Перамогі вучняў семай школы

 

Перамогі вучняў семай школы

Общество
01.12.2022
485

“Ёсць людзі, якія прыходзяць на Зямлю як пасланцы нябёс і пакідаюць зорны след у вечнасці. Яны адзначаны Богам…” Вось такімі людзьмі з’яўляюцца вялікія Песняры – Янка Купала і Якуб Колас. Яны – слаўныя сыны беларускай зямлі, патрыёты, вялікія пісьменнікі, выразнікі дум простых людзей, чыімі творамі мы захапляемся ўжо больш за стагоддзе. Іх вершы, паэмы, апавяданні сталі народнымі, бо настолькі блізкія і зразумелыя ўсім: і дарослым, і дзецям.

Вучні СШ 7  - удзельнікі раённага фестывалю..jpg

Вучні СШ 7 - удзельнікі раённага фестывалю.

У гэтым годзе Янку Купалу і Якубу Коласу споўнілася 140 гадоў з дня нараджэння. З гэтай нагоды вучні сярэдняй школы №7 удзельнічалі у розных мерапрыемствах і конкурсах.

Данііл Венядзіктаў стварыў буктрэйлер “Янка Купала і Якуб Колас – сапраўдныя сябры”, у якім займальна і цікава расказаў пра асноўныя вехі жыцця і творчасці Песняроў.

Напрыканцы кастрычніка вучні 10 класа  у рамках пілотнага праекта па арганізацыі і правядзенні экскурсій наведалі філіял "Вязынка" Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы. Філіял "Вязынка" заснаваны дзеля ўвекавечвання памяці народнага паэта Беларусі Янкі Купалы і адкрыты для наведвальнікаў ў 1948 годзе.

Менавіта тут, у вёсцы Вязынка, нарадзіўся Ясь Луцэвіч, будучы сусветна вядомы паэт Янка Купала.

У час экскурсіі навучэнцы мелі магчымасць больш падрабязна пазнаёміцца з біяграфіяй Янкі Купалы, прайсціся па яго родных ваколіцах, атрымаць асалоду ад прыгажосці восені маленькай радзімы нашага песняра.

Актыўны ўдзел вучні школы прынялі ў раённым конкурсе малюнкаў “Мой родны кут, як ты мне мілы…”, які праводзіў цэнтр творчасці дзяцей і моладзі. Самыя лепшыя сярод работ былі адзначаны дыпломамі: Кацярына Гуль і Арына Казакевіч– дыпломам І ступені, Марыя Баброўская– дыпломам ІІ ступені.

Таксама дзеці мелі магчымасць паўдзельнічаць у розных віктарынах, інтэлектуальных гульнях.

А 26 лістапада РЦТДМ правёў раённы фестываль літаратурна-музычных кампазіцый “Мой родны кут, як ты мне мілы…”. Нашы навучэнцы прадставілі  на суд журы і гледачоў песню на словы Янкі Купалы “Дзве таполі”, якую вельмі душэўна і пранікнёна выканалі дзесяцікласніцы Серафіма Галуза і Аляксандра Бутар. А танцавальны нумар дзяўчын не пакінуў нікога раўнадушнымі. Выступленне юных артыстаў суправаджалі мілагучныя словы вядучых. Сярод усіх удзельнікаў фестывалю журы конкурсу нашых выступоўцаў адзначыла дыпломам ІІ ступені.

Дзякуючы фестывалю ўдзельнікі конкурсу і гледачы атрымалі пазітыўныя эмоцыі і яшчэ раз пераканаліся, што Янка Купала і Якуб Колас – сапраўдныя майстры  мастацкага слова, якія сваімі творамі выказваюць любоў да Радзімы, вучаць нас, нашчадкаў, быць вернымі свайму краю. І, нягледзячы на тое, што споўнілася ім 140 год, іх  няма сярод нас,  яны – нашы сучаснікі. І сёння яны разам з намі.

Валянціна Вайнілка,

настаўнік беларускай мовы і літаратуры

сярэдняй школы №7 Смаргоні