Лёс калгаса “17 верасня” і гісторыя расстрэлу яго арганізатараў

 

Лёс калгаса “17 верасня” і гісторыя расстрэлу яго арганізатараў

Общество
15.09.2022
778
Да нядаўняга часу дзеянні легіёнаў Арміі Краёвай (АК) у заходніх абласцях Беларусі замоўчваліся, каб не псаваць адносіны з Польшчай. І толькі ў апошні час пачалося аб’ектыўнае вывучэнне тагачасных падзей і фактаў злачынстваў. У адносінах да мясцовага, найперш праваслаўнага насельніцтва, акаўцы былі бязлітаснымі. Просты чалавек мог загінуць ад рук АК ні за што.

Казакевич как смарт-объект-1.jpg

У многіх смаргонскіх вёсках людзі старэйшага пакалення, успамінаючы вайну, рассказвалі, як білі шампаламі, як націралі церкай “мяккае месца” і пасыпалі соллю, як расстрэльвалі ні ў чым не вінаватых людзей. 

З архіўных матэрыялаў: “У лютым 1944 года акаўцы расстралялі актывістаў калгаса “17 вераня”, што быў створаны ў Ракаўцах у 1940 годзе.

Яшчэ задоўга да 17 верасня 1939 года сяляне Заходняй Беларусі чулі пра калгасы. Сяляне без зямлі з надзеяй і спадзяваннем чакалі зямельных рэформаў новай улады, “бо пры Польшчы прыдбаць зямлю беднаму селяніну было фактычна немагчыма”.

Пры новай уладзе многія атрымалі кавалак зямлі, карову ад панскай маёмасці, а некаторыя беднякі і ўвогуле перабіраліся жыць у панскі маёнтак. У 1940 годзе пачалі стварацца калгасы. Да вайны іх было девяць і дзве МТС – Смаргонская і Данюшаўская. Адзін з першых калгасаў быў створаны ў весцы Ракаўцы. На базе маёнтка “Няроўка” 25 бяднейшых гаспадарак былі аб’яднаны ў калгас “17 верасня”, у якім налічвалася 50 кароў і 30 коней.

З успамінаў Мікалая Андрыяловіча: “Спачатку назвалі гэты калгас “18 верасня”, таму што 18-га прыйшлі Саветы ў Ракаўцы, а потым перайменавалі на “17 верасня”, як агульнадзяржаўную палітычную дату.”

Арганізатарамі калгаса былі Юльян Тытуш, Сцяпан Андрыяловіч і Канстанцін Казакевіч. Старшынёй калгаса быў абраны Канстанцін Казакевіч.

Калі ж пачалася вайна, многія з тых, хто з лютай нянавісцю адносіўся да савецкай улады, палічылі фашыстаў за сваіх збавіцеляў. Да іх далучыліся і польскія паны, якія з прыходам нямецкіх акупантаў вярнуліся ў свае маёнткі і пачалі помсціць за “абагульваненне маёмасці і зямлі, за раскулачванне, высяленне”. Менавіта тады, у першыя тыдні акупацыі, фашысты па мясцовых даносах расстралялі многіх савецкіх актывістаў. Расстраляны быў і арганізатар калгаса Сцяпан Андрыяловіч. Потым місію ачысткі “крэсаў усходніх” узялі на сябе некаторыя атрады Арміі Краёвай.

З архіўных матырыялаў: “23 лютага 1944 года адбылася трагедыя ў Ракаўцах. Позна вечарам у вёсцы з’явіўся атрад легіянераў Арміі Краёвай, у якога быў спіс людзей. Па гэтаму спісу заходзілі ў хаты, выводзілі гаспадара ў гумно і стралялі ў галаву. Найперш зайшлі ў хату старшыні калгаса Кастанціна Казакевіча, але яго не было. У тую крываваю ноч былі застрэляны Юльян Тытуш, Пётр ­Андрыяловіч, Канстанцін Стрыга, Іван Андрыяловіч”.

З успамінаў дачкі Юльяна Тытуша Лідзіі ­Гіруць: “23 лютага 1944 года ў нашу хату зайшлі тры незнаёмыя мужчыны. Адзін з іх сказаў, каб паказалі, дзе можна паставіць коней. За бацькам памкнулася ісці маці, але тыя сказалі, каб ніхто з хаты не выходзіў. Сядзелі ціха, чакалі бацьку. Пачулі быццам стрэл, але не верылі. Бацькі доўга не было.

Праз некаторы час мы выйшлі з хаты. Прыслухаліся – вакол стаяла цішыня і цемра. Асцярожна падышлі да хлява. Паклікалі – ніхто не адгукнуся. Вобмацкам каля сцяны знайшлі бацьку. Ён сядзеў мёртвы, застрэляны быў у галаву. ”

З успамін жонкі старшыні калгаса “17 верасня” Аляксандры Казакевіч: “У хату пастукалі. Я адчыніла дзверы. Увайшлі чатыры чалавекі ў чорных шынялях з бліскучымі гузікамі, у аднаго ў руках быў спіс. Ён спытаў: “Дзе Канстанцін Казакевіч?.” Я адразу ўсё зразумела. Але мужа ў хаце не было. Толькі трое маленькіх дзяцей ды швагра Іван. У хаце ўсё перавярнулі: заглядвалі пад печ, пад ложкі. Паставіўшы вінтоўкі на падлогу, некалькі разоў выстралілі ў столь. Дзеці ўжо не плакалі, а сядзелі напужаныя і толькі хліпалі. Упэўніўшыся, што таго, каго шукаюць, няма, загадалі мне выйсці ў двор і стаць ля хлява. Я помню святло ліхтара і рэвальвер у руцэ забойцы. Сілы пакідалі мяне. Я ўпала на калені і пачала прасіць пашкадаваць траіх сірот, бо была ўпэўнена, што мужа майго Косцю яны паймаюць і застрэляць. І тады адзін сказаў: “Хай жыве, чорт з ёй”. І пайшлі. Тыя словы і цяпер трывожаць маю памяць і прымушаюсь калаціцца сэрца. А раніцай у хату нехта пастукаў. Гэта быў Косця. Ён уратаваўся цудам. Бачыў, як забілі Івана Андрыяловіча. Ён ужо не спадзяваўся ўбачыць мяне жывой, ішоў паслухаць, што з дзецьмі. Больш да канца вайны ён ужо не паказваўся”.

Расправа на гэтым не скончылася. Не раз тыя легіянеры цэлымі групамі бывалі ў Ракаўцах. Праз тыдзень банда з’явілася ў Ракуцёва, дзе была расстраляна ўся сям’я Стрыгаў. Шмат людей застрэлілі і ў Крыўску.

Многа часу прайшло з крывавай расправы ў Ракаўцах. Незагойная рана для родных і блізкіх, а для ўсіх астатніх – яшчэ адна балючая, але праўдзівая старонка Вялікай Айчыннай.

З архіва газеты “Светлы шлях”.