Светлай памяці заслужанага настаўніка Рэспублікі Беларусь Расціслава Шчаснага

 

Светлай памяці заслужанага настаўніка Рэспублікі Беларусь Расціслава Шчаснага

Общество
12.01.2022
4480

Даўно хацела напісаць разгорнуты матэрыял пра Расціслава Сцяпанавіча Шчаснага. На момант, калі я прапанавала яму сустрэцца, настаўнік быў моцна хворы, пра што я, канешне, не ведала. Ведала, што захварэў, лечыцца і жыве марамі, што зноў выйдзе на работу.

Некалькі разоў мы  сустракаліся, разважалі, абмяркоўвалі матэрыял. Калі ён быў гатовы да друку, Расціслаў Сцяпанавіч папрасіў пакуль не ставіць яго ў газету.  Відаць, чакаў, што яму стане лепш і зноў пераступіць парог сваёй любімай першай школы. Тады і матэрыял будзе своечасовым.

Яму не стала лепш, і ў школу ён больш не вернецца. 11 студзеня Расціслаў Сцяпанавіч пакінуў нас.  Гэты матэрыял – своеасаблівы рэквіем вялікаму Педагогу і выдатнаму Чалавеку.

Ростик 8.jpg

Асвячаць шлях дабром

Пасля школы ён паступіў у Гродзенскі сельскагаспадарчы інстытут. Разам з дыпломам агранома атрымаў рэкамендацыю на паступленне ў аспірантуру. Толькі працаваць на хлебнай ніве яму давялося нядоўга, а вось сяўбе “разумнага, добрага, вечнага” Расціслаў Шчасны прысвяціў практычна ўсё жыццё.

Расціслаў Сцяпанавіч нарадзіўся ў 1953 годзе ў вёсцы Дракі (цяпер Вясенняя) у звычайнай сялянскай сям’і. Бацькі працавалі ў паляводстве і вельмі хацелі, каб дзеці выраслі людзьмі працавітымі і адукаванымі, таму зрабілі ўсё магчымае, каб абедзве дачкі і сын скончылі вышэйшыя навучальныя ўстановы.  Але ж ні мама,  ні тата і ўявіць сабе не маглі, што іх меншы, Росцік, прайшоўшы няпросты педагагічны шлях, стане кандыдатам педагагічных  навук, заслужаным настаўнікам Рэспублікі Беларусь.

“Завіруха мяце, завіруха…”

У дзяцінстве  Расціслаў асвоіў практычна ўсе вясковыя работы: садзіць і капаць бульбу, сеяць зерне ўручную, упраўляцца з канём, араць, баранаваць, касіць, жаць сярпом бульбоўнік і збожжа… Расціслаў Сцяпанавіч яскрава распавядаў пра сваё тагачаснае жыццё: ”Выразна памятаю пару сенакосу. Цэлы дзень бацька, сястра і я сушым-варочаем сена. На вуліцы ўжо цёмна, накладаем вялікі воз, узбіраемся наверх, уладкоўваемся і едзем дахаты. Драўляныя колы рытмічна рыпяць, на калдобінах наш воз падскоквае. Тата частуе нас яблыкамі, падсохлым хлебам і салам, што засталіся ад абеду. І няма, здаецца, нічога смачнейшага на свеце!

Цёмную дарогу асвятляе месяц, начное зорнае неба праплывае над нашымі вачыма, мы ўтраіх углядаемся ў яго, бацька паказвае Вялікую і Малую Мядзведзіцу, іншыя сузор’і… Я адчуваю сябе амаль касманаўтам.

У школьны час урокі робім пасля таго, як управімся з хатнімі справамі. Познім вечарам. А раніцай, яшчэ сонца не ўстала, мы, дзеці – на нагах. Да школы па прамой – пяць кіламетраў. Бывае, зімой мама кажа: “Сцюдзёна, завіруха, не ідзіце ў школу”, а мы ўсё роўна ідзём”. 

ростик 1.jpg

Цяга да вучобы ў Расціслава была неймаверная. Сваіх настаўнікаў ён успамінаў з асаблівай цеплынёй: “Яны былі для нас прыкладам чалавечнасці, дабрыні, бацькаўшчыны. Да вучняў адносіліся як да родных дзяцей. Станіслава Пятровіча і Марыю Сцяпанаўну Мінкевічаў лічу сваімі другімі бацькамі. Памятаю, калі ехаў на свой першы ўступны экзамен у інстытут, Марыя Сцяпанаўна прыйшла ў шэсць гадзін раніцы  на аўтобусны прыпынак і падрабязна тлумачыла, як правільна дабрацца да ВНУ, як не згубіцца ў вялікім горадзе”.

ростик4.jpg

На той час вясковыя дзеці, якія добра вучыліся ў школе, звычайна аддавалі перавагу медыцыне, педагогіцы ці сельскай гаспадарцы. У сельскагаспадарчы інстытут Расціслава ўгаварылі пайсці бацькі: “На вёсцы дадуць жыллё, і нам будзеш падтрымкай. У калгасе не прападзеш, а зямлю ты любіш”.

Застацца ў сельгасінстытуце  пасля заканчэння і паступіць у аспірантуру ў Расціслава не атрымалася, трэба было прайсці адпрацоўку па профілю. Ён размеркаваўся на радзіму, у калгас імя Дзяржынскага, якім кіраваў Пятро Карней, фігура вядомая ў раёне. Праз паўгода калгас аб’ядналі з двума суседнімі – дэфіцыту ў кадрах не стала, і кіраўнік адпусціў маладога агранома ў вольны палёт. Гэта быў 1979 год.

Неўзабаве Расціслаў паступіў… у Мінскі дзяржаўны педінстытут імя Горкага на гістарычны факультэт.  Потым уладкаваўся на працу ў  Лакачоўскай школе, дзе выкладаў гісторыю, грамадазнаўства і геаграфію, нярэдка замяняў настаўнікаў хіміі і біялогіі – веды, атрыманыя ў сельгасінстытуце і ў школе  спатрэбіліся.

Як адзначаў Расціслаў Сцяпанавіч, у Лакачах быў выдатны педагагічны калектыў, моцныя настаўнікі савецкай школы – Аляксандра Саламаха, Тамара Пашкевіч, Ала Савіцкая… Ад іх пераймаў вопыт.  

ростик6.jpg

А кожнае лета, на працягу пятнаццаці гадоў, працаваў у аздараўленчым турысцка-краязнаўчым лагеры ў Байбах інструктарам школьнага турызму. Арганізоўваў экскурсіі, паходы, вечарыны. Дзеці наведвалі Вільнюс, Каўнас, Друскінінкай, Полацк і многія іншыя гістарычныя месцы, дзе Расціслаў Сцяпанавіч праводзіў для іх экскурсіі. Разам са сваімі выхаванцамі ён пехатой хадзіў да Крэва, Залесся, Кушлян, Вязынкі…

Шлях да навукі

Разам з дыпломам настаўніка Расціслаў Шчасны атрымаў прапанову паступаць у аспірантуру. Прафесар Канстанцін Кулінковіч быў упэўнены, што хлопцу з такімі ведамі і апантанасцю трэба ісці ў навуку. “Выхаванне грамадзянскасці і патрыятызму школьнікаў у сучасных умовах” – так гучала тэма кандыдацкай дысертацыі, якую ў маі 1994 года абараніў Расціслаў Шчасны.  

Ростик 7.jpg

Яе апрабацыя прайшла ў Сольскай сярэдняй школе – на той час самай перадавой вясковай ўстанове адукацыі. “У Солах я адчуў моцную падтрымку ад дырэктара Леаніда Страха, яго намесніцы Станіславы Баркоўскай і педагогаў. Цяпер, калі аналізую той час, разумею, якія цудоўныя людзі на розных этапах жыцця мне сустракаліся. Без іх мой лёс мог бы быць іншым”, - зазначаў мой суразмоўца.

 У 1996 годзе Расціслаў Шчасны выдаў брашуру “Ці ведаеце вы гісторыю Смаргоншчыны?” – лагічнае прадаўжэнне яго дысертацыі. Выпуск ажыццявіў Беларускі фонд сацыяльнай падтрымкі дзяцей і падлеткаў “Мы – дзецям”. 

ростик3.jpg

Трыццаць гадоў таму Расціслаў Сцяпанавіч перайшоў з Лакачоў у першую гарадскую школу, якую ўзначальваў на той час заслужаны работнік адукацыі БССР Станіслаў Мінкевіч. Былы настаўнік і вучань зноў сустрэліся.

За гады педагагічнай працы Расціслаў Сцяпанавіч выступаў на 2 міжнародных і 12 рэспубліканскіх навукова-практычных канферэнцыях, быў пастаянным членам Савета Беларускага педагагічнага таварыства, у рабоце якога прымалі ўдзел Міністры адукацыі РБ, рэктары педагагічных ВНУ, лепшыя настаўнікі Беларусі.  На рахунку Расціслава Шчаснага  – больш за 40 публікацый у спецыялізаваных выданнях. У 1995 годзе яго ўзнагародзілі нагрудным знакам “За актыўную працу”   за прапаганду дасягненняў педагагічнай навукі сярод шырокай педагагічнай грамадскасці і актыўны ўдзел у распаўсюджванні педагагічных ведаў сярод насельніцтва. 

IMG_6288.JPG

У 2001 годзе Расціслаў Сцяпанавіч удзельнічаў у ІІ рэспубліканскім з’ездзе настаўнікаў Беларусі, на якім атрымаў дыплом аб прысваенні ганаровага звання “Заслужаны настаўнік Рэспублікі Беларусь”.

IMG_9987.JPG

Але ж не дзеля рэгалій і званняў шчыраваў на ніве адукацыі гэты настаўнік. Яго педагагічнае крэда – “Навучаючы іншых, вучуся я сам”.  “Англійскі паэт Аляксандр Поўп сцвярджаў: “Сілу розуму надаюць практыкаванні, а не супакой”. Выдатна сказана. Добры настаўнік увесь час павінен развівацца, шмат чытаць. Інакш ён будзе нецікавым сваім вучням, - быў упэўнены мой субяседнік. – А што тычыцца прадметаў, які я выкладаю…  Маё перакананне – гісторыю трэба ведаць кожнаму, яна не толькі люстэрка жыцця грамадства, але і пэўны алгарытм яго будучыні”.

дети.jpg

Да 50-годдзя СШ№1 Расціслаў Шчасны напісаў кнігу пра гісторыю школы. Пазней па яго ініцыятыве пачалі ствараць школьны гісторыка-краязнаўчы музей “Наш гонар”, дзе нярэдка праходзяць урокі гісторыі, пасяджэнні клубаў “Беларусь” і “Мы – моладзь”.

Вельмі шмат экспанатаў для музея Расціслаў Сцяпанавіч  сабраў сам. Гледзячы на апантанага педагога, рэчы з гісторыяй у школьны музей сталі прыносіць настаўнікі, дзеці, бацькі. Назапасіўся багаты архіў прадметаў побыту, кніг, фотаздымкаў. Ёсць асобны раздзел, прысвечаны жыццёваму і творчаму шляху Уладзіміра Церабуна, для якога былы вучань школы перадаў свае асабістыя рэчы і творы. Ёсць асобны раздзел, прысвечаны таленавітай самабытнай мастачцы Ліліі Трохалевай, якая працавала ў першай школе  сакратаром і кіраўніком тэатральнага гуртка. Пакуль няма асобнага раздзела, прысвечанага самому Расціславу Шчаснаму. Варта было б стварыць…

ростик5.jpg

Адшукваць добрыя зярняткі

 “У сваёй педагагічнай дзейнасці я шмат увагі ўдзяляю выхаваўчай рабоце, -  зазначаў

Расціслаў Сцяпанавіч. – Нам, гісторыкам, у адрозненні ад іншых настаўнікаў-прадметнікаў, пашанцавала , бо не толькі на  пазакласных занятках, але і на ўроках ёсць больш магчымасцяў для выхавання моладзі. Як можна проста выкладаць гісторыю ці грамадазнаўства? Гэтыя навукі – у цеснай сувязі з педагогікай і псіхалогіяй, з выхаваннем грамадзянскасці, патрыятызму, чалавечнасці, дабрыні і маралі, а гэта ж усё – складнікі асобы”. 

ростик9.jpg

“Расціславу Сцяпанавічу  давялося шмат працаваць з “цяжкімі падлеткамі”.  У класах, дзе ён быў кіраўніком, сустракаліся розныя дзеці – і выдатнікі, і “харашысты”, а сярод іх 8 – 10 чалавек, якія стаялі на ўліку ў інспекцыі па справах непаўналетніх. І яму ўдавалася іх вывесці з гэтага ўліку, - сцвярджаюць калегі. -  Ці то жартам, ці то ўсур’ёз бацькі сталі называць яго “папраўчай калоніяй”. Часам таты і мамы  “цяжкіх падлеткаў” таксама былі нялёгкія, але настаўнік падбіраў ключыкі і да іх”.

Ростик.jpg

“Тэрмін “цяжкія падлеткі” я не прызнаваў. У кожным вучні мне заўсёды хацелася знайсці добрае зернейка (працавітасць, поспехі ў творчасці, спорце ці ў школьным прадмеце). І калі гэта адбывалася, я “чапляўся” за гэта зярнятка, узводзіў яго ў абсалют, дапамагаў дзіцяці раскрыцца.  Як толькі гэта ўдавалася, яно пачынала адчуваць сілу, падымаць крылы – і ўзлятаць”, - адкрываў свае прафесійныя сакрэты настаўнік. - Прыемна, што з тымі вучнямі, з якімі даводзілася больш працаваць, мы і дагэтуль – добрыя сябры”.

ростик 2.jpg

 “Жыццё дадзена на добрыя справы”, - пісаў Сенека.  Дабро, любоў да чалавека, узаемадапамога, шчодрасць учынку. “Каму на карысць? У чыіх інтарэсах? Ці ўсе зразумеюць?” – усе мы рана ці позна задаём сабе гэтыя пытанні, - разважаў Расціслаў Сцяпанавіч. - Штодзень я кажу сабе: “Калі шчаслівы той, хто разам са мной, калі я камусьці патрэбны, значыць, дзень і жыццё пражытыя недарэма”.

З гэтай нагоды прыпамінаюцца словы вялікага Шэкспіра: “Як далёка распасціраюцца промні маленькай свечкі. Гэтак жа ззяе і добрая справа ў стомленым свеце”. Няхай толькі ззяе і ніколі не гасне…

І пакуль мы будзем жыць, не згасне наша памяць пра гэтага светлага чалавека.

Галіна АНТОНАВА.

Фота з архіва Расціслава ШЧАСНАГА.