У Сінькоўскай СШ прайшоў Дзень роднай мовы

 

У Сінькоўскай СШ прайшоў Дзень роднай мовы

Общество
22.02.2022
783
21 лютага адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы.  Сёння ў свеце шмат цудоўных моў. Адны з іх вабяць сваёй прыгажосцю і непаўторнасцю, другія – мілагучнасцю. Але ў кожнага чалавека ёсць толькі адна родная мова.

Вучні знаёмяцца з рознымі слоўнікамі  і творамі беларускай мовы.jpg

Вучні знаёмяцца з рознымі слоўнікамі і творамі беларускай мовы.

У пачатковых класах Сінькоўскага ясляў-сада - сярэдняй школы прайшло мерапрыемства “У роднай мовы - роднае карэнне”, прысвечанае Міжнароднаму дню роднай мовы.

Падзея праходзіла пад дэвізам “Размаўляй са мной па-беларуску”. Навучэнцы пазнаёміліся з гісторыяй свята, прагледзелі відэаролік, дзе вядомыя беларусы выказваюцца пра родную мову, а таксама пазнаёміліся з выказваннямі славутых пісьменнікаў. Найбольш даспадобы дзецям прыйшлося выказванне Алеся Разанава: “Кожны народ мае хаця б адзін геніяльны твор, i гэты твор – мова”.

Падчас гульні вучні патрымалі ў руках розныя слоўнікі беларускай мовы, пазнаёміліся са старажытнай і сучаснай лексікай роднай мовы. У форме гульні былі праведзены конкурсы “Перакладчык”, “Беларуская прыказка”, “Рэбусы”, “Вясёлая пантаміма”.

Напрыканцы мерапрыемства школьнікі адказалі на галоўнае пытанне: “Чаму нам трэба берагчы і паважаць родную мову?”. Кожны вучань выказаўся, з чым асацыіруецца родная мова. Варыянты былі розныя: з кветкамі, са школай, з маці, з вёскай. Але самае галоўнае тое, што ўсе дзеці ўсвядомілі, што наша мова – беларуская – самая родная і прыгожая.

Дзіяна БОЛДЫШ,

настаўніца пачатковых класаў Сінькаўскай СШ.