26 красавіка – 30 гадоў з дня чарнобыльскай трагедыі: Пётр Краўчанка

Общество
20.04.2016
1606
Пётр Краўчанка заканчваў тэрміновую службу ў арміі, калі выбухнула на ЧАЭС. Дамоў вяртаўся ў маі. Раніцай у Гомелі сеў на брагінскі аўтобус. І вось яна, родная вёска Макрэц. Прайшоў па вуліцы – нікога. Пазней даведаўся, што моладзь усю вывезлі, засталіся толькі людзі сталага ўзросту, якія не выходзілі без патрэбы на...
IMG 9107Пётр Краўчанка заканчваў тэрміновую службу ў арміі, калі выбухнула на ЧАЭС. Дамоў вяртаўся ў маі. Раніцай у Гомелі сеў на брагінскі аўтобус. І вось яна, родная вёска Макрэц. Прайшоў па вуліцы – нікога. Пазней даведаўся, што моладзь усю вывезлі, засталіся толькі людзі сталага ўзросту, якія не выходзілі без патрэбы на двор.

Што рабіць? Не сядзець жа без справы. Пётр уладкаваўся на працу ў сельгастэхніку. Яму даверылі самазвал. Разам з іншымі вадзіцелямі (брыгада складалася з 11 чалавек) вазіў з кар’ера пясок, якім падсыпалі дарогі. Маршрут пралягаў аж да самай 30-кіламетровай зоны. На дарогах стаялі пасты. На іх дзяжурылі міліцыянеры і медработнікі. Спыняць аўтамабіль, спытаюць у вадзіцеля, як самаадчуванне, і паехаў далей.

Паміж Брагінам і Хойнікамі пры выездзе з 30-кіламетровай зоны быў устаноўлены пост для дэзінфекцыі аўтамабіляў. Спынялі нават рэйсавыя аўтобусы, правяралі людзей у салонах, мылі грамадскі транспарт. Усе аўтамашыны, якія выязджалі за межы раёна, правяралі. Калі які-небудзь грузавік не ўпісваўся ва ўстаноўлены нарматыў, яго адпраўлялі на мыйку. Мылі колы, радыятары. Апошнія назапашвалі ў сабе нямала радыяцыі. І калі памыўка не дапамагала, радыятары мянялі на новыя.
На сваім ЗІЛе Пётр Краўчанка вазіў не толькі пясок, але і каменне. Ім перакрывалі рэчкі, рабілі своеасаблівыя запруды. Існавала меркаванне, што камяні затрымліваюць радыяцыю. Падчас гэтых паездак вадзіцелям балюча было бачыць апусцелыя вёскі, на лузе пасвілася жывёла, якую пакінулі гаспадары. Сабакі здзічэлі і бегалі зграямі. Нават нападалі на людзей. Марадзёры павыносілі з хат усё, што можна было.

У вёскі, дзе жылі людзі, прыязджалі кожны тыдзень ваенныя, з дапамогай дазіметраў правяралі ўсіх. Ваду прывозілі. Для вяскоўцаў зрабілі душавыя кабіны. У Макрацы душ знаходзіўся на ферме, людзі пастаянна хадзілі туды мыцца. Вядома ж, радыяцыю адчувалі. Ад яе балела галава, наступала стомленасць, у горле была сухасць. Мінералку пастаянна пілі, але і яна не выратоўвала.

Аднойчы Пётр Краўчанка вяртаўся з-пад украінскага сяла Зімовічы. Надвор’е было спякотнае, у аўтамашыне пачаў грэцца матор. Трэба было даліць вады. Спыніў самазвал каля калодзежа непадалёку ад пакінутай хаты. Вядра на месцы не аказалася, вырашыў пашукаць, пайшоў да хлява. Толькі адчыніў дзверы – і адразу ж убачыў труну. Яна стаяла на зямлі, побач былі дзве лаўкі і накрыўка ад труны. Відовішча не з прыемных. Пётр забыўся, па што прыйшоў, і даў ходу ад хлява.
Некаторыя з людзей, якіх вывезлі ў чыстую зону, вярталіся назад, у родныя мясціны. Жылі ў хатах, дзе не было электрычнасці, абыходзіліся без магазінаў, бо іх пазачынялі. Пётр Рыгоравіч узгадаў, што ў адной вёсцы жыла адна-адзінюткая бабуля. Яна не захацела нікуды выязджаць. Непадалёку знаходзілася вайсковая часць, пажылая жанчына хадзіла туды па прадукты.

“Старэйшыя людзі аказаліся больш устойлівымі да неспрыяльных умоў, маладыя паміралі, – сумна прамовіў Пётр Краўчанка. – З 11 сельгастэхнікаўскіх вадзіцеляў, з якімі я развозіў па раёне пясок, жывыя толькі трое. А мы ж былі амаль што аднагодкамі, акрамя брыга-дзіра Валодзі Мельнікава. Гадоў 13 таму памёр. Перад гэтым бачыў яго. Растаўсцеў, меў нездаровы выгляд. Паеду, бывае, на Брагін-шчыну, разгаваруся з кім-небудзь са знаёмых і пачую сумнае: таго ўжо няма… і таго, і таго. Мой бацька пайшоў з жыцця ў 62 гады. Можна сказаць, не пабыў нават на пенсіі. Калі я адыходзіў у армію, у вёсцы не было больш такога дужага мужчыны, як бацька. Бервяно адзін падымаў. А пасля аварыі на ЧАЭС пачаў здаваць, з’явіліся праблемы са здароўем. У мяне таксама яго няма, баляць спіна, ногі. Чамусьці на болі ў нагах скардзяцца ўсе мае знаёмыя. Не старыя яшчэ людзі, а ўжо не могуць хадзіць”.
У сельгастэхніцы Пётр Краўчанка працаваў нядоўга. Потым ажаніўся, пераехаў жыць у Лоеў, а адтуль у 1990 годзе следам за знаёмымі накіраваўся на незнаёмую Гродзеншчыну, у Смаргонь. Цяпер ён ахоўнік на КПП у аграсэрвісе.

У Брагінскі раён Пётр Рыгоравіч наведваўся часта, бо там жыла яго маці. У верасні мінулага года апошні раз быў у яе – ездзіў на пахаванне. Сястра там жыве, але яна – не маці. Хаця сястра і тэлефанавала брату, цікавілася, чаго ён не прыязджае. Аднак у сястры свая сям’я, свае турботы, таму нават родны брат будзе адчуваць сябе няёмка ў гасцях. Вядома ж, ён заедзе да яе, калі збярэцца ў чарговы раз наведаць малую радзіму, з якой столькі звязана, і дзе знайшлі вечны спачын знаёмыя яму людзі.

Юрый ЯНУШКЕВІЧ.
Фота Міхаіла РАЗУМНІКА.

 
 


Актуальные новости Сморгони и Сморгонского района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!