Спявачка Тамара Валчанкова: жанчына-свята

 

Спявачка Тамара Валчанкова: жанчына-свята

Общество
26.01.2023
1384
Ужо ў чэрвені мы будзем адзначаць чарговы юбілей Смаргоні – 520 гадоў! З гэтай нагоды мы распачынаем новы праект у газеце: будзем расказваць пра вядомых людзей горада, якія шчыра любяць Смаргонь і памнажаюць яе дабрабыт. Наша першая гераіня – Тамара Валчанкова, смаргонская Галіна Барысава, як некалі  называў яе Аляксандр Дзяруга. Вядомая спявачка, актыўная ўдзельніца культурных мерапрыемстваў Смаргоншчыны.

Аптымістка, якая ўвесь час выпраменьвае шчасце, любіць людзей і шчодра дзеліцца з імі сваім талентам і дабрынёй. Менавіта такая яна, Тамара Валчанкова. “Зорка” смаргонскай эстрады. Заўсёды элегантная. Неймаверна ўлюбёная ў музыку і спевы.

У Гродзенскім культасветвучылішчы падчас вучобы яе называлі Бярозкай. Дзяўчына з прыгожым голасам і танклявым станам цудоўна выканала песню Людмілы Зыкінай “Растёт в Волгограде берёзка” – і адразу стала вядомай не толькі на ўсё вучылішча, але і далёка за яго межамі. Падчас вучобы Тамара шмат дзе выступала, нават была на гастролях у Польшчы, дзе пасля яе выступлення публіка скандзіравала: “Брава! Зыкіна!”.  

волченкова 1.jpg

IMG_20230125_0001.jpg

Агінскі вырашыў творчы лёс

Між  іншым, артысткай яна магла б і не стаць. Тамара нарадзілася ў шматдзетнай сям’і, была дзясятым, апошнім дзіцем у бацькоў. “У нас была музычная сям’я. Усе пяцёра братоў умелі граць на музычных інструментах, яны былі самавучкамі. Сёстры, мама і тата цудоўна спявалі, - успамінае наша гераіня. -  Але дзеці прафесіі выбралі хлебныя, стараліся зарабляць на жыццё з ранніх гадоў. І я пасля заканчэння школы ўжо збіралася ісці на трыкатажную фабрыку, бо мела туды запрашэнне. Хаця ў школе пастаянна гаварылі, што маё месца на сцэне.  Я была вельмі актыўнай вучаніцай, удзельнічала ва ўсіх канцэртах”.

Тамара Іванаўна родам з Салігорскага раёна, з невялікай вёскі паблізу Старобіна. “Я любіла спяваць, але музычную школу не мела магчымасці наведваць, далёка яна была – 10 кіламетраў, - прадаўжае аповед Тамара Валчанкова. - А як ў вучылішча патрапіла? Не ведаю, адкуль пляменніца дастала адрас “кулька” ў Гродне. І я села на цягнік. Ехала туды цэлую ноч з Салігорска. Безумоўна, магла б і бліжэй вучэльню знайсці, але не ведала, як шукаць. Інтэрнэта ж тады не было.

На праслухоўванні саспявала песню – і камісія сказала, што калі экзамены так добра буду здаваць, то абавязкова паступлю…

Пасля вучылішча не ведала, куды размеркавацца. Атрымала запрашэнне ў Івацэвіцкі Дом культуры, але Уладзімір Сяргейчык, які на той час быў намеснікам дырэктара, а пазней узначаліў культасветвучылішча прапанаваў мне Смаргонь. “Там такі ансамбль песні і танца імя Агінскага!” - зазначыў Уладзімір Міхайлавіч. І я згадзілася з прапановай педагога”.

IMG_20230125_0003.jpg

IMG_20230125_0021.jpg

IMG_20230125_0022.jpg

У Смаргонь Тамара Іванаўна прыехала ў студзені 1977 года, уладкавалася метадыстам у Смаргонскі ДК, які знаходзіўся ў памяшканні сённяшняга моладзевага каталіцкага цэнтра. З першых дзён акунулася ў вір культурнага смаргонскага жыцця. Ёй было цікава ўсё: выступаць на сцэне, пісаць сцэнарыі, вывучаць  работу сельскіх клубаў… “Сцэнічныя пляцоўкі ў нас былі самыя розныя. Ужо ў сакавіку 1977 года ў складзе ансамбля імя Агінскага я прымала ўдзел у запісах на беларускім тэлебачанні. Мы нярэдка выступалі ў сталіцы, у райцэнтрах, а таксама ў сельскіх клубах, на прадпрыемствах і нават у кароўніках. Помню, Мікалай Ходаш расцягне мяхі свайго баяна, я заспяваю – і каровы замаўкалі…” - усміхаецца суразмоўца..

У кожнага артыста – свая публіка

У 1982 годзе па прапанове Баляслава Юльянавіча Тамашэвіча, які быў удзельнікам ансамбля Агінскага і працаваў на заводзе аптычнага станкабудавання, Тамара Іванаўна перайшла на працу ў клуб ЗАСа. Але папрацаваць там давялося нядоўга, жанчына выйшла замуж і паехала на Далёкі Усход: мужа прызначылі зампалітам у ваеннай часці. Там Тамара нарадзіла дачушку.

Цікавы факт:  далёка ад Радзімы, у Хабараўскім краі, “птушачка пеўчая” не спявала. Ніхто нават не ведаў, што яна артыстка. Нікому не прызналася. Клуб быў далёка, жонку зампаліта ўладкавалі на працу касірам у вайсковую часць. Потым сям’я вярнулася ў Смаргонь, Тамара ў другі раз стала маці - нарадзіла сына.

IMG_20230125_0027.jpg

IMG_20230125_0028.jpg

Пасля пяцігадовага перапынку публіка, нарэшце, пачула яе голас. Вярнулася на працу ў заводскі клуб – і “Лявоніха” зноў выйшла на арбіту. На заводзе быў свой хор, фальклорны калектыў і дзіцячы танцавальны. Культурнае жыццё біла крыніцай.  Але “ліхія 90-ыя” моцна адбіліся на вытворчасці прадпрыемства. Заціхла і культурнае развіццё завода, пасаду мастацкага кіраўніка  скарацілі – і Тамара Іванаўна стала працаваць у Доме культуры. Дасягнула пенсійнага ўзросту, але са сцэны не сышла. І дагэтуль прадаўжае радаваць свайго слухача.

IMG_20230125_0007.jpg

IMG_20230125_0005.jpg

IMG_20230125_0026.jpg

З’яўляецца кіраўніком ансамбля імя Агінскага і хору ветэранаў, якія працуюць у раённым Цэнтры культуры. Яе па-ранейшаму можна ўбачыць на розных сцэнах: РЦК  гарадскога амфітэатра, у актавых залах прадпрыемстваў, у час жніва – у палях ці на зернескладах.

IMG_20230125_0024.jpg

волк.jpg

“Я ніколі не імкнулася да славы, заўсёды спявала і спяваю найперш для душы. Люблю гэты справу. І дзякую Богу, што дагэтуль маю голас і магчымасць выходзіць на сцэну да любімага слухача. Ніколі ні на каго не імкнулася быць падобнай. Старалася быць самой сабой. А цяпер зусім не камплексую, калі спяваю ў кампаніі маладых. У кожнага артыста – свая публіка, - упэўнена субяседніца. - Мне пашчасціла, што муж з разуменнем заўсёды ставіўся да маёй работы. Спакойна рэагаваў, калі дадому вярталася позна. Нічога не зробіш: работа артыста спецыфічная.  Нехта можа падумаць: “Хіба гэта цяжка – спявай ды танцуй, не жыццё, а суцэльнае свята!” Але ж глядач бачыць толькі “плады”, за якімі стаіць штодзённая карпатлівая праца.

Тым не менш я рада, што на працягу столькіх гадоў супрацоўнічаю з выдатнымі прафесіяналамі – Аляксандрам Ляхам і Валянцінам Бортнікам. На іх заўсёды раўняюся, ад іх чэрпаю творчую энергію. А яшчэ ад людзей, з якімі разам спяваю, і ад тых, хто нярэдка спыняе на вуліцы і дзякуе  за песні”.

волченкова.jpg

Тамара ВАЛЧАНКОВА:

- Я вельмі люблю Смаргонь. Горад, які па-сапраўднаму стаў мне родным. Тут усё сваё: людзі, вулачкі, дамы… Прыемна ісці па Смаргоні, калі людзі цябе пазнаюць, вітаюцца, усміхаюцца. Тут цёпла і камфортна.

Смаргонь з кожным годам мяняецца, прыгажэе. Сорак шэсць гадоў таму, калі я прыехала сюды па размеркаванні, гэта была вялікая вёска. У асноўным, прыватны сектар. А цяпер вунь як разросся: шматпавярхоўкі, новыя прадпрыемствы!  Сучасны беларускі горад, цікавы для турыстаў, любімы для жыхароў.

Галіна АНТОНАВА.