Вольга і пяцёра яе сонейкаў

 

Вольга і пяцёра яе сонейкаў

Общество
14.10.2021
3355
Любоў да дзяцей не дзеліцца на часткі. Няма такога: вось табе старэйшаму – меней, а табе маленькаму – болей. Пачуцці – яны растуць, памнажаюцца. Гадаваць аднаго дзіця – вялікая радасць. А з кожным нованароджаным бацькі становяцца багацейшымі.

IMG_5522.JPG

Калі ў сям’і шмат дзяцей – гэта вялікі падарунак і блаславенне нябёсаў. А разам з тым – велізарная праца і каласальная адказнасць.

“Мае дзеці – мая галоўная каштоўнасць”, - кажа 29-гадовая Вольга Балыш, мама пецярых дзяцей. З мужам Сяргеем яны выхоўвае Насцю (хутка ёй 10 гадоў), 9-гадовую Юлю, 8-гадовага Аляксандра, 7-гадовую Паліну і паўтарагадовую Дашу.

Год таму шматдзетная сям’я пасялілася ў прасторнай кватэры на вуліцы Інжынернай, а дагэтуль жыла ў Байбах, разам з бацькамі Вольгі. Дарэчы, шматдзетная мама таксама з вялікай сям’і. Яна стала шостым, апошнім, дзіцем у бацькоў. І, дарэчы, Вольга – адзіная з сясцёр і братоў, хто можа пахваліцца такой колькасцю дзетак.

Звычайны дзень шматдзетнай мамы мала чым адрозніваецца ад іншых. “Рана ўстаць, сабраць дзяцей у школу – чацвёра ходзяць у СШ№3, пасля – час для Дашы, а яшчэ прыбрацца, памыць адзенне, прыгатаваць абед, - пералічвае свае справы Вольга Аляксандраўна. – Пасля абеду дзеці вяртаюцца са школы. Трэба паспець і ўрокі праверыць, і да школы падрыхтаваць. Безумоўна, адной справіцца з пяццю дзецьмі складана.

Мой муж – галоўны памочнік, ён таксама не цураецца ніякай работы. Аднойчы ў бальніцу ў Гродна давялося легчы, Сяргей адзін выдатна ўсе справы выконваў. Прыходзяць на дапамогу, калі трэба, і бацькі, асабліва мая мама. Для яе не страшны наш “дзіцячы сад”. Ды і большыя дзеці, па сутнасці, - мая падтрымка. Маюць пэўныя абавязкі. У сваіх пакоях прыбраць, посуд памыць, з Дашай пагуляць – усё гэта яны робяць”.

Шматдзетная мама перакананая, што шчаслівая сям’я – астравок, дзе пануе паразуменне і любоў. І гэта не падарунак лёсу, а карпатлівая праца мужа і жонкі.

У сувязі з развагамі Вольгі Аляксандраўны ўспомнілася прыпавесць. Аднойчы мудраца спыталі людзі:

- Якое самае лепшае лякарства для чалавека?

- Любоў і клопат, - пачулі ў адказ.

Нехта засумняваўся:

- А калі не дапаможа?

- Павялічце дозу, - адказаў мудрэц.

“Так, клопату, любові і ўвагі шмат не бывае, - згаджаецца Вольга. – А ў выніку – такі ўзаемаабмен адбываецца, які называецца Шчасцем”.

Галіна АНТОНАВА.

Фота аўтара.