Юбіляры-творцы: Уладзімір Васільевіч Церабун

Общество
07.04.2016
“Цаніць кожны міг жыцця ” – такім дэвізам кіруецца Уладзімір Васільевіч Церабун, ганаровы грамадзянін горада Смаргоні, лаўрэат прэміі Ленінскага камсамола Беларусі, вядомы беларускі мастак, скульптар, графік, член Беларускага саюза мастакоў, заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь, выпускнік СШ №1 г. Смаргоні, гонар  нашай школы, які адзначае свой юбілей.
Церабун.jpgДыяпазон творчых набыткаў і грамадскіх ініцыятыў Уладзіміра Васільевіча настолькі шырокі, што калі б мы пачалі аналізаваць, што і як зрабіў і яшчэ збіраецца зрабіць ён у сваім жыцці, то, напэўна, атрымалася б цэлая кніга. А калі б размясціць на паліцах музея работы заслужанага мастака, то атрымаўся б вялікі аўтарскі музей Уладзіміра Церабуна. Нездарма ў яго роднай школе кіраўніцтва, прыступіўшы да рэканструкцыі музейнага пакоя “Наш гонар”, задумалася і аб такім варыянце. Але ўжо на відным месцы ў школе размешчаны партрэт з творчым допісам заслуг Уладзіміра Васільевіча, яго творчыя набыткі, што і з’яўляецца пачаткам музея школы.

Смаргонцы ўдзячны знакамітаму мастаку за памятныя знакі “500 год гораду Смаргоні” і “Рэха вайны”, помнік воінам-інтэрнацыяналістам Смаргоншчыны, якія загінулі пры выкананні воінскага абавязку, скульптурную кампазіцыю “Мядзведжая акадэмія”. Больш за 8 гадоў, пачынаючы з 2006 года, працаваў Уладзімір Васільевіч у аўтарскім калектыве па запрашэнні скульптара А. Арцімовіча над праектаваннем і будаўніцтвам мемарыяльнага комплексу па лініі супрацьстаяння ў Першую сусветную вайну 1915-1917 гадоў у горадзе Смаргоні. 1 жніўня 2014 года там прайшоў мітынг-рэквіем. Работы па будаўніцтву прадаўжаюцца. Наш горад упрыгожваюць каменныя малыя скульптурныя формы – вынік пленэру, у арганізацыі якога прымаў удзел і скульптар Церабун. Гэта далёка не ўвесь пералік яго твораў, размешчаных у нашым горадзе.

Цудоўнымі рысамі надзяліла прырода-маці і бацькі юбіляра: дабрыня, працавітасць, шчырасць, добрасумленнасць, адданасць любімай справе, любоў да Беларусі і малой радзімы, высокая ідэйнасць, актыўная грама-дзянская пазіцыя. Ён цудоўны сем’янін, бацька, музыкант-аматар і паэт. Усё гэта гарманічна зліваецца ў адной асобе – рэдкае спалучэнне! Яшчэ раз пераконваешся ў тым, што таленты нараджаюцца для таго, каб асвяціць лю-дзям шлях, зрабіць шчаслівымі тых, хто побач з імі.

Юбіляр упэўнена крочыць па жыцці ад бацькоўскага парога. Закончыўшы сярэднюю школу, ён стаў студэнтам Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута па спецыялізацыі майстэрні прафесара А. А. Бембеля і скульптара Г. І. Мурамцава. Адзначу, што закончыў Уладзімір Васільевіч інстытут на адзін год датэрмінова, прытым з адзнакай. Затым працаваў у Гродзенскіх мастацка-вытворчых майстэрнях, быў старшынёй абласной арганізацыі Саюза мастакоў, выкладчыкам Гродзенскага вучылішча мастацтваў, старшынёй Гродзенскага фонду свабоднага мастацтва, аўтарам шматлікіх артыкулаў у абласным друку, а таксама аўтарам і вядучым перадачы ”Палітра” на Гро-дзенскім тэлебачанні, удзельнікам гарадскіх, раённых, абласных і рэспубліканскіх персанальных выстаў, двойчы выбіраўся дэпутатам Гродзенскага гарадскога Савета народных дэпутатаў.

Працуе мастак пераважна ў станковай і манументальнай скульптуры і дробнай пластыцы, а з 1996 года – яшчэ ў пейзажным жывапісе. Праблемныя тэмы творчасці скульптара – вытанчаныя, кранаюць кожнага чалавека, садзейнічаюць яго сталенню, унутранай духоўнай гармоніі. Нездарма наша школа – адна з актыўных устаноў адукацыі па наведванні гарадскіх музейных выстаў, у тым ліку выстаў аўтарскіх ганаровага вучня У. В. Церабуна.

Да свайго юбілею Уладзімір Васільевіч выдаў альбом “На хвалях часу”. Калі яго пералістаць, то зразумееш сутнасць – мастак мае сваю грамадзянскую пазіцыю, што моцна ўзвышае яго, бо ён дапамагае фарміраваць асобу будучыні.

Здаецца, што да вышынь мастацтва юбіляра натхняюць музы: сям’я, дачка-дызайнер, музыка, любоў да жыцця. Таму вакол яго заўсёды прыгажосць, шырокі прастор і гармонія. Зазначу, што больш за ўсё ў рэпертуары скульптара і музыканта-аматара гучаць рамансы, якія кранаюць душу чалавека. Нездарма рамансы лічаць цудадзейным лякарствам, якое напаўняе і натхняе чалавека пазітывам. Як бачым, Уладзімір Васільевіч Церабун ідзе да людзей не толькі з матэрыяльнымі, але і з духоўнымі каштоўнасцямі; ён нясе мастацтва, аптымізм і духоўны ўзлёт. Яго творчасць дапамагае ўзнавіць памяць пра амаль што забытыя трагічныя старонкі гісторыі Беларусі сродкамі манументальнага мастацтва. Гэта сур’ёзны напамін сучаснікам і нашчадкам: той, хто не шануе памяць пра мінулае, не мае шчаслівай будучыні.

Шаноўны Уладзімір Васільевіч, прыміце самыя шчырыя і цёплыя віншаванні з юбілеем са сцен роднай школы ад кіраўніцтва, калектыву настаўнікаў, вучняў і работнікаў. Шчыра жадаем Вам моцнага здароўя, творчых ідэй, натхнення, шчасця і радасці ад жыцця. Няхай збываюцца ўсе мары, а жыццё прадаўжаецца, яно – цудоўнае!

Расціслаў ШЧАСНЫ, настаўнік гісторыі і грамадазнаўства СШ№1, кандыдат педагагічных навук, заслужаны настаўнік Рэспублікі Беларусь.

Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений