Будзем жыць і будзем памятаць

 

Будзем жыць і будзем памятаць

Общество
13.02.2022
1672

2.jpg

Аляксандр Андрэевіч БАБРАВІЦКІ (07.08.1919 – 31.12.1994)

У рамках Года гістарычнай памяці вучні 9 А класа сярэдняй школы №5 правялі гістарычны экскурс у ваеннае мінулае роднага краю “Будзем жыць і будзем памятаць”.

Адна з найгалоўнейшых каштоўнасцей нацыі, тая аснова, што аб’ядноўвае сям’ю, род і, увогуле, увесь народ і краіну, – гэта гістарычная памяць.  Каб ствараць будучае, трэба помніць мінулае. Як сцвярджаў Уладзімір Караткевіч: “У падзеях мінулага – нашы карані. А дрэва без карэння не можа існаваць, ні тым больш прыносіць плады”.

На класнай гадзіне “Будзем жыць і будзем памятаць” вучні зрабілі чарговы крок да нашай гістарычнай памяці. Падчас правядзення мерапрыемства разгадвалі віктарыну “Беларускі куток”, агучвалі ўласныя водгукі на творы ваеннай тэматыкі “Дзеля жыцця на Зямлі”, чыталі вершы пра ваенныя подзвігі “Аб сябрах-таварышах”.

1.jpg

Мірон Ісакавіч КАНАВАЛЕНКА (справа).

Асабліва кранальнымі былі паведамленні-ўспаміны пра ваенна-франтавыя гісторыі аб сваіх родных. Урбановіч Маргарыта згадала пра свайго прапрадзядулю Мірона Ісакавіча Канаваленку, які ваяваў у гады Першай сусветнай вайны (1914). У гады Вялікай Айчыннай вайны ён разам са сваёй жонкай Агрыпінай Аўдзееўнай, якія пражывалі ў вёсцы Пераможац Гомельскай вобласці, дапамагалі атраду пад камандаваннем Каўпака, што падчас рэйду спыніўся ў гэтай вёсцы. Пасля таго, як атрад рушыў далей,  немцы спалілі вёску разам з жыхарамі, якія не паспелі збегчы ў лес. І тых , хто збег, многіх расстралялі…

Прапрадзядуля Вікторыі Бажко Аляксандр Андрэевіч Бабравіцкі родам з вёскі Жупраны Гродзенскай вобласці. Падчас Вялікай Айчыннай вайны ваяваў, быў паранены ў плячо. Вельмі любіў граць на баяне. Пад яго акампанемент праводзіў салдат на вайну, а потым і сам далучыўся да іх. Жывым вярнуўся дадому.

Я, у сваю чаргу, узгадала пра чалавека, які быў маім першым настаўнікам у пачатковай школе ў вёсцы Клідзеняты Смаргонскага раёна, ветэрана Вялікай Айчынай Уладзіміра Пятровіча Мускага. Пры нашых сустрэчах Уладзімір Пятровіч быў вельмі рады, што жыве ў незалежнай Беларусі, ганарыцца яе поспехамі. Бацька Уладзіміра Пятровіча ваяваў у Першую сусветную вайну, а сам ён – у Вялікую Айчынную, разам з баявымі таварышамі вызваляў Прыбалтыку і там сустрэў Перамогу. Удзельнічаў у шматгадовай барацьбе з лютым ворагам не толькі на фронце, але і ў тыле. Перад тым, як Уладзіміра Пятровіча прызвалі на службу ў армію, ён партызаніў, быў байцом партызанскай брыгады імя Суворава, якая размясцілася на тэрыторыі нашага раёна. Пры жыцці  Уладзімір Пятровіч узгадваў вызваленне Смаргоні, як праз Вілію перапраўляліся танкі, пяхота і партызаны. Баі праходзілі на тэрыторыі сучаснай цэнтральнай раённай бальніцы і не толькі. Варожая авіяцыя падбіла нямала савецкіх танкаў.

Мінаюць гады, усё меней застаецца відавочцаў, удзельнікаў страшных войнаў. І ад гэтага не па сабе. Чым менш застаецца сведкаў, тым мацней чутны галасы тых, хто зноў хоча раздзяліць людзей на звышчалавекаў і неграмадзян. Таму сёння мы зноў і зноў звяртаемся да ваеннай тэматыкі, узгадваем тых, хто перажыў вайну, аддаў сваё жыццё, каб іх патомкі жылі ў мірнай і незалежнай краіне.

Таццяна ВАСІЛЕЎСКАЯ,

класны кіраўнік 9 А класа СШ №5.