Не ў дзяржавы крадзеш, у дзяцей

 

Не ў дзяржавы крадзеш, у дзяцей

Общество
22.10.2023
1174
На харчаванне кожнага дзіцяці дзяржава выдаткоўвае ў сярэднім каля пяці рублёў у дзень. Частку гэтых расходаў у канцы месяца кампенсуюць бацькі. Сума, пагадзіцеся, невялікая. Накарміць дзяцей смачна і карысна на такія грошы – сапраўднае майстэрства. Многае тут залежыць ад прафесіяналізму работнікаў кухні, а яшчэ… чэснасці. На жаль, у Смаргоні былі выпадкі крадзяжу са школьных сталовых. Аб тым, што за гэта пагражае службовым асобам, расказаў намеснік начальніка РАУС Віктар Каравай.

1564276311_0_110_3071_1837_1920x0_80_0_0_097cf88d4968b91308437d44646cddbd.jpg

“Па-першае, каб ­зафіксаваць выпадак крадзяжу, работнік сталовай ці іншы супрацоўнік установы павінен вынесці нешта такое, што можна ацаніць: пачак цукру, катлету, кавалак мяса, - расказвае Віктар Алегавіч. – Калі нанесены ўрон не перавышае 10 бв, правапарушэнне будзе кваліфікавана як дробны крадзеж з пакараннем у выглядзе адміністратыўнай адказнасці. Калі ж урон большы за 10 бв, прадугледжана крымінальная адказнасць”.

У красавіку мінулага года супрацоўнікі адной са школ горада стварылі ў падсобным памяшканні невялікі “магазін”, куды ­складвалі лішнія, па іх меркаванні, прадукты. Час ад часу нешта яны забіралі дахаты, але асноўная частка “тавару” чакала масавага вывазу. Супрацоўнікі міліцыі знайшлі там мяса, сыр, крупы і іншыя прадукты на вялікую суму. Віноўныя атрымалі па ­некалькі гадоў пазбаўлення волі з адтэрміноўкай пакарання.

А сёлета пажывіцца за кошт адпачываючых дзяцей вырашыла кладаўшчыца з лагера “Арляня”. На выездзе з тэрыторыі ахоўнік затрымаў машыну, груз у якой паказаўся яму падазроным. Выклікалі міліцыю, знайшлі ў аўтамабілі тварожныя сыркі, масла, рыбу і г. д. Пры вобыску ў доме віноўніцы знайшлі таксама прадукты, ­скрадзеныя з дзіцячага садка, дзе тая працавала. Памер урону аказаўся не такім вялікім, як у мінулым выпадку, “пацягнуў” толькі на адміністратыўную адказнасць.

“Мы, супрацоўнікі міліцыі, не робім рэгулярных праверак сталовых у школах, садках, бальніцах, - патлумачыў Віктар Каравай. – Праўда, патрульна-паставая служба можа звярнуць увагу, калі напрыканцы рабочага дня адтуль будуць выходзіць людзі з вялікімі сумкамі і пакетамі. І, як паказвае практыка, заўсёды знаходзіцца той чалавек, які дапаможа праўдзе выплыць на паверхню, тады віноўныя абавязкова будуць пакараны”.

Віялета ВОЙТКА.



 

Статьи по теме: