Залатыя гады, залатыя жаданні: юбілей адзначыла Таццяна Ражэва, начальнік аддзела культуры райвыканкама

 

Залатыя гады, залатыя жаданні: юбілей адзначыла Таццяна Ражэва, начальнік аддзела культуры райвыканкама

Общество
14.03.2022
1284
“Я цалую вашы рукі, беларускія жанчыны! Я схіляю перад вамі ў знак пашаны галаву!” – такі рэверанс у бок працавітых, добрых, моцных духам беларускіх жанчын зрабіў паэт Леанід Дайнека. Гэтых слоў, без перабольшання, вартая Таццяна Ражэва, начальнік аддзела культуры райвыканкама. 12 сакавіка гэтая прыгожая, таленавітай жанчына адзначыла свой залаты юбілей.

IMG_0134.jpg

IMG_0138.jpg

IMG_0136.jpg

З прыгожай датай яе віншавалі калегі. Старшыня райвыканкама Генадзь Харужык уручыў Ганаровую грамату Гродзенскага аблвыканкама – за шматгадовую, добрасумленную працу ў органах дзяржаўнага кіравання, высокі прафесіяналізм. 

Больш за трыццаць гадоў Таццяна Мар’янаўна прысвяціла яе вялікасці Культуры. Сваю працоўную дзейнасць распачала на пасадзе інструктара Смаргонскага гарадскога Дома культуры ў 1989 годзе. Скончыла Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. Працавала на розных пасадах у сферы культуры Смаргоншчыны.

IMG_0154.jpg

У 2001 годзе ўзначаліла аддзел культуры райвыканкама. Невялікі адрэзак часу, калі адбылася рэарганізацыя ў райвыканкаме, Таццяна Мар’янаўна была намеснікам начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама. Але неўзабаве зноў рэарганізацыя – і Таццяна Ражэва зноў стала начальнікам аддзела культуры. 

Пад яе кіраўніцтвам сталі традыцыйнымі многія мерапрыемствы, сярод якіх – абласны конкурс танцавальных калектываў “Скокі ва ўсе бокі”, адкрыты рэгіянальны фестываль батлеечных калектываў “Чароўны свет батлейкі”, фестываль “Вяргіні да Дня нараджэння Міхала”, свята камернай музыкі “Вяртанне Паўночных Афінаў”, фестываль “Кераміка Крэва”, рэгіянальны фестываль-кірмаш “Смаргонскія абаранкі”, народныя святы “Масленіца”, “Купалле”, “Дажынкі”, брэндавыя мерапрыемствы аграгарадкоў.

“Таццяна Мар’янаўна – прафесійна падрыхтаваны, адукаваны спецыяліст, цудоўны арганізатар і адказны кіраўнік, прынцыповая, патрабавальная да сябе і падначаленых, – так характарызуюць юбілярку людзі, з якімі яна працуе на працягу многіх гадоў. І не забываюць дадаць: “А яшчэ яна абаяльная жанчына і клапатлівая маці”.

“Залатыя гады, залатыя жаданні”, – менавіта так хочацца ахарактарызаваць жыццёвы рубеж Таццяны Мар’янаўны. І няхай гэтыя жаданні спраўджваюцца. Шчыра зычым ёй творчых поспехаў, здароўя, міру і шчасця.

Галіна АНТОНАВА.

Фота Дзяніса ЯРОЎСКАГА.