Маленькія гісторыі вялікіх перамог
У Асінаўшчызненскай пачатковай школе ў рамках Міжнароднага дня спорту на карысць развіцця і міру прайшоў Рэспубліканскі Алімпійскі ўрок на тэму “Маленькія гісторыі вялікіх перамог”.
Навучэнцы прынялі ўдзел у інтэрактыўнай пазнавальнай гульні, якая складалася з шасці заданняў. За правільныя адказы дзеці атрымлівалі элемент пазла. У ходзе гульні хлопчыкі і дзяўчынкі даведаліся, што Алімпійскія гульні з’яўляюцца святам для спартсменаў усяго свету, узгадалі беларускіх алімпійцаў, якія заваявалі ўзнагароды для нашай краіны. Гэта Кацярына Карстэн, Андрэй Арамнаў, Вікторыя Азаранка, Максім Мірны, Дар’я Домрачава, Уладзіслаў Ганчароў, Іван Літвіновіч.
У адным з заданняў хлопчыкі паказвалі розныя віды спорту, а дзяўчынкі адгадвалі іх. Працуючы ў групах, вучні знаходзілі на малюнках прадметы, якія не звязаны са спортам. З вялікім задавальненнем прымалі ўдзел у конкурсе “Меткі стралок”. Напрыканцы гульні ў дзяцей было шэсць элементаў пазла, з якіх яны сабралі малюнак і даведаліся, што наступныя Алімпійскія гульні пройдуць у Парыжы ў 2024 годзе.
У канцы ўрока вучні падзяліліся ўражаннямі, ацанілі сваю працу і размясцілі смайлікі на “п’едэстале”. Антон і Арсеній Язерскія расказалі пра спартыўныя дасягненні сваёй сям’і (Рэшкевіч), пра старэйшых братоў, якія сур’ёзна займаюцца футболам і маюць шмат узнагарод. Алімпійскі ўрок стаў чарговым этапам папулярызацыі спорту і здаровага ладу жыцця, выхавання пачуцця гонару за беларускіх спартсменаў-алімпійцаў.
Наталля ПАРЖОН,
настаўніца пачатковых класаў Асінаўшчызненскай пачатковай школы