Вам выклік, доктар!

 

Вам выклік, доктар!

Общество
04.08.2023
1020
Няма ніводнага чалавека ў Вішнеўскім сельсавеце, хто б не ведаў Вікторыю Міхалькевіч. Яна не зорка, не блогер, яна тая, без каго вельмі цяжка прыйшлося б жыхарам навакольных вёсак: урач, загадчыца амбулаторыяй у Вішневе.

2Z3A7396.JPG

Кожную раніцу роўна ў 8 гадзін яна надзявае белы халат і пачынае прыём пацыентаў. Тут няма траўматолагаў, кардыёлагаў, хірургаў. Урач агульнай практыкі, якім з’яўляецца Вікторыя, прымае вяскоўцаў з любымі хваробамі і дыягназамі.
“Безумоўна, калі я бачу, што патрэбен вузкі спецыяліст, я накірую пацыента ў горад”, - тлумачыць доктар. Калі ў горадзе ўчастак урача абмяжоўваецца звычайна некалькімі дамамі, мікрараёнам, то ўчастак загадчыцы амбулаторыяй – увесь сельсавет. У выпадку Вікторыі Міхалькевіч гэта 1632 чалавекі. Здараецца, што нехта з-за дрэннага самаадчування не можа трапіць на прыём, або служба “хуткай дапамогі” пераадрасоўвае выклік, даводзіцца ехаць. Самы аддалены населены пункт – Рудня. Калі пацыент чакае там, пераадольваць даводзіцца каля 50 кіламетраў. Пад рукой у доктара заўсёды чатыры скрыні з медыкаментамі на выпадак розных неадкладных выклікаў. Здараецца, што трэба тэрмінова ехаць у разгар прыёму пацыентаў, нават, калі за дзвярыма кабінета сабралася цэлая чарга.

А два разы на тыдзень Вікторыя вядзе прыём у двух фельчарска-акушэрскіх пунктах – у Малінавай і Войстаме. У Войстаме да таго ж знаходзіцца бальніца сястрынскага догляду, пацыенты якой таксама вельмі спадзяюцца на доктара.

Здавалася б, хто вытрымае такі графік? Тым больш, што жыве доктар у горадзе, адкуль на работу штораніцы трэба ехаць пару дзясяткаў кіламетраў. “Людзі мяне трымаюць тут. Здаецца, я ведаю кожнага з іх, прывыкла, прыкіпела душой да сваіх пацыентаў”, - усміхаецца Вікторыя Міхалькевіч. Яна прыйшла ў амбулаторыю пасля вучобы ў Гродзенскім медуніверсітэце, адпрацавала 5 гадоў па размеркаванні, а пасля вырашыла застацца. Застацца, каб шэсць дзён на тыдзень, восем гадзін у дзень услухоўвацца ў сардэчны рытм і дыханне пацыентаў, напружана сачыць, як занадта хутка паўзе ўверх чырвоная лінія ртуці на тэрмометры, непакоіцца аб высокіх лічбах на танометры… А яшчэ радавацца, калі пацыент ідзе на папраўку, прыходзіць, каб упэўніцца, што маленькі пацыент, які толькі прыехаў з ра­дзільнага дома, поўнасцю здаровы, чуць кожны дзень словы ўдзячнасці ад тых, хто давярае ёй вялікую каштоўнасць – здароўе.

Віялета ВОЙТКА.
Фота аўтара.



Интересные и актуальные новости Сморгонского района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!

 #Новости_Светлы_Шлях