26 красавіка – 30 гадоў з дня чарнобыльскай трагедыі: страшная госця, імя якой - Радыяцыя

Общество
23.04.2016
1315
«Радыяцыя ідзе! Да нас ідзе радыяцыя!» - з гэтымі крыкамі дзеці, быццам спужаная чародка вераб’ёў, гнаная велізарным, злым ценем, разляцеліся па сваіх дварах. Зачынялі брамкі, вароты, дзверы хат. І хоць ніхто нават уяўлення не меў, што гэта за «радыяцыя» такая, усе адчулі нябачную пагрозу, са смакам металу на зубах і...
«Радыяцыя ідзе! Да нас ідзе радыяцыя!» - з гэтымі крыкамі дзеці, быццам спужаная чародка вераб’ёў, гнаная велізарным, злым ценем, разляцеліся па сваіх дварах. Зачынялі брамкі, вароты, дзверы хат. І хоць ніхто нават уяўлення не меў, што гэта за «радыяцыя» такая, усе адчулі нябачную пагрозу, са смакам металу на зубах і нясцерпным галаўным болем. Ураўнаважанае жыццё ператварылася ў бясконца трывожнае чаканне...

Спачатку чаканне выбуху яшчэ аднаго ядзернага рэактара. Шматтысячны горад тады апусцеў. Было ўказанне: не выходзіць на вуліцу, уключыць радыёпрыёмнікі, падрыхтаваць усе неабходныя дакументы, рэчы і пры сігнале сірэны спусціцца ў падвалы, склепы, бамбасховішчы. Асабліва горка было за людзей, якія перажылі Вялікую Айчынную вайну.

Затым чаканне сустрэчы з роднымі. Звыклае жыццё жыхароў горада Хойнікі перавярнулася за адзін дзень. Небяспечным для жыцця стала ўсё звыклае: ежа, вада, паветра, зямля і яе плады, нетры. Пачалася паніка. Натоўпы людзей сталі штурмаваць вакзалы, спяшаючыся вывезці з забруджанага горада блізкіх і перш за ўсё дзяцей. Цэлыя эшалоны, перапоўненыя людзьмі, адыходзілі ў розныя напрамкі неабсяжнай краіны - Савецкага Саюза. Так самыя родныя і блізкія людзі былі вымушаны пачынаць жыццё нанова, удалечыні адзін ад аднаго, ад роднай хаты. Толькі пакінутыя дамы з мэбляй, цацкамі і начыннем, быццам куфры з пасагам, надавалі надзею і веру…

Але вяртання не адбылося. Усё часцей гучала слова «чужына», а ва ўжыванні жыхароў «чыстых зон» з’явілася слова «перасяленцы». Так вымушаныя перасяленцы сталі людзьмі без каранёў (засталіся без малой радзімы). Ім давялося зноў заваёўваць аўтарытэт як у прафесійнай, так і ў асабістай сферах. І зноў чакаць… Ці стануць яны калі-небудзь сваімі сярод чужых? Найскладаней даводзілася дзецям: новыя выкладчыкі, дзіцячыя калектывы са сваімі правіламі і нормамі паводзін. Аднак цярпенне і надзея паступова ператварылі вялікую непрыязнасць у сапраўднае шчырае сяброўства на многія гады.

Але гэта было потым. А цяпер чатырохгадовая дзяўчынка сядзела пад сталом, замкнуўшы ўсе засоўкі ў доме і ўпершыню свядома малілася. Маліла Бога аб тым, каб бацькі вярнуліся дадому і іх не забрала нікому невядомая, няпрошаная, страшная госця, імя якой - Радыяцыя.

Даведка.
Хойніцкі раён Гомельскай вобласці - адзін з найбольш пацярпелых у выніку Чарнобыльскай трагедыі. За дваццаць гадоў пасля аварыі з тэрыторыі, найбольш забруджанай радыёнуклідамі, было адселена больш за 20 тыс. чалавек, колькасць насельніцтва скарацілася амаль удвая. Спынілі сваё існаванне 49 населеных пунктаў з 99, шэраг навучальных устаноў, медыцынскіх, культурна-асветніцкіх устаноў, 5 будаўнічых арганізацый.Скасавана 6 сельскіх Саветаў. Ліквідавана 7 сельгаспрадпрыемстваў, кормазавод «Майдан», свінакомплекс, малочны комплекс на 800 кароў. З карыстання выведзена 88 тыс. га зямлі, у тым ліку 34 тыс. га сельгасугоддзяў. Цяпер насельніцтва горада складае каля 13 тыс. чалавек.

Наталля АНТОНЕНКА.
 


Актуальные новости Сморгони и Сморгонского района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!