Гісторыя пра адважную

Гісторыя пра адважную

Общество
08.05.2025
173

«У вайны не жаночы твар. Вайна – справа мужчын, ад якой прадстаўніцы жаночага полу вельмі далёкія», – казалі яны… А ці толькі мужчыны заслугоўваюць насіць ганаровае званне пераможцаў? Няўжо ж раненых і кантужаных ратавалі звяры ці насякомыя? Няўжо інфармацыю дасылалі галубінай поштай? Няўжо ўсе аперацыі і заданні былі б паспяховымі без удзелу жаночых постацей?

У вайны – жаночы твар

У гады Вялікай Айчыннай вайны жанчыны не толькі цалкам узялі на сябе хатнія абавязкі, але і ваявалі на адным узроўні з мужчынамі: служылі медсёстрамі, лётчыкамі, танкістамі, былі ў падпольшчыках, ваявалі ў партызанскіх атрадах і нават складалі цэлыя батальёны. Іх уклад ацэньваецца мільёнамі загінуўшых і параненых. Ён бясцэнны… Тыя, хто заставаліся адзін на адзін з гаспадаркай, дзецьмі і хворымі бацькамі без аніякай апоры, дэманстравалі сваю трываласць, працавітасць і непахіснасць. Яны ваявалі з неўраджаем, беднасцю і бязлітаснымі немцамі не горш, чым тыя, хто цэлымі днямі страляў з акопаў. Яны часам спалі па некалькі хвілін за ноч, былі адзінымі, хто карміў знясіленых у баях салдат, даваў ім прытулак, а потым зноў адпраўляў на фронт… Вось ён – надзейны тыл.

Але параўноўваць іх з тымі, хто ўдзельнічаў у баях, немагчыма, бо лёгка не было нікому. У гарачых кропках жанчыны нібы грубелі або ад вечнага холаду і голаду, або ад свайго душэўнага стану. Апранутыя ў мундзір, выкачаныя ў гразі, яны былі больш падобныя да нягеглых мужчын з аўтаматамі або медыцынскімі сумкамі на плячах. Але, прынамсі, заставаліся абаяльнымі і мілымі жанчынамі.

Мой радавод не абмінула вайна... Прабабуля Лідзія Шчэбет на пачатак акупацыі – дзевяцігадовы падлетак, таксама служыла Радзіме. Так, яна была дзіцём, яна, мабыць, і не ўмела добра пісаць і чытаць, але нават гэта не перашкодзіла ёй здзейсніць вялікі подзвіг. Пра яго мне расказала мая бабуля Леакадзія Роўная.

2.png

1944 год. Глыбоцкі раён. Маленькая Лідачка, як яе называлі людзі паміж сабой, была найлепшай сувязісткай мясцовага партызанскага атрада. І гэта не дзіва: ці здольны хоць адзін фрыц западозрыць маленькую дзяўчынку? Канешне, не абыходзілася без праверак і допытаў. Але яшчэ адной адметнай якасцю маёй прабабулі быў яе знешні непахісны спакой перад ворагам, хоць унутры заўсёды было страшна за сябе, людзей і Радзіму. На службу ў атрад Лідачку ўзяў яе бацька Іван Шчэбет, маральны выбар якога цяжарам вісеў, нібы дамоклаў меч, над ім. З аднаго боку, гэта вайна: страта аднаго кампенсуецца перамогай над усімі. Але ж з іншага боку… Гэта родная крывінка, дачка, жыццё якой толькі пачалося… Нягледзячы на вялікую рызыку, Іван Іванавіч асмеліўся ўзяць маю прабабулю «на поле бою». Заданні Лідачка звычайна атрымлівала важныя і складаныя: дастаўка правіянту, перадача інфармацыі і нават перанос зброі і выбухованебяспечных прадметаў. Выконвала яна іх заўсёды пад выглядам сціплай гандляркі сельскагаспадарчай прадукцыяй, што была ў невялічкім кошыку, на дне якога звычайна і знаходзіўся прадмет задання. Лідачка ішла па горадзе паміж паліцаяў, станавілася заўсёды на адное і тое ж месца, але чужому чалавеку нічога не прадавала. У партызанаў быў спецыяльны пароль для распазнавання «сваіх». Яна ціхенька працягвала тавар «патрэбнаму» чалавеку і сыходзіла дахаты.

4.png

3.png

Прабабуля не ведала, што кладуць у кошык. Зрэшты, ёй і не было да гэтага справы: у свае маладыя гады яна дакладна разумела сваю ролю і мэту, ведала, што партызаны дрэннага не скамандуюць, што ўсё пойдзе на карысць перамогі. Аднойчы няведанне сітуацыі выратавала яе ад лішніх перажыванняў, бо ў кошыку ляжала міна… Як казала бабуля, гэта заданне было адным з самых паспяховых і стратэгічна важных для атрада. Яго мэта заключалася ў падрыве млына, які знаходзіўся на гары, дзеля таго, каб перакрыць фашыстам доступ да ежы. І, канечне, ні заданне, ні мэта не былі б выкананы без Лідачкі. Малая дзяўчынка, нават цалкам не ўсведамляючы вялікую важнасць сваёй ролі, як і заўсёды, праяўляла стойкасць і адвагу, непахіснасць і зусім не дзіцячае мысленне. Не магу ўявіць, наколькі жудасна было ёй чуць той самы выбух млына, які раздаўся за спінай, наколькі жудасна было асэнсоўваць наступствы ў тым выпадку, калі б заданне не прайшло гладка. І ўсё гэта перажывала яшчэ маленькая, сціплая, але досыць зграбная дзяўчынка, зусім яшчэ дзіцё, якое ў свае гады павінна чытаць кніжкі і гуляць з лялькамі. Ці ж гэта не цяжар? Яшчэ які!

Сувязная Лідачка і мая любімая прабабуля

Я малюся Богу за тое, што ён захаваў жыццё Лідзіі Іванаўны, той дзяўчынкі, што адважна глядзела ў вочы ворагу. На жаль, ніякіх пісьмовых звестак пра яе ўдзел не засталося, таму сёння я будую свае думкі на чымсьці большым: на словах і гісторыях, якія расказвала сама ўдзельніца мінулай вайны.

Мая прабабуля пражыла 83 гады, пасля вайны старанна працавала ў калгасе «Парыжская камуна», шчасліва выйшла замуж, гадавала дзяцей, а затым дапамагала расціць унукаў і праўнукаў. Вайна не зламала ні яе лёс, ні лёс маіх родзічаў, якія ваявалі ў тыя гады. Але колькі чалавек, у тым ліку і жанчын, засталося навечна пахавана ў зямлі, колькі жонак не дачакалася сваіх воінаў, колькі ж слёз было праліта кожнай з іх? Мабыць, столькі, што на Зямлі ўтварылася б новае мора, якое складалася з гэтых самых слёз…

Дык які ж ён жаночы цяжар? Нялёгкі? Так. Інакшы? Мабыць. Непамерны? А як жа! Адным словам, ён гераічны. І гераічны не ад таго, што яго можна параўнаць з мужчынскім, а ад таго, што ён самабытны. Подзвіг жанчын заслугоўвае асобнае месца на п’едэстале. Іх праца нават перавышала мужчынскую ў сто разоў, бо ўсё звальвалася на далікатныя, на першы погляд, жаночыя плечы. Ні адзін атрад, ні адна групоўка і ні адзін калгас не пратрымаліся б ніводнага дня без жанчыны. І гэта быў абавязак жанчын на той момант, тое, дзеля чаго яны жылі і што прымалі як належнае. Ад гэтага фарміраваліся і псіхалагічныя траўмы, і стрэс, і боязь, але і гэта не перашкаджала пераступіць праз сябе ў імя Радзімы і Перамогі...

6.png

7.png

Маёй прабабулі ўжо няма, як няма і шматлікіх дзяўчат мінулай вайны. Але я дагэтуль памятаю, як мяне абдымалі яе цёплыя рукі, што калісьці цягалі кошыкі з мінамі, як на мяне глядзелі яе вочы, якія так даўно бачылі варожыя танкі, і як мілагучна закалыхваў яе голас, які калісьці гучна даваў справаздачу па заданні. Калі я быў малы, нават не ўсведамляў, які ж гэта гонар быць праўнукам той, якая годна прайшла гэтую вайну. Для свайго бацькі яна назаўжды застанецца «дачкой», вайна запомніла яе «сувязной Лідачкай», а ў маім сэрцы яна навечна «любімая прабабуля».

Арцём МОРХАТ,

вучань 10 класа СШ №1

Статьи по теме: