Каваль куе, а жалеза пяе: нарыс пра Анатоля Вяршковіча

 

Каваль куе, а жалеза пяе: нарыс пра Анатоля Вяршковіча

Общество
19.08.2021
1701

IMG_8958.jpg

Горн, распалены да патрэбнай тэмпературы. Агеньчыкі полымя літаральна заварожваюць сваімі бірузова-лілейнымі фарбамі, якія быццам пераліваюцца, – так і хочацца гэта сугучча колераў перанесці на палатно. Праўда, волат-каваль наўрад звяртае ўвагу на гэту прыгажосць. Яго погляд накіраваны на шчыпцы, у палоне якіх – металічная нарыхтоўка. Пакуль гэта яшчэ кусок металу, які неўзабаве можа ператварыцца ў сапраўдны шэдэўр…

Рыцары і Цудоўныя Дамы

IMG_8923.jpg

IMG_8924.jpg

IMG_8952.jpg

Цікавасць да кавальскай справы ў Анатоля Вяршковіча ўзнікла яшчэ ў 17-гадовым узросце, калі ён вучыўся ў Мар’інагорскім сельскагаспарчым тэхнікуме на тэхніка-механіка. Там былі заняткі па кавальскай справе. “Помню, выкаваў імітацыю мяча, - успамінае Анатоль Іванавіч. – А як заняткі скончыліся, мы з аднакурснікам прадаўжалі ў кузню хадзіць. Малатабойцамі былі. Такая вось у юнацтве цікавасць зарадзілася і магчымасць дадатковы да стыпендыі рубель мець. У асноўным мы кавалі мэблю – крэселкі, лаўкі”.

IMG_8968.jpg

Пасля тэхнікума кавальскай справай шмат гадоў Анатоль не займаўся.  Успомніў пра яе недзе ў сярэдзіне 2000-х. Гісторыя Сярэднявечча вярнула цікавасць да молата і кавадлы. “Захапіўся каваннем, калі захацеў зрабіць сабе  поўны камплект рыцарскага ахоўнага рыштунку. У свежых даспехах паехаў на свой першы рыцарскі фестываль, дзе пазнаёміўся з кіраўніком сталічнага гістарычнага клуба “Княжы Гуф” Фёдарам Міхеевым. Ён падштурхнуў мяне да стварэння рыцарскага клуба ў Смаргоні. Неўзабаве на базе цэнтра творчасці дзяцей і моладзі з’явілася “Смаргонская харугва”, якая праіснавала восем гадоў”.  

IMG_9017.jpg

IMG_9096.jpg

Яго ўдзельнікі – рамантыкі і аматары гісторыі – займаліся вывучэннем і рэканструкцыяй рыцарскіх даспехаў і касцюмаў часоў Сярэднявечча і Адраджэння, а таксама ездзілі на турніры і фестывалі. “Мы багацеі былі – мелі шэсць поўных камплектаў рыцарскага рыштавання”, - робіць важны акцэнт Анатоль.

У клубе былі не толькі хлопцы, але і дзяўчаты. Дзве. Адна з іх – дачка кіраўніка клуба Анастасія. Без Цудоўных Дам ні адзін рыцарскі турнір не абыходзіўся.  “Мая дачка таксама моцна зацікавілася  Сярэднявеччам, я ёй сам, памятаю, сукенку пашыў, яна танцы сярэднявечныя развучыла… - усміхацца суразмоўца. – Жонку “ўцягнуць” у рыцарства не атрымалася. Але Ірына мяне ўвесь час падтрымлівала – і я ёй за гэта вельмі ўдзячны”.

IMG_8911.jpg

Пра захапленне Анатоля Іванавіча ведаюць і на рабоце. Таму нядзіўна, што ў 2010, да 600-годдзя Грунвальдскай бітвы, каля аўтазаправачнай станцыі №42 (паблізу Еўраопта), дзе Анатоль Вяршковіч працуе аператарам, была ўстаноўлена фігура рыцара. Яго мой суразмоўца  выразаў з сілікатнага блока. Рыцар і дагэтуль стаіць – як візітоўка, як апазнавальны знак АЗС.

IMG_9120.jpg

“Смаргонскай харугвы” няма, а цікавасць да мінулага ў Анатоля Вяршковіча засталася. Гасцям, якія бываюць у яго на лецішчы, гаспадар прапаноўвае пастраляць з лука, пакідаць сякеры, патрымаць у руках меч, прымераць рыцарскі шлем, памацаць кальчугу… 

IMG_9006.jpg

Лецішча Вяршковічаў нагадвае музей, дзе захоўваецца шмат цікавых гістарычных экспанатаў, сярод якіх кніга “Апостал”, час выдання якой пакуль не ўстаноўлены, але бачна, што ёй – некалькі стагоддзяў. Пачынаеш гартаць рэліквію – і адразу пагружаешся ў старажытнасць.

IMG_9132.jpg

Анатоль Іванавіч апошнім часам зацікавіўся яшчэ і гісторыяй Першай сусветнай вайны. У касцюме салдата германскай арміі ўдзельнічае ў ваенна-гістарычнай рэканструкцыі падзей стагадовай даўніны. 

IMG_8999.jpg

Каваль куе, а жалеза пяе

Лецішча Вяршковічаў можна яшчэ назваць і музеем кавальскай справы, якой цяпер Анатоль Іванавіч прысвячае практычна ўвесь вольны час. Пра яе мужчына можа таксама распавядаць гадзінамі.

“Калі пачалася пандэмія і адмяняліся рыцарскія фестывалі, я знайшоў сябе ў кузні. Работа каваля – цяжкая, карпатлівая, але захоплівае неймаверна”, - прызнаецца майстар.

IMG_9098.jpg

IMG_9065.jpg

IMG_9050.jpg

IMG_9037.jpg

Акрамя невялікай майстэрні ўвагу наведвальніка прыцягваюць каваныя рэчы: жырандоль, мэбля, навесы, карнізы, вароты, жыкавіны (фігурныя петлі на дзвярах, якія раней называліся жукавінамі, таму што ў іх дэкоры можна было лёгка разглядзець вусы жука), алебарды, сувеніры… 

IMG_9019.jpg

IMG_9022.jpg

IMG_9026.jpg

IMG_9030.jpg

“Каб жонку завабіць у агарод, я ёй сланечнікі выкаваў, - праводзіць для нас экскурсію Анатоль Іванавіч. - А на такім мангале шашлыкі атрымліваюцца самыя смачныя”. Наконт смаку шашлыкоў не сумняваюся. Мой позірк спыняецца на дэталях “шашлычнай” – углядаюся ў кожную яе дэталь: дах, “сцены”, мангал, зроблены ў выглядзе куфра. Неймавернае майстэрства творцы. Дарэчы, калі мы ехалі да майстра, то яго лецішча з дарогі пазналі па флюгеры на лазні.

IMG_9028.jpg

IMG_9033.jpg

Увогуле, кожную рэч, кожны аб’ект на лецішчы (нават цяпліцу, прыбіральню ці сховішча для дроў) можна разглядаць як цікавы арт-аб’ект. Без сумніву, гэта “вотчына” сапраўдных эстэтаў.

Я яшчэ не згадала  пра сувенірныя манеты, якія з нядаўняга часу “выпускае” Анатоль Вяршковіч. Яны прысвечаны вядомым старонкам гісторыі Смаргоншчыны. На манетах адлюстраваліся Мядзведжая акадэмія, Міхал Клеафас Агінскі, сядзіба-музей  Агінскага, вобразы салдатаў першай Сусветнай вайны, Кальвінскі збор (архаічны варыянт), касцёл Святога Міхала Арханёла (сучасны выгляд).

IMG_8986.jpg

IMG_8988.jpg

…Майстэрства каваля заўсёды лічылася магічным дзякуючы яго ўладзе над агнём і металам. Старажытнагрэчаскі Гефест быў кавалём, які вырабляў маланкі для самога Зеўса. У старажытных славян маланкі каваў бог-грамавік Пярун, а гром у час навальніцы – гэта гукі, які атрымліваюцца ў выніку стуку молата па кавадлу.

У беларускім народным календары нават было свята кавалёў. Яго адзначалі 14 лістапада. Такім чынам народ выказаў падзяку людзям, якія займаліся коўкай металу. Даўней навучанне кавальскаму рамяству працягвалася ад 3 да 7 гадоў. Пасля гэтага вучні станавіліся чаляднікамі або падмайстрамі. Для атрымання статуса майстра неабходна было выкаваць пэўны выраб (“зрабіць штуку”).

На Беларусі кавальства вядома з жалезнага веку. Пашырылася яно ў ХІ - ХІІІ стагоддзях. З жалеза рабілі рэчы гаспадарчага прызначэння. Тады кавальствам звычайна займаліся гарадскія рамеснікі. У ХVІ стагоддзі ўзніклі першыя кавальскія цэхі. Пераважная большасць гарадскіх майстроў працавала ў сферы манументальнага будаўніцтва (выраблялі агароджы, балконы, лесвічныя парэнчы, алтарныя перагародкі, крыжы, флюгеры).

У ХІХ стагоддзі з развіццём прамысловасці кавальства ў гарадах заняпала. Перабралася ў вёску. Там каваль задавальняў гаспадарчыя патрэбы насельніцтва. Для яго работ будавалі асобнае памяшканне - кузню, у якой былі горн і неабходныя кавальскія інструменты. 

IMG_9135.jpg

IMG_9142.jpg

З глыбокай павагай адносіліся да каваля людзі, лічылі яго волатам, у якога рукі ў золаце. Гледзячы на вырабы, якія па-майстэрску стварае Анатоль Вяршковіч, разумееш, што народ не памыляўся, калі гаварыў пра залатыя рукі каваля.

Галіна АНТОНАВА.

Фота аўтара.

Статьи по теме: