На шчасце і сабе, і людзям

 

На шчасце і сабе, і людзям

Общество
09.10.2022
1766
Амплуа гэтай актрысы – надзвычай багатае. На сцэне яна можа быць прывабнай і маладой, аптымістычнай і гумарыстычнай,  жанчынай у гадах, па-просту народнай і злёгку “недалёкай”… Часам здаецца, ёй любая роля падуладная. Па адукацыі Вольга Крывянкова – артыст тэатра лялек. Але поле яе дзейнасці – нашмат шырэйшае. Яна і сцэнарыст, і рэжысёр,  і аніматар… За 20 гадоў творчай дзейнасці шмат у чым сябе паспрабавала і выдатна праявіла.

Оля.jpg

Пасля вучобы Вольга размеркавалася на Смаргоншчыну. Была лялькаводам, дакладней, загадчыкам пастановачнай часткі лялечнага тэатра “Батлейка” Залескага ДК. Праз год яе запрасілі ў раённы метадычны цэнтр народнай творчасці. Кіравала тэатрам гульні “Завадатар” – яго ўдзельнікі займаліся пастаноўкамі гульнявых спектакляў. Двойчы за гэты час культарганізатары атрымлівалі Гран-пры на абласных конкурсах. Са сваімі праграмамі цешылі публіку ў Аўцюках і на абласных “Дажынках”, на паказальных выступленнях у Мінску.

А пасля Вольга стала рэжысёрам раённага Цэнтра культуры. Да кожнага раённага і гарадскога свята прыклала руку, а дакладней, талент і крэатыўнасць. Сваёй першай сур’ёзнай работай лічыць песенны конкурс сярод арганізацый горада “Цудоўная пяцёрка по-смаргонску”. Пасля гэтага былі розныя мерапрыемствы, якія пакінулі ў смаргонцаў і гасцей горада цудоўны эмоцыі і ўспаміны.

Сярод надзвычай адказных – на абласных “Дажынках-2019” Вольга рэжысіравала адкрыццё імпрэзы. Тады галоўным сімвалам свята стаў трохметровы “дажыначны” сноп. Ён складаўся са снапоў, якія прывезлі дэлегацыі з кожнага раёна Гродзеншчыны. Старшыня аблвыканкама Уладзімір Краўцоў перавязаў сноп шасціметровым ручніком, на якім былі вышыты назвы ўсіх раёнаў Гродзеншчыны і эмблема “Дажынак”. Такі сноп – ноу-хау смаргонцаў.  

Пасля даволі працяглага перапынку Вольга зноў вярнулася ў “Завадатар”. Восенню 2021 года на абласным фестывалі-гульні “Карнавал весялосці” калектыў прадставіў сюжэтна-гульнёвую праграму “Смаргонскія абаранкі-забаўлянкі” і атрымаў перамогу. Журы адзначыла спецыяльным прызам фестывалю арыгінальны сцэнарый, які стварыла кіраўнік калектыву Вольга Крывянкова.

Мая суразмоўца зазначае, што калі пачынае пісаць сцэнарый, максімальна пагружаецца ў тэму.  Вывучае яе з усіх бакоў. І тады нараджаюцца неверагодныя “фішкі”.

На ўсіх святах Вольга разам з іншымі культработнікамі цешыць публіку. Каму свята, а каму і праца. Хтосьці мог бы паскардзіцца на такі незайздросны лёс, але толькі не наша гераіня. Яна любіць сваю работу, а работа любіць яе. І гледачы таксама.

“Апантанасць”, - Вольга называе самую галоўную рысу, без якой ісці працаваць у культуру няварта. І вельмі важна падтрымка родных. Муж маёй гераіні таксама ведае, што значыць быць заўсёды ў форме. Аляксей Крывянкоў – начальнік ваеннага аркестра Смаргонскай пагранічнай групы, у свой час скончыў музычны каледж і Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў.  “Усе асаблівасці маёй работы муж прымае спакойна, з паразуменнем, - робіць важны акцэнт Вольга. - У нас ёсць пра што пагаварыць, мы можам доўга абмяркоўваць розныя творчыя пытанні. Разам спяваем на кухні, калі гатуем ежу. У нас цікавае сямейнае супрацоўніцтва – у чымсьці я яму дапамагаю, нешта – Аляксей мне падказвае. Мы ўжо разам адзінаццаць гадоў. Бывае так, што абодва занятыя на святах, тады на дапамогу прыходзіць мая мама – глядзіць за дачушкай”.

Дарэчы, гісторыя знаёмства Вольгі і Аляксея заслугоўвае асаблівага аповеду. Калі Вольга працавала ў метадычным цэнтры народнай творчасці, разам з калегамі рыхтавала навагоднюю праграму. Для тэатра гульні “Завадатар” тэрмінова патрабаваўся мужчына на ролю Дзеда Мароза. Дзе ўзяць? Папрасілі каго-небудзь з пагранічнікаў. Прыйшоў Аляксей – ваенны, прыгожы, здаравенны, не жанаты. Па логіцы, тады Вольга – Снягурачка. А вось і не! У сапраўднай актрысы – характарная роля Бабы Ягі. “Гэта было першае знаёмства, - усміхаецца мая суразмоўца. – Потым мы на розных мерапрыемствах сустракаліся, размаўлялі, аказалася, паміж намі шмат агульнага”.

Гледзячы на такіх людзей, як Вольга, заўсёды дзіўлюся: “Адкуль у чалавеку столькі творчага запалу? З якіх крыніц ён чэрпаецца”. Аказалася, з народных. Вольга нарадзілася паблізу Смаргоні, у Асінаўцы. Дыпламаваных работнікаў культуры ў яе радаводзе няма,  але раней, калі былі жывыя бабуля з дзядулем і іх дзеці, збіралася вялікая кампанія – і ўсе разам спявалі. Абрадавыя, гумарыстычныя, лірычныя песні. Любілі танцаваць і жартаваць.  Гэтай цудоўнай атмасферай Вольга наталяла сваю творчую смагу – і яшчэ калі была школьніцай, шчодра дзялілася сваім артыстызмам, крэатыўнасцю са школьнікамі і настаўнікамі. А як вядома, багаты чалавек не той, хто назапашвае, а той, хто шчыра дзеліцца сваім багаццем, тады яно памнажаецца і прыносіць шчасце. І сабе, і людзям.

Галіна АНТОНАВА.


Статьи по теме: