Выйшла новая кніга-альбом Уладзіміра Церабуна “Хвіліны творчага натхнення”

 

Выйшла новая кніга-альбом Уладзіміра Церабуна “Хвіліны творчага натхнення”

Общество
15.09.2021
3319
Нядаўна пабачыла свет кніга-альбом “Хвіліны творчага натхнення” Уладзіміра Церабуна. Своеасаблівы падарунак да 75-гадовага юбілею маэстра. Наш зямляк, вядомы беларускі скульптар, апошнім часам асабліва захапіўся маляваннем. Хаця пэндзаль, фарбы, палітра і мальберт былі даўнімі сябрамі Уладзіміра Васільевіча.

ОБЛОЖКА.jpg

“Памятаю, калі я быў студэнтам, часта прыязджаў у родную Смаргонь. Тут мяне чакалі неабходныя прылады: мальберт, эцюднік, алейныя фарбы, палатно, кардонкі. Тады я спрабаваў рабіць копіі работ Івана Шышкіна “Карабельная роща”, “Рубка леса”, успамінае Уладзімір Церабун. Бацька ўхваліў копіі, зрабіў рамы і павесіў карціны на сцяну. І толькі ў 90-я гады мінулага стагоддзя паспрабаваў зноў заняцца алейным жывапісам, але аўтарскім. Былі і пэўныя поспехі, толькі я ўжо больш нікога не капіраваў і настойліва спрабаваў рабіць сваё.

Да актыўнай “жывапіснай” творчасці мяне падштурхнуў адзін выпадак. Я захварэў. Гродзенскія дактары параілі легчы ў лякарню. Я пагадзіўся. Узяў акварэльныя фарбы, пэндзлікі, паперу і накіраваўся “на адпачынак”. Два тыдні папраўляў здароўе і рупліва спрабаваў свае здольнасці ў жывапісе. Нарэшце, нешта пачало атрымлівацца. Загадчык аддзялення папрасіў, каб я падарыў ім некалькі акварэляў. Іх павесілі ў ардынатарскай. Я ўспрыняў гэта як узнагароду”.

З цягам часу Уладзімір Васільевіч стаў маляваць этапамі. Праходзіць час – і ён дае сабе заданне-праграму: “Наступны тыдзень малюю акварэллю”. Разумеў, што адразу напісаць удалы твор можа толькі суперпрафесіянал. І то не заўсёды. Патрэбны вопыт, спробы, эксперыменты.

Масло В.В. Теребун.jpg

Для кнігі-альбома “Хвіліны творчага натхнення” мастак з некалькіх соцень работ адабраў невялікую колькасць. “Захацеў сабраць пад адну вокладку тое лепшае, што выйшла з-пад майго пэндзля, што гадамі выхоўвала ўва мне творцу, даючы велічную асалоду ад усхвалення прыгажосці беларускай прыроды, ад захаплення яе гармоніяй, спевамі і мелодыяй, даючы мне асалоду пошуку, натхнення і знаходак”, напісаў аўтар у прадмове да сваёй кнігі-альбома.

Галоўнае для Уладзіміра Васільевіча як мастака – знайсці гармонію прыроды, прыгажосць спалучэння фарбаў, каб усё разам вабіла і сагравала сэрца, каб людзі, хоць на хвіліну, забыліся пра смартфоны і вайберы. Тым больш, што напісанае – застаецца. У літаратуры, паэзіі, жывапісе...

Плануецца, што прэзентацыя кнігі адбудзецца 22 кастрычніка ў раённым Цэнтры культуры, падчас юбілейнай вечарыны Уладзіміра Церабуна.

Галіна АНТОНАВА.