазнейшым часе са значна горшай якасцю, чым муроўка ў сценах замка. Можна было меркаваць, што менавіта тут прарваліся войскі Свідрыгайлы ў 1433 г., калі яны штурмавалі Крэўскі замак. Але самае новае адкрыццё – падмурак паўцыркульнай канструкцыі за гэтым праёмам з боку замкавага дзядзінца. Гэта можа быць падмурак забрам’я, што прыкрываў браму. Такім чынам, мы маем у Крэўскім замку яшчэ адну, трэцюю браму. Нагадаем, што Лідскі замак мае як раз тры брамы, а Медніцкі (у Мядзінінкаі) – нават чатыры брамы. Пакуль гэта яшчэ гіпотэза, але архітэктурна-археалагічныя даследаванні Крэўскага замку ў сезоне 2025 году працягваюцца.

Выяўленыя аб’екты прымушаюць пераглядзець як архітэктурную, так і сацыяльную гісторыю Крэўскага замка на яе ранніх этапах (XIV – пачатак XV стст.). Варта адысці ад канцэпцыі фолькбурга (замка-ўкрыцця мясцовага насельніцтва падчас небяспекі). У большай ступені Крэўскі замак выконваў функцыю рэзідэнцыі, з’яўляючыся цэнтрам дамену (вотчыны) Альгердавічаў.

Сярод знойдзеных артэфактаў сустракаюцца цікавыя экзэмпляры метапластыкі, як, напрыклад, фігурная бронзавая накладка, аналагі якой маюцца ў чэшскай археалагічнай літаратуры, дзе яны інтэрпрэтуецца як гарнітура пояса XIV ст.

Фото (3).jpg

Фото (4).jpg

Фото (5).jpg

Даследванні і рэстаўрацыя Крэўскага замка працягваюцца.

Статьи по теме: