Распачынаем новы праект «Абаранкавае сузор’е майстроў»

Распачынаем новы праект «Абаранкавае сузор’е майстроў»

Общество
30.05.2025
275

Узнікненне «смаргонскіх абваранкаў» гістарычна звязваюць з не менш славутай «Мядзведжай акадэміяй». З сярэдзіны ХVII стагоддзя ў Смаргоні была заснавана школа дрэсіроўкі мядзведзяў, якую жартоўна пачалі называць «Мядзведжай акадэміяй». «Акадэмікаў» ведалі далёка за межамі Смаргоншчыны.  На кірмашовых плошчах касалапыя артысты забаўлялі публіку.

Шлях мядзведзяў быў далёкім. Таму іх гаспадары прыдумалі корм у выглядзе палачак. Паступова адбылася «карэктыроўка»: палачкі сталі скручваць у кругляшы, каб павадырам зручней было насіць іх на вяроўках. Кармілі мядзведзяў, і павадыры падсілкоўваліся. Неўзабаве ежа для мядзведзяў стала папулярнай у карчмах мястэчка.

Праз стагоддзі гісторыя «Мядзведжай акадэміі» і смаргонскіх абаранак не забылася. Мядзведзі і іх ласункі сталі брэндам Смаргоні. У 2017 годзе ў нашым райцэнтры прайшоў першы фестываль-кірмаш «Смаргонскія абаранкі», сёлета, 28 чэрвеня, ён пройдзе ў чацвёрты раз.

З гэтай нагоды мы распачынаем у газеце новы праект «Абаранкавае сузор’е майстроў». Мы раскажам пра людзей, якія, натхніўшыся гісторыяй пра смаргонскія абаранкі і танцуючых мядзведзяў, сталі ствараць свае творы: вершы, казкі, вырабы і нават манументальныя работы. Мы пакажам, што гісторыя – гэта не толькі музейныя экспанаты, але і жывая традыцыя, якая працягваецца ў творчасці. Запрашаем вас у падарожжа па свеце, дзе легенды набываюць новыя формы, а кожны новы твор – гэта нітка, якая злучае пакаленні.

На крылах Пегаса

Мясцовая паэтка Ірына Гаева свой першы твор, прысвечаны смаргонскім абаранкам, напісала ў 2017 годзе. «Я родам з Мядзельшчыны, з дзяцінства памятаю, як бацькі і цётка расказвалі пра смачныя смаргонскія абаранкі, пра Язэпіху – жанчыну з вёскі Савічы Пастаўскага раёна, якая пехатой зімой праз азёры Свірскае і Вішнеўскае хадзіла ў Смаргонь, купляла абаранкі і прыносіла на продаж. А летам самі гаспадары прывозілі прысмакі на вазах і прадавалі на кірмашах у Мядзелі і Паставах, – удакладняе Ірына Ніканораўна. – На жаль, мне не ўдалося паспрабаваць сапраўдную смаргонскую абаранку, бо на той час іх перасталі выпякаць у Смаргоні. Але напярэдадні першага фестывалю-кірмашу «Смаргонскія абаранкі» дзіцячы ўспамін лёг у аснову пісання верша «Абаранкі адмысловыя».

Гаева.jpg

Неўзабаве гэту тэму я раскрыла яшчэ ў адным сваім творы – песні «Смаргонскія абараначкі». Напісала верш, а музыку – Васіль Карпец, кіраўнік вакальнага гурта «Крынічанька», які працуе ва УТЦСАН «Цёплы дом» і ўдзельніцай якога я з’яўляюся. З гэтай песняй мы шмат дзе выступалі: на розных пляцоўках у Смаргоні, а таксама ў Мінску, Іўі, Астраўцы і на станцыі Ашмяны».

Галіна АНТОНАВА

Фота з архіва газеты «Светлы шлях»

 

Абаранкі адмысловыя

Калісь чула ад старога

(Талкавалі мужыкі),

Што ў Смаргонь сто вёрст дарогі

Праз азёры напрасткі.

Як настане халадзіна,

На азёры ляжа лёд,

То Язэпіха хадзіла

На Смаргоншчыну ў паход.

Не сядзелася на печы.

«Адмахае» праз снягі!

І прыносіла ў заплеччы

Смачны груз і дарагі.

Бабкі звараць бульбу, рэпу,

У кут паставяць качаргу

І імчацца да Язэпа

Па баранкі, у чаргу.

Так было, што іншым ранкам

І свае яны пяклі.

Ды з Смаргоні абаранкі

Адмысловымі былі!

Абаранкаў слава гэта

Разляталася далёка:

Даляжаць маглі да лета

І ўсё роўна вабяць вока!

Водар і памеры мелі,

А ўжо смак – і не кажы!

Ураз ад шчасця дзеці млелі,

Слінку зглытвалі мужы.

За сняданнем часта ранкам

Наш дзядуля ўспамінаў:

«Гэткіх смачных абаранкаў

Больш нідзе не каштаваў!».

Статьи по теме: