Калі прафесія – жыццё…

 

Калі прафесія – жыццё…

Общество
07.08.2022
761
Доўгі час Іван Іванавіч Лазута быў тварам “Светлага шляху”. Журналістыцы ён аддаў 45 гадоў, 30 з іх – “Светламу шляху”: 17 гадоў узначальваў газету, 13 – быў намеснікам галоўнага рэдактара.  

Лазута.jpg

Мэтр, патрыярх рэгіянальнай журналістыкі, аксакал, сэнсэй, а па афіцыйных паперах – Заслужаны журналіст Беларускага саюза журналістаў, выдатнік друку Беларусі. Ён стаў прыкладам, узорам, памочнікам, дарадцам як для маладой, пачынаючай пішучай браціі, так і для вопытнай. Спакойны, тактоўны, інтэлігентны – заўсёды падтрымліваў тых, хто прыходзіў на працу ў газету. Цудоўнае валоданне роднай мовай, уменне працаваць са словам – цяпер, праз гады, разумееш, што атрымаць параду ад такога “профі” было каштоўным падарункам.

“Не хвалюйся, супакойся, усё нармальна”, - гаварыў Іван Іванавіч, калі бачыў, што ўнутры цябе бурліць. У маладосці цяжка ацаніць тое, на што няварта траціць сваю энергію і нервы… “Па звестках ЮНЭСКА, прафесія журналіста прыраўноўваецца да работы шахцёра. Толькі тут за аснову бярэцца не фізічнае напружанне, а разумовае. Рабочы дзень журналіста ненарміраваны, не офісны, - не раз звяртаў увагу на гэты факт Іван Іванавіч.  – Вядомы рускі педагог вельмі ўдала падмеціў: “Марыць – лёгка і прыемна, але думаць – складана”. Творчы, адданы сваёй прафесіі журналіст заўсёды думае. І многае прапускае праз сваё сэрца”.

Менавіта такія - глыбокія па зместу, прадуманыя газетныя матэрыялы Івана Лазуты чытачы вывучалі з цікавасцю.

З 2016 года Іван Іванавіч – на заслужаным адпачынку. Ён працаваў у рэдакцыі газеты “Светлы шлях” амаль да 70-гадовага ўзросту, але ніколі не быў для нас “дзядулем”. Актыўны і малады душой. Мы яго вельмі любім. І прадаўжаем успамінаць – у думках і размовах.

Галіна АНТОНАВА.


7 жніўня ў нашага калегі чарговы юбілей. Мы, супрацоўнікі газеты “Светлы шлях”, віншуем Вас, Іван Іванавіч, ад усяго сэрца! Шчыра зычым юбіляру здароўя, бадзёрасці духу, міру, дабрыні, аптымізму. Шчасця Вам!

Жадаем у душы Вам цяпла і больш свету,

А доля няхай будзе шчасцем сагрэта,

Няхай не мінаюць ніколі ўдачы,

Хай будзе настрой Ваш і сэрца гарачым,

Каб толькі ўсё добра ў жыцці павялося,

Збылося ўсё, што яшчэ не збылося!