120 гадоў таму нарадзіўся музыка, педагог, фатограф Аляксандр Дзяруга

 

120 гадоў таму нарадзіўся музыка, педагог, фатограф Аляксандр Дзяруга

Общество
19.08.2021
2191
Жыў у Смаргоні чалавек, які належаў усяму гораду. Нарадзіўся 10 жніўня (па іншых звестках – 23 жніўня) 1901 года ў Ракаве, вучыўся і працаваў у Вільні. Напрыканцы 30-х гадоў мінулага стагоддзя пераехаў у Смаргонь. Педагог па адукацыі і па прызванні. Спачатку стварыў у Смаргоні струнны ансамбль, а пасля – першы ў Беларусі народны цымбальны аркестр і кіраваў ім на працягу трох дзясяткаў гадоў. Аркестр праславіўся не толькі ў раёне. Цымбалісты шмат выступалі ў Гродне і Мінску (у тым ліку і на беларускім тэлебачанні), у піянерскім лагеры “Артэк”, у Літве і іншых месцах. Без цымбальнага аркестра не абыходзілася ні адно раённае свята. Некалькі дзясяткаў смаргонскіх школьнікаў “прайшлі” выхаванне ў калектыве. Многія ў будучым сталі музыкамі.

Зрабіў наш горад знакамітым

дерюго 1.jpg

С9.jpg

“Каб стаць сапраўдным выхавальнікам дзяцей, трэба аддаць ім сваё сэрца”, - сцвярджаў вядомы савецкі педагог Васіль Сухамлінскі. Аляксандр Дзяруга, без перабольшвання, аддаў дзецям усяго сябе. Сорак гадоў, як маэстра няма ў жывых, а яго выхаванцы і дагэтуль носяць у сэрцы любоў і павагу да свайго педагога.

Надзея Шут, якая, праўда, не грала ў цымбальным аркестры, але часта выступала дуэтам з Аляксандрам Дзяругам (спявала, а маэстра ёй акампанаваў) стала музыказнаўцам. Жыве ў Мінску, часта бывае ў Смаргоні. Надзея Васільеўна з цеплынёй гаворыць пра Аляксандра Дзяругу: “Аляксандр Анісімавіч для мяне быў узорам. Яго прозвішча на працягу ўсяго жыцця мяне суправаджала і падтрымлівала. Помню, мой кіраўнік дыпломнай работы Лідзія Мухарынская (тады яна была дацэнтам кафедры музыказнаўства і фалькларыстыкі ў кансерваторыі) пацікавілася, адкуль я родам. Калі даведася, што са Смаргоні, то ўсклікнула: “Дык у вас там быў Аляксандр Дзяруга! Ён вашу Смаргонь зрабіў знакамітай!”. Дарэчы, яго імя занатавана ў кнізе “Гісторыя беларускай савецкай музыкі”. Сапраўды Дзяругу можна паставіць побач з такімі волатамі-музыкамі, як Жыновіч, Цітовіч, Мухарынскай…

1976_2.jpg

Цікавы факт: у аркестр да Аляксандра Дзяругі прыходзілі дзеці, якія не ведалі нотнай граматы. У кіраўніка была свая сістэма навучання на струнных інструментах – не па нотах, а лічба-літарная, якая лёгка ўспрымалася дзецьмі. Яна хутка засвойвалася. “Цяпер бы на гэту тэму былі б аўтарскія публікацыі, - зазначае Надзея Шут, - а тады на гэта ніхто асабліва ўвагі не звяртаў”.

Разам з Рыгорам і Генадзем Цітовічам запісваў у беларускіх вёсках народныя спевы і мелодыі. Аўтар шэрагу апрацовак для цымбальнага аркестра, у тым ліку беларускіх народных песень «Лянок» і польскай «Трамблянка». Напісаў «Марш піянераў Смаргоні», вальс «Нарач», «Святочную» і іншыя. Зрабіў шмат запісаў беларускага песеннага і інструментальнага фальклору («У Марцінавым садзе», «Залескія прыпеўкі», «Смаргонская полька»). Быў аўтарам шматлікіх артыкулаў, якія друкаваліся ў раённай газеце «Светлы шлях».

С15.jpg


Смаргонскі Макаранка

“Адзін з самых яскравых слядоў у маім жыцці пакінуў Аляксандр Дзяруга. Ён стаў для смаргонскіх дзяцей сапраўдным Макаранкам, - зазначае скульптар Уладзімір Церабун, былы ўдзельнік цымбальнага аркестра. - Сёння я ўспамінаю гэтага чалавека як вялікага педагога-музыку, духоўнага настаўніка моладзі. Аляксандр Анісімавіч пакінуў кожнаму вучню своеасаблівую спадчыну – уменне радавацца жыццю, любіць прыроду, несці дабрыню і карысць людзям.

моладзь смаргоні 1972г..jpg

С4.jpg

Дзяруга быў ініцыятарам многіх цікавых раённых мерапрыемстваў. Адно з іх – свята песні і працы (няблага было б і сёння адрадзіць гэту імпрэзу), якое штогод ладзілася на беразе Віліі, дзе ўшаноўвалі вяскоўцаў, выступалі творчыя калектывы. Мноства людзей ішлі пехатой амаль чатыры кіламетры, каб пабыць ва ўрачыстай атмасферы. Самым яскравым момантам свята было выступленне зводнага хору, якім дырыжыраваў Аляксандр Дзяруга. Часам хор мог дасягаць тысячы чалавек! Неверагодная энергетыка! Неверагодная еднасць людзей!”.

Кожны год Дзяруга аб’язджаў вуліцы Смаргоні, прыглядаўся, хто і як вырошчвае кветкі, запісваў адрасы. Пазней, калі кветкі набіралі сваю прыгажосць, аб’язджаў зноў. Знаёміўся з гаспадыняй, фатаграфаваў яе сярод кветак, запісваў прозвішча. Потым рыхтаваў спісы канкурсантаў, якія перадаваў у райвыканкам. У вызначаны дзень і час удзельнікаў конкурсу запрашалі на свята, на якім былі арганізаваны выставы з кветак і фотаздымкаў гаспадынь. Пад гукі духавога аркестра лепшыя кветкаводы раёна атрымлівалі ўзнагароды – граматы і канверты з невялікімі грашыма.

ер 4.jpg

еремеева.jpg

Р_6.jpg

А яшчэ Дзяруга быў сапраўдным смаргонскім фоталетапісцам. Усе гарадскія святы, спартыўныя спаборніцтвы, моманты паўсядзённага жыцця Смаргоні траплялі ў аб’ектыў фотаапарата, які Аляксандр Анісімавіч літаральна не выпускаў з рук. Кожная смаргонская сям’я на той час мела ў сваім архіве фотаздымкі (часцей жывыя, не пастановачныя), зробленыя Аляксандрам Дзяругам. У многіх і дагэтуль захаваліся цэлыя альбомы фотаздымкаў.

“Аляксандр Анісімавіч быў чалавекам для ўсяго горада, - лічыць Уладзімір Шоць, яшчэ адзін выхаванец Дзяругі, удзельнік аркестра. - Грамадскай асобай. Ён нібыта ўзвышаўся над усім матэрыяльным. Ствараў для маладога пакалення Смаргоні высокадухоўную атмасферу, бо выдатна разумеў: нічога з таго, што адбываецца ў маладосці, не праходзіць бясследна”.

Аляксандр Дзяруга – ганаровы грамадзянін Смаргоні. Яго імя занатавана ў назве вуліцы Смаргоні. 

дерюго.jpg

дерюго 3.jpg

дерюго 2.jpg

На былым Доме піянераў размешчана мемарыяльная дошка, памятная – на адным з дамоў вуліцы Дзяругі. У музеі захоўваецца бюст вядомага смаргонца. Летась выйшла кніга “Дзяруга” – вынік праекта “Памяці Маэстра” (да 40 гадавіны са дня смерці музыкі, педагога, фатографа) газеты “Светлы шлях”, дзе сабраны пад адну вокладку 21 гісторыя, звязаная з асобай вядомага смаргонцам. Памяць пра выбітнага земляка жыве.

IMG_9610.JPG

Галіна АНТОНАВА.